Макс Корж на мінулым тыдні выпусьціў кампазыцыю «Свой дом» пра вайну ва Ўкраіне. Вялікая частка аўдыторыі ўспрыняла песьню як жэст падтрымкі Ўкраіны. Аднак пры гэтым шэраг слухачоў зьвярнуў увагу на тое, што ў Каржа неўзабаве плянуюцца канцэрты ў Расеі.
6 чэрвеня музыка аб’явіў пра тое, што шэраг канцэртаў адмяняецца на няпэўны тэрмін. Акрамя расейскіх Екацерынбургу, Санкт-Пецярбургу і Навасібірску, у вызначаныя даты не адбудзецца канцэрту ў Рызе (Латвія) і Ташкенце (Узбэкістан).
«Не магу я сьпяваць пра жыцьцё ў кайф, калі кожны дзень гэтыя жыцьці адбіраюцца! Беражыце сябе! Усё будзе добра!» — напісаў Корж у сваім інстаграме.
«Жизнь в кайф» — адна з найвядомейшых расейскамоўных песень Макса Каржа. Менавіта на расейскай мове ён сьпявае ўсе апошнія гады. Але пачынаў ён як беларускамоўны рэпэр. У інтэрнэце захаваліся ягоныя кампазыцыі па-беларуску «Краіна мараў» і «Тата Лунінец».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Макарэвіч: «Калі нехта крычыць пра вайну: „Так і трэба!“ — я гэтага чалавека проста закрэсьліваю» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб аднавіць разбураны мост між беларусамі і ўкраінцамі». Размова з куратаркай праекту для мэнэджараў культуры зь Беларусі