Прэзыдэнт Літвы: дазвол на пастаўкі ўкраінскага збожжа празь Беларусь не сумяшчаецца з санкцыямі Эўразьвязу

Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што заклікі прадстаўнікоў бізнэсу перавозіць украінскае збожжа празь Беларусь зьяўляюцца несумяшчальнымі з санкцыйнай палітыкай Эўразьвязу ў дачыненьні да Менску.

«Мы ўхвалілі вельмі ясныя санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму і павінны іх выконваць. Ня бачу ніводнай прычыны, зь якой беларускі рэжым мусіць ацэньвацца больш пазытыўна. Нават наадварот — пасьля ацэнкі іхных паводзінаў апошнім часам, я думаю, што мы павінны захаваць прынцыповую пазыцыю і ня можа быць ніякіх размоваў аб зьмякчэньні санкцый супраць Беларусі. Гэта дзяржава, якая заадно з Расеяй», — цытуе Гітанаса Наўседу інтэрнэт-выданьне delfi.lt.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літву прыбыў першы цягнік са збожжам з Украіны. Ён ішоў не празь Беларусь
  • 17 траўня стала вядома, што генсакратар ААН Антонію Гутэрыш прапанаваў зьмякчыць абмежаваньні на экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і Расеі ў абмен на магчымасьць разблякаваць пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусьветны рынак.
  • У сярэдзіне траўня Турэччына заявіла пра пачатак перамоваў з Расеяй і Ўкраінай аб транзыце ўкраінскага збожжа праз турэцкія марскія парты. Турэччына прапанавала Расеі адкрыць два гуманітарныя марскія калідоры ў Чорным і Азоўскім марах. Але пакуль аб выніках гэтых перамоваў невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган прапанаваў Пуціну правесьці перамовы Расеі, Украіны і ААН
  • 21 траўня ЗША паведамілі, што разглядаюць магчымасьць прыпыненьня санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў у абмен на транзыт украінскага збожжа ў Клайпеду. Гэтую ініцыятыву падтрымалі і шэраг бізнэс-асацыяцый, якія займаюцца пастаўкамі збожжа.
  • 2 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская накіравала лісты генсакратару ААН, прэзыдэнту ЗША і старшыні Рады Эўропы адносна ініцыятывы па зьняцьці санкцый у абмен на згоду Лукашэнкі дазволіць транзыт збожжа празь Беларусь. Паводле Ціханоўскай, прапанова ААН ня вырашыць праблемы з харчовым крызісам, але адцягне ўвагу ад сапраўднай прычыны магчымага дэфіцыту — вайны Расеі супраць Украіны — і толькі надасьць упэўненасьці Пуціну і Лукашэнку, каб «працягваць беззаконныя і амаральныя паводзіны супраць Украіны, Беларусі і іншых краін рэгіёну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адрэагавала на ініцыятыву ААН скасаваць санкцыі супраць беларускага калію ў абмен на транзыт украінскага збожжа