— Надзея, на інтэрнэтнай старонцы ініцыятывы Create Culture Group вы называеце сябе «куратаркай праекту онлайн-рэзыдэнцыі для мэнэджараў культуры зь Беларусі Cultural Bridge. Для мяне, праўду кажучы, усе элемэнты акрэсьленьня гэтага праекту патрабуюць дадатковага тлумачэньня. Як, дарэчы, і сама ваша ініцыятыва. Пра што гэта?
— Пачну з Create Culture Group. Я займаюся культурай і праектамі ў культурнай сфэры Беларусі 10 гадоў. У цяперашні час вельмі важна ўзмацніць падтрымку гэтай сфэры. Дзеля гэтага зьявілася наша ініцыятыва — Create Culture Group. Паколькі цяпер вельмі важна падтрымаць ня толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, і пажадана, каб зрабіць гэта ўсё разам, то з гэтага вынікла наша ідэя «культурнай рэзыдэнцыі».
Культурная рэзыдэнцыя — гэта сытуацыя, калі мастаку, мэнэджару культуры ці наагул творчаму чалавеку даюць творчую свабоду і ўсяляк яму дапамагаюць, ствараюць яму ўмовы для дзеяньня. Звычайна гэта тое, што мастака запрашаюць у нейкую рэзыдэнцыю, даюць яму жытло і патрэбныя рэчы для працы, ён там жыве два-тры месяцы і пад канец свайго побыту прадстаўляе тое, што ён зрабіў.
Паколькі цяпер многія беларускія творцы і людзі культурнага сэктару выехалі з краіны, нам хацелася б пры дапамозе нашай рэзыдэнцыі аб’яднаць іх, і таму ў нас зьявілася слова «онлайн». То бок мы запрасілі траіх мэнэджараў, якія цяпер знаходзяцца ў Тбілісі, Варшаве і Вільні. І мы цяпер ім дапамагаем у ажыцьцяўленьні іх задумаў, дапамагаем парадамі, дапамагаем пры дапамозе розных унутраных мерапрыемстваў. Але гэта ўсё працуе онлайн. За гэтыя паўтара месяца ўдзельнікам трэба зрабіць нейкі свой праект, які быў бы накіраваны на салідарнасьць з Украінай, на дапамогу Ўкраіне і, пажадана, прыцягнуў бы да ўдзелу саміх украінцаў.
— Як я разумею, з самага пачатку гэты праект быў разьлічаны на беларусаў за мяжою. А ці вы спадзяваліся, што заяўкі могуць паступіць да вас таксама зь Беларусі?
— Мы б вельмі хацелі, але такіх заявак нам не прыслалі. Але ў выпадку, калі ўсё атрымаецца ў гэтым онлайн-праекце, то мы б хацелі пашырыць яго і на беларусаў у Беларусі.
— Калі гэта не сакрэт, то хто канкрэтна тыя тры асобы, якія ўдзельнічаюць у праекце Cultural Bridge?
— Гэта Эрык Арлоў-Шымкус у Варшаве — музыка, кампазытар і актор. Стварае музыку для тэатру. Мае свой музычны лэйбл, на якім падчас першай хвалі пандэміі разам з калегамі рабіў стрымы з кватэрнікамі вядомых беларускіх музыкаў і гуртоў. Цяпер непасрэдна працуе з праектам Kupałaŭcy.
Гэта Юлія Катаржынская ў Тбілісі, мэнэджарка і журналістка. Мае багаты досьвед культурніцкай дзейнасьці. Ладзіла мерапрыемствы разнастайных фарматаў у Горадні: канцэрты, фэстываль моладзевай журналістыкі, Купальле і калядкі, Belarus Press Photo 2015. Адміністравала шматлікія адукацыйныя і культурныя праекты. Сёньня актыўна ўдзельнічае ў беларускім культурным жыцьці ў Тбілісі. Рыхтуе Дні беларускай культуры.
І гэта Вячаслаў Красулін у Вільні, удзельнік групы Kashlaty Vikh, дудар, навуковец. Скончыў катэдру этналёгіі і фальклёру БДУКМ і працаваў на ёй да рэлякацыі пасьля жніўня 2020-га. Ляўрэат міжнародных фальклёрных фэстываляў, экспэрт у традыцыйных беларускіх танцах, аўтар больш як 50 навуковых і навукова-папулярных тэкстаў, удзельнік шматлікіх беларускіх андэрграўндавых гуртоў.
— Акрамя вас, праектам апякуецца яшчэ Тацяна Штэйнбук. Скажыце некалькі слоў пра сябе і пра сяброўку. Адкуль вы, што рабілі і як вам прыйшла ў галаву ідэя такога праекту?
— Я ў 2017 годзе выехала ў Амэрыку і жыла там тры з паловаю гады. Але ўсё роўна я рабіла праекты, якія так ці іначай былі зьвязаныя зь Беларусьсю. Два з паловай гады таму стартавала онлайн-школа «Майстэрня карысных праектаў», накіраваная на маладых беларусаў у Беларусі. Мы тады аб’ядналі намаганьні з Тацянай Штэйнбук і сабралі каманду гэтай онлайн-школы. Мы знайшлі сваю нішу, якую я лічу вельмі важнай — мы працуем з культурнымі мэнэджарамі, якія хочуць рабіць розныя праекты ў сфэры культуры…
— А з вашай сяброўкай, Тацянай Штэйнбук, вы пазнаёміліся ў Амэрыцы?
— Мы пазнаёміліся онлайн і да гэтага часу ні разу ня бачыліся ўжывую… Тацяна шмат займалася арганізацыяй габрэйскай супольнасьці, яна, сярод іншага — суарганізатарка фэстывалю Litvak Klezmer Fest разам зь Сяржуком Доўгушавым. Тацяна прафэсійны коўч і мэнтар.
— Як будуць падводзіцца вынікі гэтых трох праектаў? Са стыпэндыятамі вы кантактуеце онлайн, але самі праекты будуць рэалізаваныя офлайн, недзе на вуліцы ці ў залі, праўда?
— Так. Пра кожнага ўдзельніка мы будзем здымаць відэаблог. З кожным удзельнікам будзе інтэрвію, таму што мы хочам захаваць для памяці момант стварэньня праекту і самой яго рэалізацыі. Пра вынікі кожнага з праектаў можна будзе паглядзець 10-хвілінны відэарэпартаж.
Напэўна, самым важным вынікам гэтых праектаў будзе тое, што беларусы могуць зрабіць нешта разам з украінцамі — калі на беларускія офлайн-мерапрыемствы прыйдуць украінцы і адбудзецца гэты дыялёг з дапамогай культуры. Мы, зразумела, будзем рабіць прэзэнтацыі гэтых праектаў, але самым важным вынікам для нас будзе, калі з дапамогай гэтых культурных праектаў мы зможам аднавіць трохі разбураны мост між беларусамі і ўкраінцамі.
— Давайце заглянем крыху ў будучыню. Ці плянуеце вы рабіць такія культурніцкія праекты для таго, каб зьвярнуць увагу на сытуацыю ў Беларусі, на тое, што зь беларускай культурай і беларусамі адбываецца цяпер?
— Цяпер вочы ўсяго сьвету скіраваныя на Ўкраіну, таму наш праект зьвязаны зь ёю. Але трэба падкрэсьліць, што беларусы два гады таму нарадзіліся нанава і набылі новую ідэнтычнасьць — сталі сьмелымі, мужнымі і, як той казаў, неверагоднымі. Таму ў будучыні мы думаем рабіць праекты, зьвязаныя з гэтым беларускім нараджэньнем. Якія — мы пакуль ня ведаем. Магчыма, мы працягнем фармат онлайн-рэзыдэнцый і будзем наладжваць дыялёг з тымі, хто застаецца ўнутры Беларусі.