«Прасіла даслаць ёй у турму вершы Гілевіча». Што адбываецца з арыштаванымі настаўнікамі-пэнсіянэрамі

Ілюстрацыйная выява

За кратамі «па палітыцы» ў Беларусі апынуліся і падлеткі, і псыхічна хворыя, і шматдзетныя бацькі. Няма выключэньняў і для пэнсіянэраў. У турму трапілі і былыя настаўнікі — 68-гадовая Эма Сьцепулёнак зь Мёраў і таго ж веку Мікалай Віцікаў з Гомельскага раёну.

«Дзякуючы ёй многія палюбілі беларускую літаратуру»

Эму Антонаўну Сьцепулёнак затрымалі 29 верасьня за камэнтары па «справе Зельцара». На яе распачалі крымінальную справу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці). Былую настаўніцу трымалі спачатку ў турме ў Жодзіне, затым яе перавялі ў СІЗА-2 Віцебску. Там, як расказалі Свабодзе былыя вучні Эмы Антонаўны, яна мела праблемы са здароўем — скакаў ціск, потым страціла зрок на адно вока.

Эма Сьцепулёнак

Дата суду над ёй пакуль невядомая.

«З сакавіка пачаліся праблемы зь ліставаньнем. Людзі пішуць ёй, адказаў няма. Раней мне прыходзілі адказы. Эма Антонаўна была ўсьцешаная, што я, былая яе вучаніца, напісала ёй. Яна цікавілася маім жыцьцём і прасіла даслаць вершы Ніла Гілевіча. Прасіла верш „Усё ж дойдзем мы да Беларусі“», — расказала Юлія.

Яна вучылася ў Эмы Сьцепулёнак у 90-я. Тады ў сыстэме адукацыі праходзіла чарговая рэформа, і старэйшыя клясы падзялілі па спэцыяльнасьцях. Юлія пайшла ў філялягічную клясу і трапіла да Эмы Сьцепулёнак.

«У нас чатыры ці пяць разоў на тыдзень была мова і літаратура. Эма Антонаўна была вельмі моцным выкладчыкам, яна выкарыстоўвала розныя мэтодыкі. Яе заняткі былі вельмі яскравыя. Я добра запомніла, як яна арганізавала для нас прагляд перадачы „Тэлебачаньне — школе“. Уявіце — тады па беларускім тэлебачаньні ішла перадача для школьнікаў пра творчасьць Ларысы Геніюш. Эма Антонаўна глядзела з намі перадачу, мы потым па Геніюш пісалі эсэ», — успамінае Юлія.

Яна кажа, што дзякуючы Эме Антонаўне многія дзеці палюбілі беларускую літаратуру. Юлія ж паступіла на філялягічны факультэт БДУ.

«Заўважу, што тэорыю літаратуры я добра ведала пасьля школьных урокаў у Эмы Антонаўны. Яна была моцны і патрабавальны выкладчык. Памятаю, нягледзячы на тое, што я была выдатніца, яна паставіла мне 4 і 2 за сачыненьне. Бо яна была ня толькі патрабавальная, але і справядлівая. Яна вучыла адказнасьці за сябе і свае ўчынкі. Гэта дапамагло ня толькі ў школе, але і ў жыцьці. Наколькі я памятаю, любімчыкаў у яе не было. Яна моцна давала веды, але і моцна патрабавала», — заўважыла былая вучаніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усю сябе аддавала школе, дзецям». Што піша з турмы 68-гадовая настаўніца, затрыманая па «справе Зельцара»

«Любіла Гілевіча і Быкава, ставіла зь дзецьмі «Паўлінку»

Сям’і ў Эмы Сьцепулёнак няма. Настаўніца, кажуць былыя вучні, усю сябе аддавала школе.

Эма Сьцепулёнак

«Яна з інтэлектуальнага сьвету. Некаторыя адвучацца ва ўнівэрсытэтах, вернуцца ў „правінцыю“, выкладаюць у школе, але ня дбаюць пра сваё разьвіцьцё. Эма Антонаўна не такая. Яна інтэлектуал. Яна была клясным кіраўніком у паралельнай клясе, ставіла зь імі „Паўлінку“. Прычым спэктакль быў высокага ўзроўню. Я б сказала, што вышэйшага, чым у цяперашняй трупе Купалаўскага тэатру», — кажа Юлія.

Яна ўзгадвае, што Эма Антонаўна любіць Ніла Гілевіча і Васіля Быкава.

«Тады не было ж інтэрнэту, на ўсю бібліятэку была толькі адна кніга „Родныя дзеці“ Гілевіча. Эма Антонаўна нам чытала яе ўголас. Яна заклала для нас падмурак, базу для разьвіцьця. Хто б тады мог падумаць, што праз гады я буду ўзгадваць яе як легенду і што яна трапіць у турму», — кажа былая вучаніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «27 чалавек аб’ядналі ў групу, праводзяць экспэртызы». Што цяпер зь беларусамі, затрыманымі за камэнтары па «справе Зельцара»

«Ні спатканьняў, ніякай інфармацыі, суд будзе закрыты»

14 студзеня ў вёсцы Церуха Гомельскага раёну затрымалі 68-гадовага пэнсіянэра Мікалая Віцікава. Ён раней быў дырэктарам школы, затым — дэпутатам сельскага Савету.

Дзякуючы яму ў вёсцы ля школы зьявіўся яблыневы сад, праз рэчку — мост, былі збудаваныя помнікі. Віцікаў шмат дапамагаў мясцовай царкве, дбаў пра добраўпарадкаваньне вёскі.

Мікалай Віцікаў

7 чэрвеня яго пачнуць судзіць за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369-1 Крымінальнага кодэксу). Пакараньне за гэты артыкул — да 4 гадоў зьняволеньня. Працэс адбудзецца ў судзе Навабеліцкага раёну і будзе закрыты. Блізкія людзі кажуць, што з моманту затрыманьня ня мелі спатканьняў зь Мікалаем і маюць вобмаль інфармацыі і пра яго, і пра крымінальную справу.

Пэнсіянэра затрымалі пасьля таго, як ён аднёс свае прапановы па зьменах у Канстытуцыю ў рэдакцыю раённай газэты «Маяк». Па вэрсіі рэдакцыі, пэнсіянэр «нелестно высказался о Всебелорусском народном собрании». Невядома, за што менавіта будуць судзіць Віцікава.

Газэта «Маяк» выпусьціла артыкул з нагоды затрыманьня пэнсіянэра, дзе зьдзекліва напісала пра яго так: «сельскі жыхар, які свае пасквілі разносіць ня горш за сэктанта», «правінцыйны інтэлігент пэнсійнага ўзросту», «на пасадзе дэпутата зьдзейсьніў шэраг скандальных учынкаў», «правакатар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зрабіў мост, ставіў помнікі, дбаў пра царкву. Чым вядомы пэнсіянэр, якога арыштавалі за прапановы ў Канстытуцыю