У пачатку чэрвеня стала вядома, што расейскі публіцыст Аляксандар Няўзораў і ягоная жонка Лідзія зьвярнуліся па грамадзянства Ўкраіны.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў 6 чэрвеня заявіў, што Няўзораў украінскага грамадзянства яшчэ ня мае: журналіст, паводле ягоных дадзеных, толькі зьвярнуўся, каб яго атрымаць, і пакуль не прайшоў усіх неабходных працэдур, у прыватнасьці не пазбавіўся папярэдняга грамадзянства, расейскага.
У Расеі на Няўзорава за яго антываенныя выказваньні завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб «фэйках пра расейскае войска» — за тое, што ён апублікаваў інфармацыю пра расейскі авіяўдар па радзільні ў Марыюпалі. Шостага траўня Басманны суд Масквы завочна арыштаваў журналіста, які цяпер знаходзіцца па-за Расеяй. Міністэрства юстыцыі РФ таксама ўнесла Няўзорава, які выступае за вяртаньне Крыма Ўкраіне і поўнае вызваленьне Данбасу, у сьпіс СМІ-«инагентов» і заблякаваў ягоны сайт (хоць яшчэ 10 гадоў таму, на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году, журналіст быў даверанай асобай Уладзіміра Пуціна).
У інтэрвію «Настоящему времени» Няўзораў расказаў, што ён «наогул не патрыёт» Расеі і «цяпер гатовы з усіх сіл дапамагаць Украіне», хаця, паводле яго, гэта «ніяк не зьвязана з пашпартам». Фізычна пашпарта Ўкраіны ў яго на руках пакуль няма, але думку, што ён нібыта яго атрымаў для свабоднага перамяшчэньня па Эўропе, ён назваў «бязглузьдзіцай». «Ніякай практычнай выгады я ад яго (пашпарта) ня маю», — запэўніў Няўзораў і назваў Пуціна «фэнамэнальна тупым хлопцам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве завочна арыштаваў Аляксандра Няўзорава— У адным з інтэрвію вы сказалі, што выдача Зяленскім вам пашпарта — гэта «выдатны і дакладны разьлік, патрэбен быў максымальны рэзананс». А ў чым гэты разьлік?
— Разьлік Зяленскага, перш за ўсё, палягае ў тым, каб паказаць, наколькі Ўкраіна зацікаўленая ў знакавых расейскіх людзях, у так званых лідэрах думак. І што для іх заўсёды ва Ўкраіне знойдзецца месьцейка як у краіне, дзе ёсьць свабода слова, дзе ў добрай, сапраўднай цане сапраўдныя і інтэлект, і прафэсіяналізм, і ўсё астатняе, што павінна быць у камплекце з журналісцкай дзейнасьцю і журналісцкім званьнем.
— Наданьне вам украінскага грамадзянства выклікала ў грамадзтве Расеі і Ўкраіны неадназначную рэакцыю. Давайце падзелім пытаньне на дзьве часткі — асобна пра расейскую рэакцыю і асобна пра ўкраінскую. Так званыя ўра-патрыёты ў Расеі даўно вас запісалі ў здраднікі, і ў гэтым выпадку яны толькі пераканаліся ў тым. Вось вы патрыёт?
— Я наогул не патрыёт. Я зараз гатовы з усяе сілы дапамагаць Украіне, але гэта ніяк не зьвязана з пашпартам. Калі б мне не далі пашпарта, я рабіў бы тое ж самае, што я раблю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі Расеі абвясьціла журналістаў Венядзіктава і Няўзорава «замежнымі агентамі»— Вярнуся да ўкраінскага грамадзянства. Фізычна пашпарта ў вас яшчэ няма?
— Не, фізычна няма.
— Вы сказалі, што ваш выпадак можа падштурхнуць і іншых расейцаў узяць прыклад. Але ж усім ня ўхваляць украінскага грамадзянства. Нават цяпер ёсьць тыя, хто чакае яго вельмі доўга.
— Я думаю, што ўкраінскі пашпарт увогуле надзвычай ганаровы на гэты момант, я б сказаў, можа быць, нават галоўны пашпарт сьвету. Цяпер Украіна — гэта, пэўна, галоўная краіна ў сьвеце, якая вырашае лёс чалавецтва. Гэта вельмі дзіўна, патасна гучыць, але гэта менавіта так, ніяк інакш. Калі б яна аказалася крыху іншай, калі б яна аказалася крыху больш расслабленай, калі б яна не была такой магутнай і не такой, блін, у аснове сваёй ачмуральна гераічнай, то, павер мне, пуцінскія оркі маршыравалі б ужо, магчыма, у Італіі ці ў Гішпаніі.
Таму няхай даюць. Я ўвогуле за тое, каб усім далі такі пашпарт, абсалютна ўсім. За тое, каб, нарэшце, Украіна прыняла б гэтае рашэньне ня толькі ў дачыненьні да мяне, а ў дачыненьні да ўсіх. І я таксама буду рабіць усё для таго, каб для ўсіх, хто жадае атрымаць украінскі пашпарт, гэта стала б магчымым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякуючы вайне ва Ўкраіне рэжым зламае сабе шыю». Аляксандар Няўзораў пра вайну ва Ўкраіне, Пуціна і сваю крымінальную справу— У адным інтэрвію вы назвалі ўкраінскі пашпарт «зялёненькім», а ён сіні. У камэнтарах пад гэтымі інтэрвію многія людзі моцна раздражняюцца і гавораць, што сам пашпарт вам не патрэбен, што вы і бяз пашпарта маглі працаваць на гэтым інфармацыйным фронце і прыносіць карысьць Украіне.
— Я не чытаю ніколі нічога. Мяне папракаюць ледзьве ня ў тым, што ўкраінскі пашпарт мне спатрэбіўся для вольнага перасоўваньня па Эўропе. Але гэта ж лухта, у мяне ёсьць ПМЖ, якое дазваляе мне свабодна перамяшчацца. І ніякага практычнага рэзону, ніякай практычнай выгады я з гэтага (пашпарта) ня маю. А зялёненькі ён, сіненькі, сіні з жоўтым — вось атрымаю і сам тады буду дакладна ведаць, якога ён колеру.
— Цяпер хачу пагаварыць з вамі пра Расею, краіну, сувязь зь якой у вас усё яшчэ ёсьць. Куды ўсё дакоціцца?
— Гледзячы па кім арыентавацца. Тут Пуцін выступаў на Пецярбурскім эканамічным форуме зь пераможнай прамовай аб тым, што менавіта ў 2022 годзе Расея нарэшце набудзе канчатковы, непарушны вялікі эканамічны сувэрэнітэт. Які фэнамэнальна тупы хлопец гэты ваш Пуцін, магу я вам сказаць. І гэта шчырая тупасьць, бо так прыкідвацца немагчыма! Ён сапраўды верыць у тое, што дубіны, лапці, лучыны і шкуры будуць выключна айчыннай вытворчасьці. Гэта інфантылізм.
Зразумела, што лучыны для Расейскай Фэдэрацыі будуць шчыпаць у Паўночнай Карэі. Зразумела, што высокатэхналягічную вытворчасьць лапцей давядзецца даверыць, магчыма, Малайзіі. Таму я думаю, што нават па частцы лучыны і дубін сувэрэнітэту дамагчыся не атрымаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Няўзораў: «Беларусы вінаватыя, бо аддалі сябе ў кіраваньне абсалютнаму злу, „мордару“»Зразумела, што санкцыі — гэта вельмі цікавая зьява. І мы будзем мець магчымасьць паназіраць за тым, як яны працуюць. Зразумела, што гэта ня хуткая штука. Зразумела, што яны, што называецца, «не даганяюць» вайну, што яны ня ў стане зрабіць уплыў на хаду баявых дзеяньняў і што Пуцін апошнюю капейку вырве з глоткі беднага народу і адбярэ ў яго апошні ўнітаз, але вайну будзе працягваць. Яго дабрабыт народу нешта 20 гадоў не хваляваў.
Зразумела, што замест гэтых мільярдаў мітычных рублёў, якія марнуюцца на вайну, можна было правесьці каналізацыю ў масу расейскіх абласьцей. Можна было стварыць чалавечыя ўмовы для такіх дарагіх сэрцу Ўладзіміра Ўладзіміравіча мэдалістаў Другой сусьветнай вайны, якія яшчэ засталіся ў жывых. Шмат чаго можна было [зрабіць]: пракласьці дарогі, купіць сёлам аўтобусы.
Але Пуцін цалкам сумленна паказвае, што «мне абсалютна па барабане ваш дабрабыт, жабракі вы, не жабракі —мне ўсё роўна». І думаць, што скончыцца ўсё добра, –— не, ніхто нават і не дапускае такога варыянту, пра яго сур'ёзна гаварыць немагчыма. Роўна як немагчыма сурʼёзна гаварыць пра тое, што Расея захавае сваю дзяржаўнасьць у выніку гэтага дэбільнага, ганебнага і злачыннага дэмаршу, які зрабіў Пуцін з Украінай. То бок вось вам будучыня.
— Вы гаворыце пра эканамічны складнік вайны. А калі паглядзець на палітычны складнік… Вы кажаце, што «Расея не захавае дзяржаўнасьці», гэта маецца на ўвазе развал?
— Так, вядома. Я думаю, што тут ня трэба быць Сібілай або Касандрай, або Дэльфійскім аракулам. Я думаю, што мы памятаем, зь якой хуткасьцю ўсё развалілася ў 1991 годзе, хоць усё здавалася ўжо такім непарушным, ужо так усё гэта было патасна абстаўлена і так усё дэманстравалася з прысмакам нябачанай, непераможнай моцы, якую нішто ніколі не падточыць і не пераадолее. Гэтая моц тады была бутафорскай, яна бутафорская і цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Няўзораў — Ціханоўскай: «Неймаверная вытрымка беларусаў і ўменьне не сарвацца ў канфлікт уражваюць». ВІДЭА— Значыць, шкадаваньня, калі вы кажаце, што Расея распадзецца, гэта ў вас не выклікае?
— Я ня ведаю. Я бачу, напрыклад, тое, што ўяўлялася трагедыяй, болем, што выклікала такія сутаргі і падучкі ў сапраўдных патрыётаў Рымскай імпэрыі. Але калі яна распалася, мы атрымалі масу цудоўных камфортных дзяржаваў, якія нарэшце зажылі вялікім жыцьцём. Не жыцьцём бясконцай хады легіёнаў, заваёваў, зьмешваньня чужых кішак з гразьзю і спальваньня чужых гарадоў, а мы атрымалі цудоўную карціну сьвету.
Да таго ж як хімік я заўсёды ведаю, што, калі адбываецца распад тых ці іншых элемэнтаў, таго ці іншага рэчыва, заўжды абавязкова вылучаецца энэргія. А яна заўсёды ў той ці іншай ступені, але працуе стваральна, як гэта ні дзіўна гучыць. Таму што шмат у чым мы ж разумеем, што б мы ні казалі пра іянізуючую, напрыклад, радыяцыю, якая ўзьнікае ў выніку распаду, але менавіта дзякуючы ёй на Зямлі ў свой час змагло зарадзіцца жыцьцё — у тым выглядзе, у якім мы яго ведаем.
Таму я ўвогуле ня бачу нічога страшнага ні ў якіх развалах, ні ў якіх драмах, ні ў якіх геапалітычных трагедыях. Я наогул гавару пра ўсё без усялякага шкадаваньня. Я найперш аналітык і экспэрт-ацэншчык. І ўсе гэтыя страшныя сытуацыі, якія мы з вамі перажываем, я перш за ўсё выкарыстоўваю... нельга сказаць, што для ўласнай выгады, але для выгады свайго дасьледаваньня і сваёй працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Расея пачне паважаць беларусаў, то гэта ўжо будзе не Расея». Вялікае інтэрвію Няўзорава