Байдэн заклікаў Кангрэс узмацніць жорсткасьць кантролю за абарачэньнем зброі ў краіне

Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў Кангрэс забараніць штурмавую зброю, пашырыць сыстэму праверкі біяграфічных дадзеных пакупнікоў пісталетаў, стрэльбаў і вінтовак, а таксама прыняць іншыя разумныя захады для кантролю над агнястрэльнай зброяй у сувязі з цэлай сэрыяй выпадкаў масавай страляніны, якія адбыліся за апошні месяц.

Зьвяртаючыся з прамовай зь Белага дома, Байдэн заклікаў да шэрагу мер, супраць якіх гістарычна заўсёды выступалі рэспубліканцы ў Кангрэсе, уключаючы забарону на продаж штурмавой зброі або, калі гэта немагчыма, павышэньне мінімальнага ўзросту для куплі гэтай зброі з 18 да 21 году, а таксама адмену закону, які абараняе вытворцаў зброі ад судовага перасьледу за гвалт, учынены людзьмі, якія мелі пры сабе зброю.

Байдэн настойвае на тым, каб рэспубліканцы дазволілі вынесьці на галасаваньне законапраекты, якія прадугледжваюць захады для кантролю над абарачэньнем зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў лякарні ў Аклахоме: загінулі чатыры чалавекі

У ЗША, дзе ўзровень сьмерцяў ад агнястрэльнай зброі вышэйшы, чым у любой іншай багатай краіне на Захадзе, у апошнія тыдні адбыліся выпадкі масавай страляніны ў штатах Нью-Ёрк, Тэхас і Аклахома.

Заканадаўцы разглядаюць меры па пашырэньні праверак біяграфічных зьвестак і ўвядзеньні «чырвоных сьцяжкоў», якія дазволяць супрацоўнікам праваахоўных органаў адбіраць зброю ў людзей, якія маюць псыхічныя захворваньні. Але амаль усе новыя меры сутыкаюцца з сур’ёзнымі перашкодамі з боку рэспубліканцаў, асабліва ў Сэнаце, а ініцыятывы забараніць штурмавую зброю ня маюць дастатковай падтрымкі для прасоўваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў школе ў Тэхасе: 21 ахвяра, стралок забіты

Прыхільнікі ўзмацненьня жорсткасьці заканадаўства аб абарачэньні зброі падштурхоўваюць Байдэна да прыняцьця больш строгіх мер, але Белы дом хоча, каб Кангрэс прыняў закон, які меў бы больш доўгатэрміновае дзеяньне, чым любы ўказ прэзыдэнта.

Камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША ў чацьвер ужо пачаў працу над законапраектам, накіраваным на ўзмацненьне жорсткасьці нацыянальнага заканадаўства аб зброі, хоць у гэтай ініцыятывы мала шанцаў на прыняцьце Сэнатам.

Вячэрні выступ Байдэна больш быў накіраваны на тое, каб гэтае пытаньне заставалася ў цэнтры ўвагі выбарнікаў. За час свайго прэзыдэнцкага тэрміну прэзыдэнт вымавіў усяго некалькі вячэрніх прамоў зь Белага дома, у тым ліку адну пра пандэмію COVID-19 у 2021 годзе і адну пра страляніну ў Тэхасе на мінулым тыдні.

Па дадзеных некамэрцыйнай дасьледчай групы Gun Violence Archive, у 2022 годзе ў ЗША ад гвалту з ужываньнем агнястрэльнай зброі загінулі больш за 18 тысяч чалавек, у тым ліку ў выніку забойстваў і самагубстваў.