У ліпені ў Вільні пачынаюцца заняткі беларускай мовы для дзяцей ва ўзросьце 5–11 гадоў. Цяпер ідзе рэгістрацыя ўсіх ахвочых, заняткі будуць праводзіцца бясплатна. На цяперашні момант на курсы зарэгістраваліся 19 бацькоў, у некаторых па некалькі дзяцей.
Заняткі будуць праходзіць два разы на тыдзень, працягласьць — крыху больш за гадзіну.
Арганізатары курсаў — беларусы Глеб Сандрас і Дар’я Роскач. Выкладаць будзе Дар’я, па адукацыі яна пэдагог. Таксама над заняткамі будзе працаваць мэтадыст. Дар’я кажа, што на занятках будуць выкарыстоўвацца ўласныя мэтадычныя матэрыялы, гульні, актыўныя прыёмы навучаньня.
«Зразумела, што ўзровень валоданьня мовай розны, таму мы будзем пад іх падстройвацца, падбіраць адпаведныя спосабы, — кажа Дар’я Роскач.
«На заняткі будзем запрашаць гасьцей»
Папярэдне плянуюць, што ў групах будзе па 10 чалавек.
«Некаторыя заняткі будуць з гасьцямі-адмыслоўцамі, якія змогуць расказаць цікавыя рэчы пра беларускую культуру», — кажуць арганізатары.
Цяпер яны раяцца з бацькамі, у які час найлепш праводзіць курсы.
«Частка дзяцей цяпер наагул страчваюць мову, бо ў школе няма заняткаў беларускай мовы. А бацькі ня ўсе гавораць зь дзецьмі па-беларуску, а калі нават і размаўляюць, то ім усё адно трэба больш практыкі. Важна ня страціць гэтае пакаленьне, якое пачынае гадавацца за мяжой на іншай мове», — кажа Дар’я.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядоўца ютуб-канала «Жизнь-малина» за два тыдні свабодна загаварыў па-беларуску. Расказваем, як яму гэта ўдалося«Асноўная ідэя — каб дзеці не забываліся беларускую мову»
Праект курсаў арганізатары называюць «пілётным».
«Варта паглядзець, як будзе атрымлівацца. Калі ўсё будзе добра — будзем пашыраць колькасьць групаў. Гэта ініцыятыва, каб пашыраць беларускую мову сярод дзяцей, сярод бацькоў. Наша асноўная ідэя — каб дзеці не забываліся беларускую мову», — кажуць арганізатары.
Заняткі будуць адбывацца ў Цэнтры беларускай супольнасьці (Беларускі дом) па адрасе Віленская, 20 (Vilniaus). Запісацца на курсы можна па спасылцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе вучыцца школьніку за мяжой, каб не губляць сувязі зь Беларусьсю. Сабралі некалькі магчымасьцяў