Галоўнае на гэты момант
- 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
- Расейскія войскі ўдарылі ракетамі па гандлёвым цэнтры ў Харкаве.
- Украіна афіцыйна папрасіла ў Ізраіля «Жалезны купал».
- Расейцы зьнішчылі другі па велічыні збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне, разьмешчаны ў Мікалаеве.
- РПЦ падпарадкавала сабе прыходы Ўкраінскай праваслаўнай царквы ў Крыме. Япіскапы УПЦ у Крыме зьвярнуліся з просьбай прыняць іх у патрыярхат пасьля таго, як УПЦ заявіла аб незалежнасьці ад РПЦ.
- Украіна заявіла пра 10 адбітых расейскіх атак на Данбасе.
- Расея перадала Ўкраіне 160 целаў загінулых абаронцаў Марыюпалю. Іх абмянялі на целы забітых расейскіх салдат.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што рызыкі паўторнага ўварваньня расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі мінімальныя.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў фронт на Данбасе.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 8 чэрвеня
Ва Ўкраіну вярнуліся амаль 4,5 мільёна грамадзян, якія праз вайну выехалі з краіны
Амаль 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
«Найбольшыя істотныя паказчыкі колькасьці тых, хто вяртаецца, зафіксаваныя на поўначы Ўкраіны і ў Кіеве. У той жа час у сельскую мясцовасьць вярнуліся толькі 1% апытаных», — паведаміла Міжнародная арганізацыя міграцыі.
З 24 лютага з Украіны ў пошуках бясьпекі выехаў 6 983 041 грамадзянін.
Расейскія войскі ўдарылі ракетамі па гандлёвым цэнтры ў Харкаве
За мінулыя суткі ў Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлаў расейскіх войскаў загінулі 5 мірных жыхароў, 12 атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
«Расейцы працягвалі абстрэлы Харкава і вобласьці з артылерыі і РСЗВ. Дзень і ноч акупанты абстрэльвалі Шаўчэнкаўскі і Прамысловы раёны Харкава, пашкодзілі жылыя дамы, адміністрацыйныя і прыватныя домаўладаньні, супэрмаркет і іншыя нежылыя памяшканьні. Усяго за суткі ў Харкаве адзін чалавек загінуў і шэсьць атрымалі раненьні», — напісаў Сінягубаў.
Украіна афіцыйна папрасіла ў Ізраіля «Жалезны купал»
Амбасадар Украіны ў Ізраілі Яўген Карняйчук зьвярнуўся да ўраду Ізраіля з просьбай прадаць Украіне сыстэму супрацьракетнай абароны «Жалезны купал», якая фінансавалася і абслугоўвалася ЗША. Паводле яго, ЗША ня будуць гэтаму пярэчыць. Пра гэта паведамляе Associated Press са спасылкай на прэс-канфэрэнцыю пасла Ўкраіны ў Тэль-Авіве.
Гэтая сыстэма прызначаная для перахопу і зьнішчэньня ракет малой далёкасьці, якія могуць пагражаць населеным пунктам. У 2015 годзе сыстэма змагла зьнішчыць манэўраныя БПЛА. «Жалезны купал» таксама можа паражаць самалёты на вышыні да 10 км.
Вядома, што ЗША аказваюць фінансавую падтрымку ізраільскаму праекту «Жалезны купал», які гарантуе бясьпеку краіны ад нападаў баевікоў. За апошнія амаль 10 гадоў амэрыканцы выдзелілі на яго вытворчасьць і абслугоўваньне каля 1,6 млрд даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Збожжа ў абмен на зброю. Ва Ўкраіне расказалі аб умовах паставак хлеба на замежны рынакРасейцы абстралялі Сумскую вобласьць
Пасьля ранішняга абстрэлу Сумскай вобласьці ў аўторак, 7 чэрвеня, расейскія войскі яшчэ тройчы адкрывалі агонь з артылерыі і мінамётаў. Па словах начальніка Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітрыя Жывіцкага, усе абстрэлы вяліся з тэрыторыі Расеі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых пры апошніх абстрэлах няма, як няма і істотных разбурэньняў.
7 чэрвеня расейскія акупанты абстралялі з «Ураганаў» Крывароскі раён Днепрапятроўскай вобласьці. Пацярпеў адзін чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнобылі ўпершыню пасьля пачатку вайны ва Украіне запрацавалі радыяцыйныя дэтэктарыВа Ўкраіне працягваюць шукаць і арыштоўваць беларускую і расейскую маёмасьць
Офіс Генэральнай пракуратуры Ўкраіны паведаміў пра арышт яшчэ адной партыі беларускіх і расейскіх чыгуначных вагонаў разам з мэталам і ўгнаеньнямі, якія выкарыстоўваліся з парушэньнем мытнага заканадаўства Ўкраіны. У прыватнасьці, 420 вагонаў коштам больш як 500 мільёнаў грыўняў (14 мільёнаў даляраў у эквіваленце) і прадукцыяй коштам 130 мільёнаў грыўняў (каля 4 мільёнаў даляраў) перададзеныя ў кіраваньне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).
Канфіскацыя адбудзецца на падставе судовага рашэньня па выніках разгляду крымінальнай справы паводле факту наўмыснага ўхіленьня ад аплаты падаткаў у асабліва вялікіх памерах (ч. 3 арт. 212 КК Украіны).
Што адбываецца ў Расеі
Пуцін падпісаў указ аб выплаце пяці мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі.
Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».
Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі ў абвінавачаных у распаўсюдзе «ілжывай інфармацыі» аб вайне пачалі арыштоўваць маёмасьцьУдзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапавец сказаў: «Я б гэтых бандэраўцаў усіх перадушыў, а ты поскудзь». Як беларусаў рэпрэсуюць за салідарнасьць з УкраінайУ Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.
«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.
Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны
«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па 15 чалавек у дзень. Як вайна ва Ўкраіне паўплывала на колькасьць «палітычных» затрыманьняў у БеларусіЛукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае
Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.
Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»
У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.
Як рэагуе сьвет
Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў
Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, павялічыўшы агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы больш як да 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.
Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.
Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну
Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.
У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны
Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, што спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.