Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль у абмен на ўкраінскае збожжа. Стала вядома, чаго хоча Лукашэнка за транзыт з Украіны празь Беларусь


Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш

Лукашэнка прапанаваў ААН у абмен на транзыт украінскага збожжа праз тэрыторыю Беларусі адкрыць марскія парты балтыйскіх краін для перавозкі беларускай прадукцыі.

Праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў пра зьмест тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам.

У прыватнасьці, Лукашэнка прапанаваў генсакратару ААН у абмен на транзыт украінскага збожжа праз тэрыторыю Беларусі адкрыць марскія парты Нямеччыны, Польшчы і балтыйскіх краін для перавозкі беларускай прадукцыі.

Для гэтага Лукашэнка прапанаваў правесьці перамовы з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і балтыйскіх краін.

Згодна з паведамленьнем «Пула первого», генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш «папрасіў невялікую паўзу ў некалькі дзён, каб абмеркаваць гэта зь кіраўніцтвам зацікаўленых краін і вызначыць умовы пастаўкі на міжнародныя рынкі ўкраінскага збожжа праз Рэспубліку Беларусь».

На афіцыйных інфармацыйных рэсурсаў ААН і генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша пакуль аб такой размове з Лукашэнкам нічога не паведамляецца.

Напярэдадні прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што заклікі прадстаўнікоў бізнэсу перавозіць украінскае збожжа празь Беларусь зьяўляюцца несумяшчальнымі з санкцыйнай палітыкай Эўразьвязу ў дачыненьні да Менску.

«Мы ўхвалілі вельмі ясныя санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму і павінны іх выконваць. Ня бачу ніводнай прычыны, зь якой беларускі рэжым мусіць ацэньвацца больш пазытыўна. Нават наадварот — пасьля ацэнкі іхных паводзінаў апошнім часам, я думаю, што мы павінны захаваць прынцыповую пазыцыю і ня можа быць ніякіх размоваў аб зьмякчэньні санкцый супраць Беларусі. Гэта дзяржава, якая заадно з Расеяй», — сказаў Гітанас Наўседа.

17 траўня стала вядома, што генсакратар ААН Антонію Гутэрыш прапанаваў зьмякчыць абмежаваньні на экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і Расеі ў абмен на магчымасьць разблякаваць пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусьветны рынак.

У сярэдзіне траўня Турэччына заявіла пра пачатак перамоваў з Расеяй і Ўкраінай аб транзыце ўкраінскага збожжа праз турэцкія марскія парты. Турэччына прапанавала Расеі адкрыць два гуманітарныя марскія калідоры ў Чорным і Азоўскім марах. Але пакуль аб выніках гэтых перамоваў невядома.

21 траўня ЗША паведамілі, што разглядаюць магчымасьць прыпыненьня санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў у абмен на транзыт украінскага збожжа ў Клайпеду. Гэтую ініцыятыву падтрымалі і шэраг бізнэс-асацыяцый, якія займаюцца пастаўкамі збожжа.

2 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская накіравала лісты генсакратару ААН, прэзыдэнту ЗША і старшыні Рады Эўропы адносна ініцыятывы па зьняцьці санкцый у абмен на згоду Лукашэнкі дазволіць транзыт збожжа празь Беларусь. Паводле Ціханоўскай, прапанова ААН ня вырашыць праблемы з харчовым крызісам, але адцягне ўвагу ад сапраўднай прычыны магчымага дэфіцыту — вайны Расеі супраць Украіны — і толькі надасьць упэўненасьці Пуціну і Лукашэнку, каб «працягваць беззаконныя і амаральныя паводзіны супраць Украіны, Беларусі і іншых краін рэгіёну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG