Навошта ў Беларусь прыяжджаў патрыярх Кірыл? Два палітычныя матывы

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, ліпень 2017

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 4 чэрвеня для ўдзелу ў сьвяткаваньні 1030-годьдзя ўсталяваньня праваслаўя на беларускіх землях і падзеях у памяць прападобнай Эўфрасіньні Полацкай. Пра рэлігійныя аспэкты візыту разважаць ня буду. Але выглядае, што палітычныя матывы ў гэтай паездцы як мінімум прысутнічалі, калі не пераважалі.

Адзін відавочны: гэта рэакцыя, адказ на нядаўняе рашэньне Сабору Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, які абвясьціў аб поўнай незалежнасьці і самастойнасьці УПЦ. Пры гэтым Сабор выказаў нязгоду з пазыцыяй патрыярха Кірыла наконт вайны ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская праваслаўная царква вырашыла адмовіцца ад Маскоўскага патрыярхату. Тлумачым, што гэта азначае

Ці застануцца ва Ўкраіне ў Маскоўскага патрыярхату адданыя яму вернікі і грамады, пакуль невядома, але бясспрэчна, што рашэньне Сабору — моцны ўдар па царкоўным і палітычным аўтарытэце РПЦ.

У гэтай сытуацыі мела сэнс зладзіць дэманстрацыю таго, што праваслаўе ў другой усходнеславянскай краіне вернае РПЦ і яе кіраўніку, што прынамсі ў сэнсе царкоўнага ўплыву РПЦ і яе першагерарх ня ўсё яшчэ страцілі, што ёсьць у гэтай царквы яшчэ верныя «дщери».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі я кажу „рускі“, то маю на ўвазе і беларусаў, і ўкраінцаў». Патрыярх Кірыл прыляцеў у Беларусь упершыню за апошнія чатыры гады

Для ўкраінцаў гэта наўрад ці пераканаўчая дэманстрацыя, там за рэлігійнае аддзяленьне ад Масквы цяпер пераважная большасьць. Паводле сёлетняга красавіцкага апытаньня Сацыялягічнай групы «Рэйтынг», за разрыў сувязяў УПЦ Маскоўскага патрыярхату з расейскай царквой выказваліся тры чвэрці ўкраінскіх рэспандэнтаў.

Але на расейцаў беларуская дэманстрацыя патрыярха можа і зрабіць уражаньне — маўляў, беларусы з намі ў праваслаўным братэрстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць удзелу Беларусі ў вайне на баку Расеі 86% беларусаў, — вынікі апытаньня прафэсара Вардамацкага

Другі магчымы матыў візыту патрыярха — гэта «духоўна-палітычная мабілізацыя» беларусаў у падтрымку Расеі. У Маскве, мяркую, ведаюць, што вайна Расеі з Украінай не выклікае ў Беларусі асаблівых ухвалаў. Супраць удзелу беларускага войска ў вайне беларусы ледзь не пагалоўна, а наконт стаўленьня да дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне грамадзтва падзеленае прыкладна напалам.

Гэта не суцэльнае асуджэньне, як ва Ўкраіне, але і не падтрымка значнай, калі не пераважнай большасьцю, як гэта мае месца ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ня хочуць ваяваць супраць Украіны, але ў стаўленьні да вайны падзеленыя напалам. Вынікі апошняга апытаньня Chatham House

Наўрад ці такі стан беларускай грамадзкай думкі падабаецца расейскаму кіраўніцтву. Ня тое, што там бачаць у гэтым вялікую небясьпеку. Але хацелася б, каб ён быў іншы.

Наўпроставай праваеннай прапагандай па Беларусі і расейскія, і айчынныя дзяржаўныя СМІ і без патрыярха лупяць з усіх калібраў.

Але большасьць беларусаў — праваслаўныя, і ўваходзяць яны ў БПЦ, якая экзархат РПЦ. Паводле апытаньняў, дарэчы, праваслаўная царква ў Беларусі карыстаецца вялікім даверам, ці ня самым вялікім сярод усіх дзяржаўных і недзяржаўных інстытутаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскі патрыярх Кірыл на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што «Беларусь належыць Усходу»

Пастырскае слова не абавязкова наўпрост лінейна вызначае палітычныя погляды паствы. Але пэўны ўплыў аказвае.

У заявах патрыярха Кірыла ў Беларусі цікава і тое, што ў іх прагучала і чаго не прагучала. У Расеі ён наўпрост ухваляў і бласлаўляў вайну. У Беларусі падчас візыту — не. У Беларусі гэта людзей хутчэй бы палохала, адштурхоўвала.

А гаварыў патрыярх пра «кіеўскую купель», зь якой выйшлі і расейцы, і ўкраінцы, і беларусы, якія ўсе, паводле яго, таксама «рускія», пра Беларусь як краіну Ўсходу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы молімся і за Пуціна, і за Шайгу, і за Лаўрова». Што беларускія праваслаўныя герархі думаюць пра вайну ва Ўкраіне

У прынцыпе, праваслаўныя сьвятары РПЦ гэта гаварылі заўсёды. Але, відаць, нялішнім палічылі, каб гэта нагадаў на беларускай зямлі першагерарх царквы, да якой належыць большасьць беларусаў.

Праз умацаваньне духоўнай сувязі з Расеяй — да падтрымкі яе цяперашняй ваеннай палітыкі: так можна сфармуляваць схаваны сэнс пасланьня патрыярха Кірыла. Калі мы адзін народ, дык і лёс у нас адзін, у горы і ў радасьці. І ў вайне за агульнаславянскую справу і за агульную праваслаўную веру.

А наўпрост агітаваць за вайну... А навошта?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.