Чэхія не плянуе выдаваць візы беларусам прынамсі да канца 2023 году

Яшчэ год таму над адміністрацыйнымі будынкамі ў Чэхіі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на знак салідарнасьці са змаганьнем беларусаў супраць рэжыму. На фота: Брно, 9 лютага 2021

Дзеяньне распараджэньня чэскага ўраду аб невыдаваньні віз і відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расеі прадугледжваецца да канца сакавіка 2023 году. Да пятніцы працягваецца працэдура ўнясеньня дадаткаў у гэтае ўрадавае распараджэньне.

Неўзабаве пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ўрад Чэхіі вырашыў спыніць выдачу віз грамадзянам Расеі, а потым і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў гуманітарнага характару. Прадстаўленая пастанова ўраду ўводзіць у дзеяньне нормы, што знаходзяцца ў папраўцы да закону «Lex Украіна», якую Палата дэпутатаў прыняла ў канцы траўня.

Заявы на атрыманьне віду на жыхарства ў Чэхіі, якія падаюцца ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы грамадзянамі Беларусі ці Расеі, паводле заканадаўства, ня будуць разглядацца, паведамляе міністэрства.

«Гэты крок закліканы абараніць замежнапалітычныя інтарэсы Чэхіі ў сувязі з узброеным канфліктам ва Ўкраіне, які быў выкліканы ўварваньнем Расейскай Фэдэрацыі і які падтрымлівае Рэспубліка Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні. Мэта пастановы — ціск на Расею і Беларусь, каб яны спынілі агрэсію, а таксама ўзмацненьне бясьпекі Чэскай Рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія актывісты ў Чэхіі правялі сустрэчу ў ВНУ, каб спыніць дыскрымінацыю студэнтаў зь Беларусі
  • Гэтая мера не накіраваная супраць тых, у каго ўжо ёсьць від на жыхарства, таму грамадзяне Беларусі і Расеі могуць працягваць зьвяртацца па працяг віду на жыхарства. «Іх магчымыя заявы аб падаўжэньні віду на жыхарства будуць падлягаць стандартнаму рэжыму разгляду, прадугледжанаму Законам аб пражываньні іншаземцаў у Чэскай Рэспубліцы», дадалі ў міністэрстве.
  • Акрамя таго, гэтае палажэньне не распаўсюджваецца на заяўкі на кароткатэрміновыя візы, калі заяўнік зьяўляецца членам сям'і грамадзяніна Чэхіі або грамадзяніна Эўрапейскага Зьвязу, якога ён/яна суправаджае або да якога накіроўваецца.
  • Гэта таксама ня тычыцца заяваў на атрыманьне візы, дазволу на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражываньне, калі знаходжаньне заяўніка адпавядае інтарэсам Чэскай Рэспублікі, і гэтае зацікаўленьне было пацьверджанае міністрам замежных спраў.
  • Акрамя таго, палажэньне не датычыцца заяў на атрыманьне доўгатэрміновага віду на жыхарства, калі заяўнік зьяўляецца членам сямʼі іншаземца зь відам на жыхарства ў Чэскай Рэспубліцы, а таксама хадайніцтваў аб пастаянным відзе на жыхарства для дзяцей іншаземцаў, якія пражываюць у Чэскай Рэспубліцы, калі прычынай падачы заявы зьяўляецца іх сумеснае пражываньне.

На сёньня, паводле інфармацыі Міністэрства статыстыкі ЧР, у Чэхіі легальна пражывае 8 тысяч грамадзян Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўзьнікне паміж Чэхіяй і Беларусьсю «жалезная заслона»? Тлумачыць Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Прагу на пачатку траўня сустракалася з чэскімі міністрамі і іншымі афіцыйнымі асобамі з мэтай зьмякчыць палажэньні рыхтаванага закону, якія датычаць грамадзянаў Беларусі. Аднак ня ўсе абяцаньні чэскіх палітыкаў былі выкананыя.

— Мы працягваем выступаць супраць татальнай візавай забароны. Але любыя перамовы — гэта працэс... Але ж я прашу заўсёды памятаць, што візавыя пытаньні — гэта частка вялікай праблемы, якую ўжо немагчыма вырашыць кропкавымі дзеяньнямі. Мы сутыкнуліся з двума дыктатарамі, якія разбураюць жыцьцё людзей ва ўсім рэгіёне, і ўплыў гэтага разбурэньня ўжо бачны па ўсёй Эўропе, – сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Свабодзе.

  • Беларусам таксама перасталі выдаваць візы ў Данію, Эстонію, Швэцыю, Фінляндыю.
  • Тым часам пасольства Славаччыны ў Менску 18 траўня аднавіла выдачу беларусам турыстычных шэнгенскіх віз тыпу С. Інфармацыя аб гэтым зьявілася на сайце прадстаўніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам часова перастануць выдаваць візы ў Данію, Эстонію, Швэцыю, Фінляндыю