Казахстан зьменіць назву сваёй нафты, якая экспартуецца праз марскія парты РФ, каб дыстанцыявацца ад расейскай нафты, якая трапіла пад санкцыі, паведаміла са спасылкай на крыніцы агенцтва Reuters.
«У сувязі зь нядаўнімі значнымі геапалітычнымі зьменамі і, каб пазьбегнуць іх нэгатыўнага ўплыву на экспарт казахстанскай нафты праз расейскія парты, з чэрвеня 2022 году прымяняецца наступная назва гатунку — KEBCO (Kazakhstan Export Blend Crude Oil)», — цытуе Reuters ліст казахстанскай кампаніі «СНПС-Актобемунайгаз».
Перайменаваньне пацьвердзілі яшчэ чатыры крыніцы агенцтва ў нафтавых кампаніях краіны. Паводле іх, зьмены набудуць моц з панядзелка, 6 чэрвеня.
«Гэта неабходная мера, каб наша нафта ня трапіла пад санкцыі, а ў яе назьве выразна была ўказаная краіна паходжаньня ў дакумэнтах. У адваротным выпадку ў нас будуць праблемы з адкрыцьцём акрэдытываў», — патлумачыла крыніца Reuters.
Каля 20% экспартуемай казахстанскай нафты ідзе транзытам праз расейскія марскія парты, і хоць яна тэхнічна не падпадае пад заходнія санкцыі, гэтыя пастаўкі неаднаразова памылкова прымалі за расейскія, кажуць казахстанскія нафтатрэйдэры.
Да ўвядзеньня санкцый нафту, вырабленую ў Казахстане, зьмешвалі з расейскай для атрыманьня стандартызаваных экспартных гатункаў — Расейскай экспартнай сумесі сырой нафты (REBCO/Urals) і Siberian Light, пісала раней The Washington Post. І REBCO, і Urals апошнім часам сутыкнуліся зь цяжкасьцямі пры продажы нафты з прычыны заходніх санкцый і ўласных абмежаваньняў з боку эўрапейскіх кампаній, адзначае Reuters.
На гэтым тыдні Эўразьвяз аб’явіў аб увядзеньні частковага эмбарга на імпарт расейскай нафты з канца 2022 году, у рамках якога будуць цалкам забароненыя пастаўкі морам.