Па стане на поўдзень, па дадзеных Цэнтральнай камісіі рэфэрэндуму, яўка склала 43,7 працэнта, піша казаская служба Радыё Свабода.
У Нур-Султане здымачную групу «Азаттык» (казаская служба Радыё Свабода) не дапусьцілі на ўчастак для галасаваньня ў Палацы школьнікаў, куды прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў прыбыў, каб прагаласаваць на рэфэрэндуме. Журналістаў пусьцілі на ўчастак толькі пасьля таго, як Такаеў зьехаў з участку.
Супрацоўнікі паліцыі і службы аховы прэзыдэнта ля ўваходу на ўчастак № 59 у Палацы школьнікаў заявілі рэпартэрам, што іх «няма ў сьпісе». Пры гэтым яшчэ 3 чэрвеня журналісты падалі сьпіс дакумэнтаў для допуску на ўчастак для асьвятленьня падзей, прадстаўлены Міністэрствам інфармацыі і грамадзкага разьвіцьця.
Акрамя карэспандэнтаў «Азаттыка», у доступе на ўчастак падчас знаходжаньня там Такаева адмовілі карэспандэнтам Сёмага каналу і сайту Ulysmedia.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан далучыўся да санкцый супраць расейскіх банкаў. На іх рахунках заблякавалі $22 млнАкцыя пратэсту
Актывісткі незарэгістраванай «Дэмакратычнай партыі» Інга Іманбай і Аружан Дуйсэбаева правялі акцыю на ўчастку № 257 у Алматы і каля Манумэнту Незалежнасьці ў Алматы. Яны патрабавалі «судзіць Назарбаева» і зьвярнуліся з патрабаваньнем да Такаева вызваліць лідэра партыі Жанбалата Мамая (ён — муж Інгі Іманбай) і іншых людзей, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.
Актывісткі патрабавалі ад уладаў апублікаваць сьпіс ахвяр студзеньскіх падзеяў. Затрыманьняў на месцы не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан і Турэччына падпісалі дамовы аб вайсковым супрацоўніцтвеСэнс паправак
Такаеў, словы якога прыводзіць сайт «Власть», заявіў журналістам, што прапанаваныя папраўкі ў Асноўны закон «прадугледжваюць вельмі вялікія зьмены ў грамадзкім жыцьці» краіны.
«Па сутнасьці, мяняецца парадыгма ўзаемаадносін паміж дзяржавай і грамадзтвам, на пярэдні плян выходзяць правы чалавека. У Канстытуцыі статус амбудсмэна па правах чалавека набывае новы статус, новае гучаньне. Амбудсмэн можа зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, а гэты орган таксама новы для нас», — заявіў Такаеў.
Канстытуцыйны суд, які быў скасаваны прынятай у 1995 годзе дзейнай Канстытуцыяй, узнаўляецца прапанаванымі цяперашнімі папраўкамі, аднак сыстэма прызначэньня судзьдзяў Канстытуцыйнага суду прэзыдэнтам і дэпутатамі парлямэнту выклікае асьцярогі праваабаронцаў.
Многія экспэрты ўспрымаюць прапанаваныя цяпер папраўкі ў Канстытуцыю як падрыхтоўку да выбараў прэзыдэнта, што плянуюцца ў 2024 годзе. Згодна зь дзейнай Канстытуцыяй Казахстану, прэзыдэнт абіраецца на 5 год і можа займаць пасаду ня больш за два тэрміны запар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан мяняе назву сваёй экспартнай нафты ў сувязі з санкцыямі супраць Расеі