Апантаныя помстай. Полк Каліноўскага як начны кашмар Лукашэнкі

Лукашэнка, Чэ Гевара (зьлева) і Фідэль Кастра. Каляж

Тое, чым займаецца зараз рэжым Лукашэнкі ў Беларусі — гэта найперш прадукаваньне жаху, безнадзейнасьці і нянавісьці. Гэты працэс не бывае бясконцым і рана ці позна дасягае пэўнай мяжы.

Досьвед катаваньняў на Акрэсьціна і прыніжальных пакаяньняў перад відэакамэрамі, пагрозы завочнага крымінальнага перасьледу і сьмяротных прысудаў, выгляд разгромленых ГУБАЗІКам кватэр — усё гэта адных палохае і дэмаралізуе, а ў іншых выклікае гнеў і нянавісьць.

Сярод апанэнтаў Лукашэнкі ўсё больш тых, каму няма чаго губляць і хто апантаны пачуцьцём і прагай помсты. І гэта ўжо нават не апанэнты, а сапраўдныя ворагі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На месцы адарванай канцавіны я адчуваў згустак чыстага болю». Як беларус страціў на вайне нагу, але вярнуўся ў батальён Каліноўскага

Лукашэнка сам памнажае іхныя шэрагі: сваімі помсьлівасьцю, жорсткасьцю, брутальнасьцю, зь якімі ставіцца да зусім спакойных і памяркоўных людзей, ня схільных да агрэсіі і гвалту. Калі чалавека ні за што схапілі, пабілі, прынізілі, «пракруцілі» праз мясарубку Акрэсьціна, а потым яшчэ выціснулі з радзімы, пазбавіўшы роднага дома і нармальных стасункаў са сваімі блізкімі, то якой зваротнай рэакцыі можна чакаць у адказ? Так, кагосьці гэта, можа, і зьнішчыць, раздушыць, запалохае да канца жыцьця. Але сотні і тысячы гатовыя да супраціву і помсты.

Байцы палка Каліноўскага

Сотні іх ужо ваююць за незалежнасьць Украіны ў складзе ўкраінскай арміі. Нядаўна батальён Каліноўскага перарос у полк. Папоўніць ягоныя шэрагі ўжо выказалі жаданьне некалькі тысяч іншых добраахвотнікаў. Многія з легіянэраў адкрыта кажуць, што ўспрымаюць вайну за незалежнасьць толькі як этап у вызваленьні Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ваюем супраць XVI стагодзьдзя». Вядомы футбольны фанат Віталь «Пума» пра бойкі, ГУБАЗіК, турму і вайну

«Мы іх зьнішчым на мяжы»

І гэта, магчыма, самая вялікая на сёньня пагроза для рэжыму Лукашэнкі, якой ён яўна асьцерагаецца і перадае гэты непакой падначаленым. Вось як апісвае страхі рэжыму і ягонае бачаньне далейшых падзеяў праўладны палітоляг Аляксандар Шпакоўскі, якога многія лічаць зьвязаным зь дзяржаўнымі сілавымі структурамі:

«Ніякі батальён Каліноўскага войскам уварваньня ня стане. Нават калі заходнія выведкі прачэшуць усю беларускую палітычную эміграцыю, то наскрабуць максымум тысячы дзьве баевікоў, якія пасьля паскораных курсаў навучаньня будуць прыдатныя толькі для паліцэйскіх функцый. Натуральна, з трох кірункаў будуць заходзіць ССА (сілы спэцыяльных апэрацый) суседніх краін, якіх легендуюць пад „беларускіх добраахвотнікаў“. Менавіта таму мэдыйны складнік, піяр, зьяўляецца асноўнай задачай г. зв. каліноўцаў ва Ўкраіне. Да моманту агрэсіі сьвет павінен ведаць, што ў беларускай апазыцыі ёсьць вайсковы складнік».

Намесьнік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў у нядаўнім сюжэце дзяржаўнага тэлеканала СТВ бадзёра рапартаваў:

«Яны на мяжы будуць зьнішчаны. Ніхто сюды не прыбудзе, ніхто абстаноўкі не дэстабілізуе... Любы вораг, які паспрабуе што-небудзь зрабіць у Рэспубліцы Беларусь, будзе зьнішчаны».

А старшыня Сьледчага камітэта Дзьмітры Гора тыдзень таму прыгразіў, што ўсіх беларусаў, якія ваююць на баку Ўкраіны, ягоныя падначаленыя выявяць і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

Тое, што гэта тэма ўсё часьцей пачынае гучаць нават у дыстыляванай публічнай прасторы сёньняшняй Беларусі — пераканаўчае сьведчаньне таго, што гэта адзін з самых балючых «пункцікаў» Лукашэнкі. І Шпакоўскі, і Карпянкоў, і Гора нібы апісваюць сцэнары і даюць адказы на тыя пытаньні, патрабаваньні і загады, якія чуюць на закрытых нарадах у Адміністрацыі прэзыдэнта, КДБ і МУС.

Карпянкоў на працягу мінулых гадоў ня раз падобным жа чынам шчоўкаў абцасамі і абяцаў «зьнішчыць» — «жанчын у белым», дзяўчат з кветкамі ў руках, бабуль са сьцяжкамі і плякатамі... Ягоныя падначаленыя добра набілі руку, б’ючы і катуючы безабаронных і паслухмяных людзей, якія не наважваліся нават вочы падняць на ўзброенага і расьперазанага «прадстаўніка ўлады», ашалелага ад беспакаранасьці і ўсёдазволенасьці.

Генэрал Карпянкоў можа ў поўным складзе пагнаць свой доблесны ГУБАЗіК у акопы на беларуска-ўкраінскую мяжу, чакаючы ўварваньня палка Каліноўскага. Але дзе гарантыя, што гэты полк будзе прарывацца пад Хойнікамі і Брагіным, дзе яго пільнуюць у засадзе, а не ўвойдзе праз бранскія лясы ля Чачэрску ці Касьцюковічаў? Альбо ўвогуле прыплыве на катэрах па Прыпяці — як Фідэль Кастра з Чэ Гевара прыплылі калісьці на яхце «Гранма» на Кубу, каб зрынуць дыктатарскі рэжым Батысты? А галоўнае: хто можа абяцаць, што новастворанае «апалчэньне» будзе змагацца з каліноўцамі, а не само далучыцца да іх?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вайне ва Ўкраіне загінуў камандзір атраду Павал «Волат» — шосты беларускі баец з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі

Батыста таксама марыў быць пажыцьцёвым дыктатарам. Але тут прыплыла «Гранма»

У палітычных біяграфіях Аляксандра Лукашэнкі і кубінскага дыктатара Фульхенсіё Батысты нямала агульных рысаў. Каб не пакідаць прэзыдэнцкай пасады, Батыста, у якога амаль не было шанцаў на перамогу ў роўнай канкурэнтнай барацьбе, арганізаваў сабе ў 1954 годзе «элегантныя» выбары без канкурэнтаў.

Такія «выбары» выклікалі вялікую хвалю грамадзкіх пратэстаў. Спачатку дыктатар быў схільны пад вонкавым і ўнутраным ціскам зьмякчыць рэжым. І нават выпусьціў з засьценкаў частку палітвязьняў (на волю выйшаў у тым ліку асуджаны на 15 гадоў турмы «за тэрарызм» Фідэль Кастра).

Фульхенсіа Батыста, прэзыдэнт Кубы з 1940 па 1944 год і дыктатар з 1952 па 1959 год (зьлева) са сваёй першай жонкай Элізай Годзінес-Гомэс падчас візыту ў Вашынгтон вітае пасла Кубы доктара Пэдра Фрага

Але потым Батыста перадумаў і пачаў закручваць гайкі: абмежаваў канстытуцыйныя свабоды, увёў жорсткую цэнзуру ў СМІ. Пачаліся масавыя арышты. Спэцслужбы былі арыентаваныя на гвалт, жорсткасьць, катаваньні: для гэтага ў іх былі разьвязаны рукі. Імкнучыся зьнішчыць рэвалюцыйныя настроі і запалохаць грамадзтва, рэжым Батысты рэпрэсаваў тысячы кубінцаў. Пазьней Кастра і ягоныя прыхільнікі ацэньвалі колькасьць ахвяраў у 20 тысяч чалавек.

Байцы палка Каліноўскага

І вось у гэтай сытуацыі малады і дзёрзкі Фідэль Кастра, які ў той час вымушаны быў хавацца ад перасьледу рэжыму ў Мэксыцы, зьбірае восем дзясяткаў рэвалюцыянэраў, здабывае зброю і 25 лістапада 1956 года на невялікай маторнай яхце «Гранма» накіроўваецца на Кубу зрынаць дыктатарскі рэжым.

Гэты рэйд ад пачатку цяжка было лічыць удалым. Спэцслужбы Батысты мелі агентаў у атачэньні рэвалюцыянэраў, ведалі пра «Гранму» і пільнавалі яе ля берага з загадам зьнішчыць усіх да аднаго. Аднак ня надта дасьведчаныя «дэсантнікі» заблудзіліся, загразьлі ў мангравым балоце за сто мэтраў ад берага і зь вялізнымі цяжкасьцямі, пакідаўшы цяжкую зброю, дабіраліся на сушу. Пакінутую «Гранму» людзі Батысты ўрэшце знайшлі, але паўстанцаў на ёй ужо не было.

Праз тры дні ўрадавыя войскі ўсё ж нагналі атрад Кастра. У крывавай сутычцы загінулі два ўдзельнікі высадкі і ўся група ледзь уратавалася. Разьдзяліўшыся на дробныя купкі, паўстанцы схаваліся ў горным масіве Сьера-Маэстра і там пачалі абсталёўваць сталыя партызанскія базы. Здавалася б: ну якія маглі быць шанцы ў васьмі дзясяткаў няхай нават самых матываваных і апантаных рэвалюцыянэраў супраць вялізнай ваенна-паліцэйскай машыны дыктатара, у поўным падпарадкаваньні якога былі ўсе рэсурсы дзевяцімільённай краіны? А тым ня менш перамаглі менавіта гэтыя восем дзясяткаў.

І 31 сьнежня 1958 года галоўнакамандуючы арміі Батысты ўбег проста на навагодні банкет, каб далажыць дыктатару, што армія цалкам страціла баяздольнасьць і ня ў сілах спыніць наступ на Гавану. У той жа дзень Батыста, захапіўшы 124 самых набліжаных функцыянэраў рэжыму і большую частку дзяржаўных запасаў золата і валюты, уцёк на самалёце з Кубы. Куды больш ужо ніколі ня здолеў вярнуцца. Прытулак ён змог знайсьці толькі ў франкісцкай Гішпаніі, дзе і памёр у 1973 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Было зразумела, што расейскіх салдатаў тут парвуць на ўкраінскі сьцяг». Як былы апэратар ОРТ далучыўся да батальёну Каліноўскага

Адчуць вецер гісторыі

Чаму так здарылася? Пашукайце ў відэаархівах 50-60-х гадоў палымяныя публічныя выступы маладога Фідэля Кастра. Трыбун, рэвалюцыянэр-рамантык, самаахвярны змагар з дыктатарскім рэжымам, пасіянарый. За ім сапраўды ішлі мільёны.

«Прагнілы, ненавісны народу дыктатарскі рэжым Батысты» — гэта савецкі ідэалягічны штамп, да якога прывучыла савецкая прапаганда. Аднак папраўдзе ў вачах кубінскага грамадзтва напрыканцы 50-х гадоў гэты рэжым менавіта так і выглядаў.

Фідэль Кастра ў 1959 годзе

І той, хто здольны быў тонка адчуць вецер гісторыі, грамадзкую атмасфэру ў сваёй краіне і адважыўся ўзабрацца на грэбень хвалі народнага гневу, асуджаны быў на перамогу, хоць звонку гэта і выглядала поўнай авантурай. Падобна, як безнадзейнай авантурай першапачаткова выглядала, напрыклад, высадка Напалеона ў 1815 годзе на бераг Францыі з купкай аднадумцаў пасьля выгнаньня на Эльбе (а ён здолеў паўторна ўвайсьці ў Парыж — і ніякая шматтысячная каралеўская армія гэтаму не перашкодзіла).

Гэтак жа сумнеўнай афэрай выглядаў у 1917 годзе апячатаны чыгуначны вагон зь Леніным ды іншымі расейскімі рэвалюцыянэрамі, які немцы выправілі са Швайцарыі празь Нямеччыну і Швэцыю, каб распаліць у Расеі агонь рэвалюцыі. А здарылася ж менавіта так: наэлектрызаваная, цяжарная ўзрушэньнямі Расея была перакуленая з ног на галаву кучкай бальшавікоў — і ніякая мільённая армія і «ахранка» ня здолелі гэтаму супрацьстаяць.

Фідэль Кастра, лідэр кубінскіх паўстанцаў, 1957

Парадокс гісторыі. З гадамі Фідэль Кастра, якім у свой час захапляліся мільёны левых радыкалаў ва ўсім сьвеце, з рэвалюцыянэра-рамантыка ператварыўся ў пажыцьцёвага жорсткага камуністычнага дыктатара, нічым ня лепшага за Батысту. Той, хто перамог цмока, сам у хуткім часе стаў новым цмокам — у многім яшчэ больш жудасным і пачварным. Праз сорак гадоў пасьля рэвалюцыі ён будзе як добрага сябра вітаць у Гаване дыктатара Лукашэнку: паказваць яму «Гранму» ў музэі і расказваць, як трэба правільна змагацца за ўладу і як пасьля на працягу сарака гадоў нікому яе не аддаваць. Але гэта — ужо зусім іншы сюжэт і іншы разьдзел гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь вярнуся толькі на танку». Добраахвотнік «Хмель» пра моцнае раненьне на фронце, уцёкі з «хіміі» і беларускіх сваякоў

Замест дзяўчыны з кветкамі — суворы салдат з кулямётам

Апанаваны жахам дыктатар сутаргава адгароджваецца новымі і новымі сілавымі часткамі, раздае зброю пажарнікам і ратавальнікам, заяўляе пра намер стварыць масавае апалчэньне, якое аб’яднае ў сваіх шэрагах сотні тысяч узброеных добраахотнікаў, якія б кожны ў сваёй мясцовасьці атрымалі зброю і ў выпадку неабходнасьці несьлі вайсковую службу дзеля захаваньня дыктатуры.

Апошняе яўна навеяна сьвежым прыкладам Украіны. Вось толькі істотная розьніца: украінцы добраахвотна запісваюцца ў апалчэньне (тэрытарыяльную абарону), прагнучы абараняць радзіму ад агрэсара. Ці возьмуцца гэтак жа за зброю беларусы, каб абараняць рэжым Лукашэнкі — вялікае пытаньне зь вельмі няпэўным адказам.

Украінская тэрытарыльяная абарона рыхтуецца на вайну з Расеяй. Кіеў, 1 красавіка 2022

Да таго ж, чым больш у краіне ўзброеных людзей, тым меней у іх прывілеяў і матэрыяльных даброт. Гэта цяпер Лукашэнка можа шчодра карміць ГУБАЗіК і выдаваць ледзь ня кожнаму пагромшчыку палкоўніцкі заробак. На такое ж шчодрае фінансаваньне шматтысячнай арміі ахоўнікаў грошай яўна ня хопіць. Яшчэ адно пытаньне: што ў галовах гэтых запісаных у апалчэньне? Ці не павернуць яны ў крытычны момант штыкі супраць яго самога альбо ці не складуць моўчкі зброю, як склалі яе шматтысячныя арміі Батысты перад народнымі атрадамі Кастра і Чэ Гевары?

Страхі карпянковых, шпакоўскіх, гораў цалкам абгрунтаваныя. Ніхто зь іх, хто сёньня па-салдафонску клянецца выканаць любы загад і зьнішчыць і раструшчыць любога, хто супраць Лукашэнкі, ня можа быць пэўным, як павядуць сябе нават самыя адданыя з ГУБАЗіКу, навучаныя толькі біць безабаронных і зьдзекавацца зь бязмоўных, калі супрацьстаяць ім будзе не дзяўчына з кветкамі, а суворы салдат з кулямётам, які прайшоў праз Акрэсьціна і Марыюпаль і ваюе зусім не за грошы і не за зоркі на пагонах.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.