Ва Ўкраіне больш за палову грамадзян уключыліся ў валянтэрства для дапамогі войску і перасяленцам — вынікі апытаньня

Валянтэрскі пункт у Кіраваградзкай вобласьці

Ва Ўкраіне большая частка грамадзян ва ўзросьце ад 18 да 60+ гадоў залучаная ў валянтэрскія рухі, якія дапамагаюць украінскай арміі і перасяленцам з тэрыторый, дзе адбываюцца актыўныя баявыя дзеяньні.

Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня, найбольш — 70,4% — у гэтыя працэсы залучаная моладзь ва ўзросьце ад 18 да 29 гадоў. Валянтэрская актыўнасьць зьніжаецца з павелічэньнем узросту: 60,4% — ва ўзросьце ад 30 да 39 гадоў, 63,4% — ад 40 да 49 гадоў, 57,2% — ад 50 да 59 гадоў і 39,2% — ва ўзросьце 60+ гадоў.

Вялікая колькасьць грамадзян таксама заявіла, што не плянуе зьяжджаць з краіны, сярод такіх найбольш (77,0%) сем’яў, якія маюць па два дзіцяці. Сярод тых, хто ня мае дзяцей, 56,3% апытаных не плянуюць зьяжджаць з Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы былі вачыма мірных жыхароў Марыюпалю». Інтэрвію з фатографамі Associated Press

Вялікай застаецца і колькасьць грамадзян, якія з надзеяй думаюць аб сваёй будучыні і будучыні Ўкраіны — адпаведна 50,9% і 61,1% рэспандэнтаў. Адначасова амаль такая ж колькасьць грамадзян адчувае трывогу за сваю будучыню і будучыню Ўкраіны — адпаведна 50,1% і 46,5%. Апытаныя маглі выбраць некалькі адказаў на пытаньне аб адчуваньнях пры роздуме аб сваёй будучыні і будучыні Ўкраіны.

Безнадзейнасьць у сваёй будучыні адчуваюць толькі 5,8% рэспандэнтаў, а ў будучыні Ўкраіны — 2,7%.

Сацыялягічнае апытаньне аб самаадчуваньні ўкраінцаў у часе вайны правёў фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» супольна з Цэнтрам палітычнай сацыялёгіі. У апытаньні, праведзеным мэтадам face-to-face з 7 да 15 траўня, узялі ўдзел 1000 рэспандэнтаў, якія прадстаўляюць дарослае насельніцтва заходніх і цэнтральных рэгіёнаў Украіны. Максымальная памылка выбаркі не перавышае 3,1%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія валянтэры дапамаглі кату з Бучы, скрадзенаму расейскімі салдатамі, вярнуцца да гаспадароў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад эмоцый і гісторый людзей можна было звар’яцець». Беларуска дапамагла дзьвюм тысячам украінскіх уцекачоў