У Севераданецку працягваюцца баі, Лісічанск разбураны на 60%; з пачатку вайны загінула 261 дзіця. 100-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Наступствы авіяўдару ў горадзе Славянск. 31 траўня 2022 году

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Баі ў Севераданецку і яго навакольлях працягваюцца.
  • Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
  • З пачатку вайны Ўкраіны пакінулі каля 14 мільёнаў жыхароў.
  • Генштаб Украіны: ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету.
  • Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак паведаміў, што за час вайны Ўкраіна страціла ўжо звыш 200 заводаў.
  • Славаччына паставіць Украіне самаходныя гаўбіцы Zuzana 2, а Вялікая Брытанія — ракетныя сыстэмы M270 DW.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 3 чэрвеня

З пачатку вайны Ўкраіны пакінулі каля 14 мільёнаў жыхароў

За 100 дзён з пачатку вайны ва Ўкраіне каля 14 мільёнаў яе жыхароў былі вымушаны пакінуць свае дамы. Яшчэ 15,7 млн украінцаў маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, і іх колькасьць расьце, гаворыцца ў дакладзе крызіснага каардынатара ААН па Ўкраіне Аміна Авады.

У дакладзе таксама адзначаецца, што каля 3 мільёнаў украінскіх дзяцей былі вымушаныя спыніць вучобу з прычыны расейскага ўварваньня.

Пры абстрэлах Мікалаеўскай вобласьці пацярпелі 23 мясцовыя жыхары

Як паведамляе старшыня Мікалаеўскай абласной рады Ганна Замазеева, усіх 23 пацярпелых даставілі ў бальніцы.

«Агулам, па стане на сёньняшнюю раніцу, у мікалаеўскіх лякарнях знаходзяцца 260 грамадзян», — дадала Замазеева. Яна сьцьвярджае, што расейскія вайскоўцы працягваюць абстрэльваць жылыя раёны.

Брытанская выведка: РФ кантралюе больш за 90% Луганскай вобласьці

Па апошніх зьвестак брытанскай выведкі, Расея ўзяла пад кантроль больш за 90% Луганскай вобласьці і, мяркуючы па ўсім, можа захапіць яе цалкам у бліжэйшыя два тыдні. У выведцы ўдакладняюць, што дабіцца посьпеху ў Луганскай вобласьці расейскім войскам удалося за кошт канцэнтрацыі сіл на адным напрамку і вялікіх затрат рэсурсаў.

Агулам, паводле брытанскай выведкі, расейскім войскам не ўдалося дасягнуць сваіх першапачатковых мэтаў па захопе Кіева і ўкраінскіх цэнтраў кіраваньня дзяржавай. Дзякуючы ўпартаму супраціву ўкраінцаў і няздольнасьці захапіць аэрадром Гастомель у першыя 24 гадзіны наступ быў адбіты. Пасьля правалу першапачатковага пляну пра памылкі пры плянаваньні і дрэннае тактычнае выкананьне Расея зьмяніла канцэпцыю і засяродзілася на Данбасе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ISW у 100-ы дзень вайны: У расейскіх Ўзброеных сіл праблемы з кантролем акупаваных тэрыторый Украіны

ISW: У расейскіх Ўзброеных сіл праблемы з кантролем акупаваных тэрыторый Украіны

Вашынгтонскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) апублікаваў штодзённы аналіз узброенага канфлікту ва Украіне. Галоўнае на 100-ы дзень вайны:

  • Расейскія войскі рабілі спробы наступу на Славянск у Данецкай вобласьці на паўднёвы ўсход ад Ізюма і на захад ад Лімана, але амаль не прасунуліся наперад, паколькі асноўныя сілы кінутыя на Севераданецк. Пакуль такое становішча захоўваецца, ім наўрад ці атрымаецца прасунуцца на гэтым кірунку.
  • Расея пастараецца авалодаць Севераданецкам і Лісічанскім, каб мець магчымасьць сьцьвярджаць, што «вызваліла» ўсю тэрыторыю Луганскай вобласьці, пасьля чаго пераключыць свае намаганьні на Данецкую. Аднак у Севераданецку расейскае войска нясе цяжкія страты і шанцаў заняць хоць колькі-небудзь істотную тэрыторыю ў Данецкай вобласьці ў яе мала.
  • Ва ўзброеных сіл РФ праблемы з правядзеньнем мабілізацыі і маральных духам байцоў. Экспэрты лічаць, што расейская прымусовая мабілізацыя наўрад ці створыць значную баявую моц, але пры гэтым пагоршыць нізкі маральны дух і дрэнную дысцыпліну ў расейскіх і проксі-падразьдзяленьнях.
  • Расейскім акупацыйным уладам складаней трымаць парадак у захопленых тэрыторыях Украіны. Украінскі цэнтар супраціву паведаміў, што расейскія акупацыйныя адміністрацыі «створаныя толькі на паперы» і няздольныя кантраляваць мясцовае насельніцтва, прымушаць да выкарыстаньня расейскага рубля ці праводзіць бюракратычныя працэсы.

За 100 дзён вайны ва Ўкраіне разбураныя 370 помнікаў культурнай спадчыны

Пра гэта расказаў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі краіны Аляксандар Ткачэнка.

«Хацеў бы сказаць, што сярод гэтых 370 помнікаў культуры амаль палова — гэта цэрквы розных канфэсій. Фактычна, калі расейцы руйнуюць украінскую спадчыну, яны не адрозьніваюць, гэта іх скрэпы ці не іх, яны іх руйнуюць», — перадае словы Ткачэнкі «Укрінформ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я бег да параненага пад мінамётным агнём». Беларус «Фрэдзі» расказвае, як на вайне працуюць парамэдыкі

Баі ў Севераданецку і яго навакольлях працягваюцца​. У Лісічанску ад абстрэлаў загінула жанчына, пацярпелі інфраструктура і транспарт

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што баі ў Севераданецку і яго навакольлях працягваюцца.

Па словах Гайдая, расейскія войскі працягваюць наносіць удары па цывільнай інфраструктуры ў раёнах Севераданецка, Бароўскага, Устынаўкі і Лісічанска. У Лісічанску у выніку адстрэлу загінула жанчына, пацярпелі інфраструктура і транспарт пажарнай часткі, у Севераданецку пашкоджаныя дзевяць жылых дамоў.

Расейцы зьнішчаюць доказы ўласных злачынстваў у Марыюпалі, — дарадца мэру горада

Расейскія вайскоўцы пачалі разбор завалаў і «зьнішчэньне доказаў уласных злачынстваў», паведаміў дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка. Ён расказаў, што напярэдадні, 2 чэрвеня, пад заваламі аднаго з дамоў знайшлі 6 целаў мірных жыхароў (пяць трупаў мужчын і адзін — жанчыны), расейскія вайскоўцы вывезьлі іх у брацкую магілу ў сяле Вінаградным. У размове з журналістамі The Insider Андрушчанка патлумачыў, што даведаўся пра гэта ад мірных жыхароў.

У цэнтральнай частцы Севераданецка працягваюцца баі, — украінскі Генштаб

У ранішняй зводцы за 3 чэрвеня Генштаб узброеных сіл Украіны паведамляе, што ў Данбасе расейскія войскі працягваюць артылерыйскія абстрэлы па ўсёй лініі судакрананьня.

У цэнтральнай частцы Севераданецка працягваюцца баі.

На Папасьнянскім кірунку асобныя падразьдзяленьні 150-й мотастралковай дывізіі 8 агульнавайсковай арміі страцілі па меншай меры 50% асабовага складу, узбраеньня і тэхнікі. «Асабісты склад суперніка дэмаралізаваны, што абумоўлена пастаянным пераносам тэрмінаў іх ратацыі. Гэта прыводзіць да адмоваў вайскоўцаў ад удзелу ў баявых дзеяньнях», — адзначаюць у Генштабе.

Расейцы разбурылі Лісічанск на 60%

Пра гэта заявіў кіраўнік Лісічанскай гарадзкой ваенна-цывільнай адміністрацыі Аляксандар Заіка:

«Абстрэлы ўзмацняюцца з кожным днём. Акупанты бесьперапынна страляюць па ўсім горадзе. У Лісічанску зьнішчана 60% усёй інфраструктуры і жылых дамоў. У горадзе няма ні сьвятла, ні газу, ні электрычнасьці, ні тэлефоннай сувязі, ні інтэрнэту».

У горадзе пражывае 20 000 жыхароў.

З пачатку вайны ва Ўкраіне пацярпелі сама меней 724 дзіцяці

У выніку ўзброенай агрэсіі РФ ва Ўкраіне загінула 261 дзіця, 463 дзіцяці атрымалі раненьні, паведамляюць у Офісе Генпракурора Ўкраіны. Гэтыя дадзеныя не канчатковыя, адзначае ведамства.

Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай вобласьці — 187, Кіеўскай — 116, Харкаўскай — 112, Чарнігаўскай — 68, Луганскай — 52, Херсонскай — 52, Мікалаеўскай — 47, Запароскай — 29, Сумскай — 17, у Кіеве — 16, Жытомірскай — 15.

На Данбасе за дзень адбілі 5 атак расейскіх войскаў

За мінулыя суткі на Данецкім і Луганскім напрамках адбіты пяць атак расейскага войска, зьнішчаныя 5 танкаў, 3 артылерыйскія сыстэмы, 2 баявыя браніраваныя машыны, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны.

Тым часам паліцыя рэгіёну паведамляе, што расейскія войскі за дзень абстралялі 17 населеных пунктаў Данецкай вобласьці, у выніку былі пашкоджаныя 35 цывільных аб'ектаў, у тым ліку жылыя дамы, тралейбуснае дэпо, памяшканьні цеплаэлектрастанцыі. Вядома аб ахвярах і параненых сярод мірнага насельніцтва, але іх колькасьць не ўдакладняецца, таксама з-за абстрэлаў пацярпелі ратавальнікі, якія выехалі ліквідаваць пажар.

На Запароскай АЭС — крытычная сытуацыя

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны заявіла, што на Запароскай АЭС, занятай расейскімі войскамі, склалася крытычная сытуацыя — практычна адсутнічаюць запчасткі і расходныя матэрыялы. Паводле ведамства, расейскі бок вывучае магчымасьць падлучэньня станцыі да энэргасыстэмы РФ, але гэта пакуль тэхнічна немагчыма.

Зяленскі: Расея кантралюе пятую частку ўкраінскай тэрыторыі

«Расейскія войскі зайшлі ў 3620 населеных пунктаў Украіны, 1017 зь іх ужо ўдалося вызваліць, 2603 яшчэ мусім вызваліць. На сёньня пад кантролем акупантаў знаходзіцца блізу 20 адсоткаў нашай тэрыторыі, амаль 125 тысяч квадратных кілямэтраў», — сказаў Уладзімір Зяленскі 2 чэрвеня ў сваім відэазвароце да парлямэнту Люксэмбургу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў, якую частку тэрыторыі Ўкраіны кантралюе Расея і колькі населеных пунктаў вызваленыя ад яе войскаў

Кіеў: Украіна страціла ў вайну ўжо больш за 200 заводаў

Пра велізарныя маштабы стратаў заявіў у відэазвароце да камітэту замежных спраў і абароны ірляндзкага парлямэнту кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Вайна забрала 35% валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Украіны. Паводле Ермака, Украіна страціла ўжо больш за 200 заводаў, а непасрэдныя страты ад вайны ўжо перавышаюць 600 мільярдаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Washington Post: вайскоўцы РФ вывезьлі тэхніку з ЧАЭС на $135 мільёнаў. Частка ў Беларусі

Што адбываецца ў Расеі

Прыхаваная мабілізацыя ў Расеі

У Благавешчанску Амурскай вобласьці ў паштовыя скрыні пачалі раскладаць улёткі з рэклямай кантрактнай службы, а на вуліцах расклейваць аб’явы, паведамляе выданьне «Сота».

Тым, хто запісаўся на кантрактную службу, прапануюць «грашовае забесьпячэньне ў памеры ад 40 тысяч рублёў» (каля $600 па афіцыйным курсе), «бясплатны праезд», «магчымасьць набыць уласнае жытло» і «атрымаць вышэйшую адукацыю».

Расавіяцыя падоўжыла забарону на палёты ў 11 аэрапортаў РФ

Расавіяцыя падоўжыла рэжым часовага абмежаваньня палётаў у 11 аэрапортаў Расеі да 6 чэрвеня 2022 году. Гэта тычыцца Анапы, Белгараду, Бранску, Варонежа, Геленджыку, Краснадару, Курску, Ліпецку, Растова-на-Доне, Сімферопаля і Элісты. Авіякампаніям рэкамэндавана арганізаваць перавозку пасажыраў па альтэрнатыўных маршрутах, выкарыстоўваючы аэрапорты Сочы, Валгаграду, Мінэральных Водаў, Стаўрапалю і Масквы.

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве сьцьвярджаюць, што Расея спрабуе закінуць ва Ўкраіну дывэрсантаў з тэрыторыі Беларусі і вядзе выведку

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 крылатую ракету, — Генштаб Украіны

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адправіла ў Беларусь эшалён асьвячоных самаходных гаўбіц «Акацыя»

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: беларускія войскі заміноўваюць памежную з Польшчай і Ўкраінай тэрыторыю Беларусі

Як рэагуе сьвет

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. Патрыярха Кірыла вывелі са сьпісу

Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны

Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, якая спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.

Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем

Міністэрства эканомікі Тайваня падрыхтавала сьпіс стратэгічных высокатэхналягічных тавараў, якія забаронены да экспарту ў Расею і Беларусь. Беларусь уключана ў сьпіс, бо яна можа дапамагчы Расеі імпартаваць такія тавары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем. Чаму гэта важна?

Урад Нямеччыны прыняў рашэньне аб пастаўцы ва Ўкраіну СПА IRIS-T SL

Пра гэта абвясьціў канцлер ФРГ Оляф Шольц. «Урад вырашыў паставіць сыстэмы IRIS-T — гэта самая сучасная сыстэма супрацьпаветранай абароны з тых, якія мае ФРГ», — сказаў Шольц. Пра тое, што Бэрлін разважае над такім рашэньнем, у сярэдзіне траўня пісалі Reuters і Bild. Па дадзеных Bild, гэтыя комплексы здольныя эфэктыўна паражаць паветраныя цэлі ў зоне радыюсам 40 км і вышынёй 20 км.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адрэагавала на ініцыятыву ААН скасаваць санкцыі супраць беларускага калію ў абмен на транзыт украінскага збожжа

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк