6 чэрвеня ў Менску ў закрытым рэжыме распачаўся суд у «справе інфармагенцтва БелаПАН». На лаве падсудных чацьвёра: Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, Ірына Леўшына і Дзьмітры Наважылаў. Свабода нагадвае, хто яны.
Былога намесьніка дырэктара інфармагенцтва Андрэя Аляксандрава вінавацяць у «арганізацыі пратэстаў, ухіленьні ад выплаты падаткаў, стварэньніэкстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН альбо ўдзеле ў ім, а таксама ў здрадзе дзяржаве».
АПОШНЯЕ: «Не прызнаю сябе вінаватым». Зьняволены журналіст Аляксандраў напісаў ліст з нагоды пачатку судуІрыну Злобіну абвінавачваюць таксама ў арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве. Паводле МУС, Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна фінансавалі акцыі пратэсту — супрацоўнічалі з краўдфандынгавай плятформай BY_help, і ў пэрыяд з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году заплацілі больш як 250 штрафаў.
Былога дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад выплаты падаткаў і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН».
Галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну — у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН або ўдзеле ў ім». Астатнія абвінавачаньні зь Ірыны зьнятыя.
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН было створанае ў 1991 годзе журналістам Алесем Ліпаем. Гэта найбуйнейшае беларускае недзяржаўнае інфармагенцтва. 1 лістапада 2021 году беларускія ўлады прызналі БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Галоўнае пра справу Белапан: БелаПАН абвінавачваюць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці на суму ня менш як 4 млн даляраў»Вучыўся ў Лёндане, заўзяты футбаліст
Мэдыямэнэджэру Андрэю Аляксандраву пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы, бо ў той час, калі ён ужо знаходзіўся ў СІЗА, яго абвінавацілі яшчэ і ў здрадзе дзяржаве (частка 1 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу).
Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца. Дзяцінства яго прайшло ў Паставах. Андрэй скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».
У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Аляксандраў вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацый Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся зь Лёндану ў Беларусь.
У 2015–2018 гадах працаваў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля перайшоў працаваць па дамове мэдыякансультантам.
«Абвінавачваньне Андрэя ў здрадзе радзіме — гэта поўны абсурд! Ён шчыры патрыёт Беларусі, чалавек, якога шмат па сьвеце пакідала: ад Ніжняга Тагілу да Нямеччыны, ад Паставаў да Лёндану, мог застацца за мяжой. Але вярнуўся ў Беларусь», — кажа калега Андрэя.
Аляксандраў цікавіцца футболам, сам добра гуляе. Любімая прыказка Андрэя — «Журналісты гуляюць у футбол на мінным полі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён шчыры патрыёт Беларусі». Хто такі Андрэй Аляксандраў, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржавеФлярыстка, нявеста Андрэя Аляксандрава
Ірыне Злобінай 32 гады. Яна скончыла факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ. У апошнія гады займалася невялікім бізнэсам — кветкамі і вытворчасьцю сувэніраў. Праводзіла лекцыі і заняткі ў флярыстыцы.
«Іра — чалавек, які абсалютна ня здольны бачыць дрэннае. Ад слова „зусім“. Яна заўсёды знойдзе ў чалавеку добрае, што, на яе думку, перакрывае яго дрэнны ўчынак. Для яе няма недахопаў, ёсьць розныя пункты гледжаньня. Яна вясёлая, адкрытая, лёгкая. Усе, хто зь ёю перасекся хоць раз, адразу адчувалі яе добрую энэргію і жаданьне яе аддаваць», — расказаў сябар Ірыны.
Андрэй Аляксандраў, калі ўжо быў за кратамі, зрабіў Ірыне Злобінай прапанову. Хацелі пажаніцца на «Валадарцы», але абое праходзяць падазраванымі ў адной крымінальнай справе, таму ім нельга сустракацца, і вясельле пакуль адкладаецца.
«Успрымаю гэты адрэзак свайго жыцьця як працяг працы — „журналіст мяняе прафэсію“»
Ірына Леўшына — выпускніца журфаку БДУ. Практычна ўсё жыцьцё працуе на адным месцы — у БелаПАНе, куды яе запрасіў заснавальнік агенцтва, аднакурсьнік і сябар сям’і Алесь Ліпай. Ірына прыйшла рэпартэрам, была дзяжурным рэдактарам, карэспандэнтам, стала галоўным рэдактарам, а потым яшчэ і гендырэктарам. Але не зьмянілася ні ў дачыненьні да людзей, ні ў дачыненьні да прафэсіі, узгадвае яе каляжанка.
«Уся рэдактарская праца была на ёй. Яна шліфавала нашы заметкі, вяртала на дапрацоўку, прыдумляла загалоўкі і г.д. Ірына заўсёды адсочвала, каб агенцыя працавала па стандартах журналістыкі: аб’ектыўнасьць, усе пункты гледжаньня бакоў канфлікту, дакладнасьць. Уся інфармацыя павінна быць выверана, каб не было памылак, дэзынфармацыі — як павінен працаваць нармальны СМІ. Бо БелаПАН арыентаваны на сур’ёзных падпісчыкаў: іншыя мэдыя, дыпляматычныя прадстаўніцтвы, амбасады, беларускія і міжнародныя арганізацыі», — расказвае калега Ірыны.
«Ірына любіць шчырасьць, адкрытасьць, прамату, можа атрымліваць асалоду ад блізкасьці, чалавечай цеплыні. У стасунках зь людзьмі Іра вельмі мяккая, адкрытая. Ты адчуваеш зьзяньне сэрца, калі яна кантактуе зь дзецьмі або жывёламі. Яна моцна перажывала, калі яе лабрадор Бруклін пайшоў з жыцьця.
І пры гэтым яна — „Маці драконаў“: вельмі прынцыповая, прамая, цьвёрдая, непахісная ў сваіх каштоўнасьцях і намерах. Іра — асоба, да якой цягнесься проста нутром. Ёсьць такі чалавечы магнэтызм пэрсоны, шчырае адкрытае сэрца, у якога толькі адна абарона — гэта праўда», — кажа другая былая падначаленая Ірыны Леўшынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява БАЖ: «Журналісты павінны мець магчымасьць нармальна працаваць і жыць бяз страху за сваю сям’ю і сябе»Калі летам 2021 году пачалі «зачышчаць» інфармацыйную прастору, затрымалі калег з «Нашай нівы», Радыё Свабода, праваабаронцаў, Ірыну папярэджвалі, што трэба зьяжджаць, бо наступным будзе БелаПАН.
«Я ня зьеду, — цьвёрда казала Іра. — Я не зьбіраюся зьяжджаць. Так, я ведаю, што мяне могуць пасадзіць, і я гатовая сядзець у турме. Але я ня зьеду».
Ірына Леўшына піша вельмі аптымістычныя лісты з турмы: «Канцэпцыя майго цяперашняга жыцьця такая: з кожным днём я набліжаюся да свабоды. Усё астатняе другаснае і, па вялікім рахунку, ня мае значэньня... Я працягваю працаваць па прафэсіі, бо сутнасьць нашай працы — пазнаваць жыцьцё ва ўсіх яго праявах».
«Ёсьць прыстойныя людзі, ёсьць звышпрыстойныя, і ёсьць Дзіма»
Дзьмітры Наважылаў нарадзіўся ў 1972 годзе. Скончыў прыборабудаўнічы факультэт Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытуту (цяпер гэта БНТУ) па спэцыяльнасьці інжынэр-электроншчык. З 1990-х працаваў на Беларускім тэлебачаньні.
Потым — у карэспандэнцкім пункце ОРТ (грамадзкай расейскай тэлевізіі) па Беларусі. Кіраўніком беларускага карпункту тады быў Павал Шарамет, у самім карпункце працавалі апэратары Зьміцер Завадзкі, Сяргей Гельбах. Дзьмітры Наважылаў быў тады офіс-мэнэджарам.
«Менавіта Павал Шарамет даў мне пуцёўку ў журналісцкую прафэсію», — казаў сам Наважылаў.
Пасьля таго, як Павал Шарамет спачатку быў арыштаваны, а потым зьехаў працаваць у Маскву, Наважылаў ачоліў карпункт ОРТ у Менску. Хоць конкурс на вакантную пасаду быў вялікі.
На пачатку 2010-х гадоў Дзьмітры перайшоў працаваць у інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, быў «правай рукой» заснавальніка і тагачаснага кіраўніка агенцтва Алеся Ліпая. Пасьля заўчаснай сьмерці Ліпая ў жніўні 2018 году стаў дырэктарам БелаПАН. Пакінуў пасаду ў студзені 2022 году, калі 14 студзеня (пасьля затрыманьня Андрэя Аляксандрава) у офіс БелаПАНу прыйшоў АБЭЗ зь ператрусам.
«Вельмі прыстойны інтэлігент, які ўмее трымаць удар. Менавіта ён зайшоў у ньюзрум БелаПАН і сказаў, што Алеся Ліпая, нашага заснавальніка, больш няма. Потым дапамагаў яго сям’і арганізаваць пахаваньне і цягам многіх гадоў пільнаваўся, каб у дзень нараджэньня і дзень сьмерці мы зьезьдзілі на могілкі да Алеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўсярэдзіне абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста». Улады пазбаўляюць палітвязьняў перапіскіЁн падзяляў прынцыпы БелаПАН — максымальна ўзважаная інфармацыя з поглядам зь некалькіх бакоў. Плюс гуманізм. Да апошняга зь Дзімам, а потым пасьля яго сыходу мы вытрымлівалі стыль. Ніякіх парушэньняў закону „Аб СМІ“, абразаў, ніякіх перагібаў, праверка інфармацыі. Абвінавачаньні калег у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня на гэтым фоне яшчэ больш жахлівыя.
Дзіму можна было сказаць, што лямпа не дае працаваць, — бясконца міргае. І гэты цудоўны мужчына станавіўся на драбіну і вырашаў пытаньне бязь лішніх слоў. А назаўтра як дырэктар кампаніі сустракаўся з важнымі людзьмі. Пры гэтым ніколі ня ўмешваўся ў працэс працы, мог толькі параіць нешта ці заўважыць памылку.
Ён любіць Шагала — рэпрадукцыі мастака стаялі на яго працоўным стале. Ён верыць у Бога. У лістах Дзімы шмат пра тое, як ён выжывае дзякуючы Ягонай падтрымцы. Цяпер мы ўсе толькі на гэта і спадзяёмся», — расказвае былая калега Дзьмітрыя.
Летам 2021 году Наважылаў зьяжджаў ва Ўкраіну, але вярнуўся. 18 жніўня яго разам зь Ірынай Леўшынай затрымалі.
«Калі я думаю аб тым, што Дзіма сышоў зь БелаПАНу, зьехаў зь Беларусі, але вярнуўся, у мяне сьціскаецца сэрца ад думкі, што ўсё магло б у яго скласьціся інакш», — дадае суразмоўца Свабоды.
Наважылаў захапляецца футболам, сам добра гуляе, ён быў арганізатарам турніру па футболе сярод СМІ памяці былога супрацоўніка БелаПАН Юрыя Шырокага. А яшчэ Дзьмітрый — заўзяты бітламан.
«Надзвычай прыстойны і інтэлігентны чалавек», — кажуць пра Наважылава сябры і калегі. «Ёсьць прыстойныя людзі, ёсьць звышпрыстойныя, і ёсьць Дзіма», — так коратка і ёміста ахарактарызавала брата сястра Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орўэл здзівіўся б, за што ў Беларусі адпраўляюць у турму журналістаў. ВІДЭА і цытаты онлайн-брыфінгу