Сам па сабе факт удзелу расейскіх літаратараў зноў падняў пытаньне пра «нізкапаклонства» перад маскоўскай сталічнай культурай. Адзін з расейцаў, найбольш неадназначны, урэшце сам мудра адмовіўся ад удзелу, чым абнуліў сытуацыю. І дзякуй яму за гэта. Бо сёньня прыналежнасьць да Расеі, расейскае грамадзянства змушаюць да пэўных абавязкаў.
Я сам расеец, дакладней «расіянін». Нарадзіўся ў Маскве, пайшоў у школу ў Маскве, скончыў унівэрсытэт у Маскве, пражыў у Расеі палову жыцьця і жыў там яшчэ нядаўна. І розныя мае асаблівасьці кшталту нерасейскай нацыянальнасьці ці наяўнасьці другога, нерасейскага, грамадзянства зьяўляюцца слабой адгаворкай, калі ставіць пытаньне рубам. Я ў тым ліку і расеец, хачу я таго ці не. Гэтая дзяржава ад майго імя вядзе крывавую захопніцкую вайну.
І гэта прынамсі дазваляе мне разважаць пра Расею з пазыцыі інсайдэра і з пазыцыі самакрытыкі, калі хочаце. Дае дазвол мне раз у жыцьці скарыстацца словам «мы» прымяняльна да расейцаў, каб сказаць:
Так, кэ́нсэліце нас.
Байкатуйце кожнага расейскага цыніка, чый публічны выступ перад міжнароднай аўдыторыяй не ўключае пакаяньня за тое, што ў гэты самы момант нявінныя ўкраінцы гінуць пад нашымі бомбамі. Або таго, хто не вытрымлівае і пачынае крыўдаваць за нашу самазадаволеную, прасякнутую шавінізмам культуру, заступацца за нашу мову, якая стагодзьдзямі была мовай калянізатараў, скардзіцца на санкцыі або дрэннае стаўленьне з боку іншаземцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса АкунінаБачачы перад сабой аднаго з нас, вы, паводле статыстыкі, з імавернасьцю 80% бачыце перад сабой чалавека, які ў 2014 годзе падтрымаў анэксію Крыма. Паводле самых кансэрватыўных ацэнак, ня менш за палову жыхароў Расеі падтрымліваюць і цяперашнюю вайну, пры гэтым маючы доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі пра яе ў Telegram ці на YouTube.
І таму ставіцца да кожнага з нас вы спачатку павінны менавіта як да актыўных ці пасіўных саўдзельнікаў ваеннай агрэсіі, пакуль не даказана адваротнае. Пакуль не пераканаецеся, што перад вамі чалавек, якому хапае сумленьня хаця б лішні раз вымавіць словы апраўданьня, ня робячы пры гэтым грымасы і не займаючыся падбіраньнем рафінаваных небанальных фармулёвак для зьедлівага допісу ў Facebook. Многія снобы з тусоўкі колішніх маскоўскіх-пецярбурскіх журналістаў, пісьменьнікаў і іншых там кінакрытыкаў гэтага выпрабаваньня дагэтуль не вытрымліваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму расейцы ладнай часткай ухваляюць вайну, а беларусы — не? Аналіз палітолягаПерад Расеяй стаіць вялікая гістарычная задача ў справе пакаяньня, пераасэнсаваньня сябе, перазагрузкі сябе як нацыі. Мы, расейцы, мусім прайсьці свой шлях прыніжэньня і разуменьня, каб ачышчанымі і вызваленымі вярнуцца ў супольнасьць народаў. Так, як мінулы раз пасьля вайны вярнуліся немцы. Са звыклымі маскоўскімі і піцерскімі пантамі ў гэтую будучыню пускаць нас нельга. І гэтае непусканьне будзе нам найлепшай дапамогай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.