- У фармулёўках абвінавачваньняў — «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», «здрада радзіме», «арганізацыя беспарадкаў». Чатыры гады, 7 гадоў, 15 гадоў пазбаўленьня волі — такія тэрміны пагражаюць абвінавачаным паводле гэтых артыкулаў. Пры гэтым падрабязнасьці абвінавачаньня і вынікі расьсьледаваньня гэтых справаў невядомыя нават родным затрыманых: з адвакатаў узяты падпіскі аб невыдаваньні. Суды, як чакаецца, будуць закрытымі — апошнія два гады гэта звычайная практыка ў Беларусі.
- Усяго ў краіне за кратамі цяпер знаходзяцца 27 прадстаўнікоў мэдыя — як журналістаў, так і іншых супрацоўнікаў рэдакцый. Сотні былі вымушаны пакінуць Беларусь.
- Абвінавачаныя, якіх будуць судзіць гэтым летам, — гэта і супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, і галоўны рэдактар газэты «Новы час», і фрылансэр беларускай службы Радыё Свабода, і былая супрацоўніца тэлеканала «Белсат», і журналістка «Белсату», якая ўжо знаходзіцца ў зьняволеньні. Усе яны прызнаныя палітычнымі вязьнямі, іх перасьлед праваабаронцы лічаць палітычна матываваным.
6 чэрвеня. Суд у справе БелаПАН
Абвінавачаныя:
- былы намесьнік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў,
- Ірына Злобіна (нявеста Аляксандрава),
- былы дырэктар Дзьмітры Наважылаў,
- дырэктар Ірына Леўшына
Андрэй Аляксандраў і ягоная нявеста Ірына Злобіна знаходзяцца за кратамі з 12 студзеня 2021 году. У гэты дзень Андрэй перастаў выходзіць на сувязь, амаль суткі родныя не маглі знайсьці яго. Пазьней стала вядома, што Аляксандрава і Ірыну Злобіну затрымалі ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч у эфіры дзяржТВ заявіў, што Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна «фінансавалі ўдзельнікаў пратэстаў, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацый знаходжаньня ў ЦІП і ІЧУ». Сродкі для гэтага яны атрымлівалі ад фонду салідарнасьці BY_Help. Усяго з 20 жніўня па 9 лістапада 2020 года яны дапамаглі аплаціць больш за 250 штрафаў. Праваабаронцы настойваюць, што гэта законная дабрачынная дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Журналісты гуляюць у футбол на мінным полі». Расказваем пра тых, каго судзяць у «справе БелаПАН»Пасьля затрыманьня Аляксандрава ў розных гарадах Беларусі сталі выклікаць на допыты людзей, штрафы якіх былі аплачаны, і распытваць аб удзеле ў масавых акцыях і аб фондзе BY_Help. Усе яны праходзяць па гэтай справе сьведкамі.
Андрэя Аляксандрава абвінавачваюць па наступных артыкулах:- артыкул 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Пакараньне — да 3 гадоў пазбаўленьня волі;
- артыкул 243 — «Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў». Пакараньне — да 7 гадоў пазбаўленьня волі;
- артыкул 361-1 — «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім». Пакараньне — да 7 гадоў пазбаўленьня волі;
- артыкул 356 — «Здрада радзіме». Пакараньне — пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў.
Андрэй Аляксандраў мае ступень магістра мэдыямэнэджмэнту, якую атрымаў у Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане. Ён папрацаваў у міжнародных праваабарончых арганізацыях Index on Censorship і Article 19, а потым вярнуўся ў Беларусь. У 2015–2018 гадах у БелаПАН Аляксандраў быў намесьнікам дырэктара, пазьней працаваў там жа мэдыякансультантам паводле дамову. У адным са сваіх лістоў са зьняволеньня Андрэй Аляксандраў напісаў: «Я ганаруся тым, што магу называць сябе беларускім журналістам, і на душы ў мяне спакойна, таму што я ведаю, што ўсё не дарма».
Яго нявеста Ірына Злобіна скончыла факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ, апошнія гады займалася невялікім кветкавым бізнэсам і вытворчасьцю сувэніраў, праводзіла лекцыі на тэму флярыстыкі ў Менску.
У СІЗА Андрэй і Ірына вырашылі пажаніцца.
Адразу пасьля затрыманьня Андрэя Аляксандрава ў офісе БелаПАН адбыўся ператрус: сілавікі канфіскавалі частку тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. Але дзейнага дырэктара агенцтва Ірыну Леўшыну і былога дырэктара Дзьмітрыя Наважылава затрымалі толькі праз сем месяцаў — 18 жніўня 2021 года.
Наважылава і Леўшыну спачатку падазравалі ў «арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342), але потым Сьледчы камітэт выставіў ім абвінавачаньні паводле артыкулу аб ухіленьні ад выплаты падаткаў (арт. 243).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ці нам радаваць некага сваім ныцьцём? Вось жа не!» Што пішуць з турмы беларускія рэдактаркі1 лістапада 2021 года рашэньнем КДБ інфармацыйнае агенцтва БелаПАН было прызнана «экстрэмісцкім фармаваньнем», лягатып агенцтва ў выглядзе надпісу «БелаПАН» і вершніка на кані зь мячом таксама прызнаны экстрэмісцкім. Пасьля гэтага да абвінавачаньня Леўшынай і Наважылава дадаўся артыкул аб «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК). Раней яе паставілі таксама Андрэю Аляксандраву. Пакараньне па гэтым артыкуле — да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Да суду ў абвінавачаньні Ірыны Леўшынай застаўся толькі гэты «экстрэмісцкі» артыкул, у Дзьмітрыя Наважылава — яшчэ і ўхіленьне ад выплаты падаткаў.
У красавіку Сьледчы камітэт заявіў, што ў справе БелаПАН выявіў «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці на агульную суму ня менш як 4 млн даляраў».
Вядома, што Ірына Леўшына адмовілася ад дачы паказаньняў.
- БелаПАН — найстарэйшае ў Беларусі незалежнае інфармацыйнае агенцтва. Яно было заснавана ў 1991 годзе і тады ж афіцыйна зарэгістравана. За гэтыя гады ўлады неаднаразова праводзілі ў рэдакцыі праверкі, ператрусы, перасьледавалі журналістаў агенцтва.
7 чэрвеня. Суд над Аксанай Колб, галоўнай рэдактаркай газэты «Новы час»
Аксану Колб затрымалі 20 красавіка 2022 году: сілавікі са шчытамі і кавадламі прыехалі ў кватэру, дзе яна жыве, і паведамілі, што забіраюць яе на допыт у Сьледчы камітэт. З допыту Аксана ня выйшла. Праз два дні ёй выставілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і перавялі ў СІЗА. Рэдактарцы «Новага часу» пагражае ад 2 да 5 гадоў абмежаваньня волі ці да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Газэта «Новы час» выдавалася з 2002 году на беларускай мове. У апошнія гады яна выходзіла накладам у 7 тысяч асобнікаў і была адзінай недзяржаўнай газэтай, якая трапляла ў турмы, — яе можна было выпісаць палітвязьням. Пасьля пачатку масавых пратэстаў у Беларусі 2020 году Аксану Колб і журналістаў выданьня неаднаразова затрымлівалі, праводзілі ператрусы і канфіскоўвалі тэхніку.
У 2021 годзе газэту выключылі з сыстэмы афіцыйнага распаўсюджваньня, і рэдакцыя стала рассылаць газэту ў канвэртах, у тым ліку палітвязьням у турмы. У жніўні 2021 году «Новы час» перастаў выходзіць на паперы, бо друкарні адмаўляліся яе друкаваць. Увосень 2021-га ў Беларусі заблякавалі і сайт выданьня, з таго часу журналісты публікуюць свае матэрыялы на люстэрку сайта і ў сацсетках.
Сталыя аўтары «Новага часу» Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок знаходзяцца за кратамі. Івашына абвінавачваюць ва ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў, у здрадзе радзіме і ў супрацоўніцтве з украінскай разьведкай. Дзядок у лістападзе 2021 года асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі па артыкуле 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), артыкуле 361 («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) ») і часткі 3 артыкулу 295 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да гаручых рэчываў»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактарцы газэты «Новы Час» Аксане Колб выставілі абвінавачаньне. Ёй пагражае да 4 гадоў зьняволеньняУ адным з лістоў Аксана Колб напісала аб сваім затрыманьні так: «Я ведала, што гэта рана ці позна адбудзецца, рыхтавалася да гэтага. Няма ні расчараваньня, ні шкадаваньня. Ведаю, што ўсё рабіла правільна ўсе гэтыя гады».
8 чэрвеня. Суд над Андрэем Кузнечыкам, фрылансэрам Радыё Свабода
Фрылансэра беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 года на велапрагулцы. Дома ў яго прайшоў ператрус, сілавікі канфіскавалі тэхніку. Тройчы Андрэю давалі па 10 сутак, а ў сьнежні родным паведамілі, што ў дачыненьні да Андрэя заведзена крымінальная справа, але артыкул, па якім яна расьсьледуецца, не казалі яшчэ паўгода.
Толькі 25 траўня 2022 года стала вядома, што Кузнечыка абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фарміраваньня» (частка 1 артыкула 361-1 КК). Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Яму пагражае да 7 год пазбаўленьня волі.
Офіс Радыё Свабода ў Беларусі сілавікі разграмілі ў ліпені 2021 года. Некалькі журналістаў былі затрыманыя, пазьней іх адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. 3 сьнежня 2021-га сацсеткі беларускай службы Радыё Свабода прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а 23 сьнежня МУС Беларусі прызнала інтэрнэт-рэсурсы выданьня «экстрэмісцкім фармаваньнем» — да таго моманту Андрэй Кузьнечык ужо месяц як быў затрыманы.
Акрамя Кузьнечыка, за кратамі ў Беларусі зараз знаходзяцца яшчэ два журналісты Радыё Свабода. У сьнежні 2021 года да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі блогера, пазаштатнага кансультанта Радыё Свабода па пытаньнях новых мэдыя Ігара Лосіка — яго затрымалі яшчэ ў чэрвені 2020 года. У сакавіку 2022 года да паўтара года калёніі прыгаварылі Алега Груздзіловіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумленьне дазваляе Андрэю спакойна спаць ды адчуваць сябе годным чалавекам». Журналіст Андрэй Кузьнечык сустрэўся на «Валадарцы» з жонкайСуды над журналісткамі «Белсата»: новая справа Андрэевай і арышт былой супрацоўніцы тэлеканала Ірыны Слаўнікавай
У чэрвені таксама чакаецца пачатак судовых працэсаў над журналісткай тэлеканала «Белсат» Кацярынай Андрэевай і былой прадстаўніцай «Белсата» Ірынай Слаўнікавай.
Кацярына Андрэева знаходзіцца ў турме ўжо 18, 5 месяцаў. У лютым 2021 года яе прыгаварылі да двух гадоў пазбаўленьня волі за трансьляцыю мірнай акцыі ў памяць аб Рамане Бандарэнку з «Плошчы перамен». Журналістка мусіла выйсьці на волю 5 верасьня 2022 года. Аднак у лютым 2022 года ў дачыненьні да Кацярыны Андрэевай узбудзілі новую крымінальную справу — на гэты раз па артыкуле аб здрадзе дзяржаве. Тэрмін, які ёй зараз пагражае, — ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
«Амаль два месяцы нічога не было вядома — што за справа, які ў Каці статус. Але Кацю перавялі ў СІЗА для „працэсуальных дзеяньняў“, і стала вядома, што ёй ставяць у віну артыкул 356», — распавёў муж Кацярыны Ігар Ільяш. Па ягоных словах, справу будуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе, сьледзтва вёў КДБ Гомельскай вобласьці. Больш нічога невядома.
«З вялікай доляй верагоднасьці, суд пройдзе ў чэрвені. Справа ляжыць у судзе, але дата пакуль не прызначаная», — удакладніў Ігар Ільяш.
У чэрвені таксама пачнуць судзіць былую супрацоўніцу тэлеканала «Белсат» Ірыну Слаўнікаву — сьледзтва па яе справе завершана.
Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў менскім аэрапорце пасьля таго, як яны прыляцелі з Эгіпта. Ірыну спачатку арыштавалі па адміністрацыйным артыкуле, пазьней стала вядома, што яна стала падазраванай па крымінальнай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не далі кінуць грамадзтва ў пастку прапаганды». Прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі — пра страты і дасягненьні беларускай журналістыкіПа вэрсіі сьледзтва, Слаўнікава нібыта «абʼяднала групу грамадзян, якія пад яе кіраваньнем і кантролем стваралі і разьмяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на шматлікіх польскіх мэдыярэсурсах», а таксама «фармавала склад супольнасьці, разьмяркоўвала ролі, карэктавала парадак навін, матэрыяльна забясьпечвала і фінансавала дзейнасьць».
Бацька Слаўнікавай пасьля яе затрыманьня распавёў, што Ірына працавала на «Белсат» «гадоў дзесяць таму, а можа, і больш». У цяперашні час, паводле яго слоў, яна супрацоўнічала з Польскім тэлебачаньнем, TVP.
Ірыне Слаўнікавай ставяць у віну «актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных з непадпарадкаваньнем прадстаўнікам улады» (частка 1 артыкула 342) і «кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваньнем» (частка 1 артыкула 361-1). Па першым артыкуле максымальнае пакараньне складае да чатырох гадоў пазбаўленьня волі, па другім — да сямі гадоў пазбаўленьня волі.
- «Белсат» — спадарожнікавы тэлеканал, створаны на падставе дамовы МЗС Польшчы і TVP (Польскага грамадзкага тэлебачаньня) у 2007 годзе. Ён вяшчае ў асноўным на беларускай мове, асобныя перадачы і інтэрвію выходзяць па-руску. Канал актыўна асьвятляў пратэсты ў Беларусі, за гэта шмат журналістаў тэлеканала неаднаразова судзілі і арыштоўвалі. У 2020 годзе журналістаў «Белсата» затрымлівалі 162 разы, вельмі часта — з адабраньнем тэхнікі. У лістападзе 2020-га за трансьляцыю мірнай акцыі ў памяць аб Рамане Бандарэнку з «Плошчы перамен» журналісткі тэлеканала Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова былі арыштаваныя, а ў лютым 2021 года іх асудзілі на два гады пазбаўленьня волі.
- У ліпені 2021 года інфармацыйныя рэсурсы тэлеканала «Белсат» — яго сайт і старонкі ў сацсетках — беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. А ў лістападзе 2021 года «экстрэмісцкім фарміраваньнем» была прызнана «група грамадзян, абʼяднаных праз інтэрнэт-рэсурсы» «Белсата».