«Што да Беларусі: гэтая інфармацыя адкрытая. Нам прапаноўвалі ехаць празь Беларусь чыгункай, — цытуе Зяленскага Інтэрфакс-Украіна. — Мы нават разумеем, які аб’ём. Але мы разумеем, для чаго нам гэта прапаноўвалі. Мы пакуль не гатовыя ісьці па гэтым фармаце і дапамагаць нашым „дружалюбным“ суседзям».
3 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква ня будзе перашкаджаць вывазу збожжа з Украіны. Ён прапанаваў зрабіць гэта праз акупаваныя Расеяй парты Марыюпалю і Бярдзянску, парты, якія кантралююцца Украінай, і па чыгунцы праз Румынію, Польшчу і Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галаваломка з украінскім збожжам. Піша Валер КарбалевічРасея і Ўкраіна ўваходзяць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў збожжа ў сьвеце. Пасьля пачатку ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну цэны на прадукты харчаваньня сталі рэзка падымацца. Уздым цэнаў на збожжа і на паліва адбіваецца на кошце любой ежы. Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заяўляў у траўні, што галодная сьмерць на тле вайны пагражае 49 мільёнам жыхароў 43 краін сьвету.
ААН заклікала Расею дазволіць вывезьці збожжа з расейскіх партоў. Гэтая тэма абмяркоўвалася на перамовах Пуціна з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам.
Масква заяўляла, што гатовая нарасьціць пастаўкі харчаваньня, калі зь яе будуць зьнятыя санкцыі, уведзеныя з прычыны вайны ва Ўкраіне. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў адказ на гэта адзначыў, што санкцыі ЗША распрацаваныя так, што дазваляюць экспарт з Расеі сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаеньняў, а значыць, не ўплываюць на пастаўкі.