Адным з альтэрнатыўных варыянтаў рашэньня праблемы Шольц бачыць перавалку ўкраінскага збожжа праз парты краін Балтыі. Па ягоных словах, такі маршрут можна было б арганізаваць, паведамляе LRT.
«Гэты транспарт ніякім чынам не павінен стаць для нас перадумовай для зьняцьця санкцыяў з Лукашэнкі. Гэта цяжкая і вялікая задача. Мы пастараемся знайсьці агульнае рашэньне зь іншымі дзяржавамі і ААН», – сказаў Шольц на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.
Канцлер ФРГ падкрэсьліў, што арганізацыя экспарту ўкраінскага збожжа важная для ўсяго сьвету. Адказнасьць за стварэньне пагрозы харчовага крызісу ён усклаў на Расею. Пры гэтым Шольц адзначыў, што калі будзе дасягнута нейкае пагадненьне, яно не павінна пакідаць Расеі магчымасьці злоўжываць збожжавымі калідорамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Украіна не гатовая разглядаць экспарт збожжа празь БеларусьГітанас Наўседа паўтарыў, што арганізацыя збожжавага транзыту празь Беларусь запатрабуе і аднаўленьня чыгуначнай інфраструктуры, аднак няма гарантый, што тая пазьней ня будзе выкарыстоўвацца для наступу Расеі на Ўкраіну. «Ці ня здарыцца так, што на нейкім этапе вайны баявая тэхніка зноў рушыць у зваротным кірунку?» — спытаўся прэзыдэнт Літвы.
- Украіна ня можа вывезьці на экспарт каля 20 млн тон збожжа, бо распачатая Расеяй вайна не дазваляе перавезьці яго караблямі па звычайных маршрутах — праз парты краіны на Чорным моры і раку Дунай праз Румынію. Украіна зьвярнулася да Эўразьвязу з просьбай аб дапамозе.
- Лукашэнка прапанаваў ААН у абмен на транзыт украінскага збожжа праз тэрыторыю Беларусі адкрыць марскія парты балтыйскіх краін для перавозкі беларускай прадукцыі.