Знаёмыя кажуць, што ён вельмі любіў дачок, празь іх не хацеў зьяжджаць зь Беларусі.
Уладзімера Крысёнка знайшлі павешаным у бацькоўскай хаце ў вёсцы Глінішча
Да зімы 2020 году Ўладзімер Крысёнак працаваў старшым апэратарам 3-й брыгады на ўстаноўцы «Дэпарафінізацыя маслаў 2». Быў абраны старшынём незалежнага прафсаюзу ў сваім падразьдзяленьні. Увосень 2020 году Ўладзімер далучыўся да страйку. Празь некаторы час яго звольнілі нібыта за прагул.
Калега, які працаваў з Уладзімерам на адной устаноўцы, расказаў, што на звальненьне прафсаюзнага лідэра падразьдзяленьня трэба было атрымаць дазвол незалежнага прафсаюзу «Нафтану». Такога дазволу калегі не далі.
Аднак усё адно Ўладзімера звольнілі, як звольнілі і яшчэ больш за 20 чалавек, што далучыліся да страйку.
«Перад выхадам у страйк у нас на працы была праблема, на якую зьвярнуў увагу Ўладзімер: часьцяком ставілі заглушкі па начах, што недапушчальна. Валодзя зьвярнуў на гэта ўвагу галоўных інспэктараў па ахове працы. Як нам раней казала кіраўніцтва, „усё, што напісана ў інструкцыях па ахове працы, — напісана крывёю“. У прынцыпе, гэта сур’ёзнае парушэньне. Хоць на пэўны час усё ж на ноч гэтыя заглушкі перасталі ставіць», — кажа суразмоўца Свабоды.
Уладзімера пакаралі тады пазбаўленьнем прэміі на 20%, а непасрэднага начальніка — на 5%.
«То бок сам Уладзімер і пацярпеў, — кажа суразмоўца. — Праявіў ініцыятыву і атрымаў адказ. Гэта адбылося за пару месяцаў да страйку. Начальства на яго вельмі раззлавалася, і намесьнік начальніка вытворчасьці ў прыватных размовах казаў, што зробіць усё, каб Валодзя тут больш не працаваў. І, мяркуючы па цяперашніх расказах працаўнікоў, заглушкі як ставіліся, так ставяцца і дагэтуль».
«Як гэта прынята на „Нафтане“ — ва ўсім вінаватыя страйкоўцы»
Пасьля звальненьня з «Нафтану» Ўладзімер езьдзіў на падпрацоўку ў Расею. Пасьля вяртаньня з Расеі яго першы раз затрымалі. Пра гэта ён нікому не расказваў, кажа суразмоўца Свабоды.
«Мы пра гэта даведаліся толькі зараз. Выйшла відэа пра ўстаноўку. Там вельмі непрыгожа, мякка кажучы, выглядае абсталяваньне. На заводзе пачалі шукаць, хто мог зрабіць гэтае відэа: падключылася служба бясьпекі, начальства, натуральна, КДБ.
І, як гэта прынята на „Нафтане“, ва ўсім вінаватыя страйкоўцы. Некалі былі перабітыя сілавыя правады, таксама пачалі выклікаць усіх страйкоўцаў і дапытваць. Гэта наагул сьмешна, бо страйкоўцы ня маюць доступу на завод. Як яны маглі перабіць тыя правады? Тое самае і з гэтай устаноўкай. Гэтая пляцоўка да сыходу Ўладзімера выглядала цалкам нармальна. Ну, а праз паўгода пасьля ягонага сыходу ўстаноўка ўжо выглядала так, як на відэа. Аднак Уладзімер ніяк ня мог пранікнуць на завод!» — абураецца суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нафтан» загружаны толькі на 64%, у прадпрыемства застаўся адзін лягістычны праход«Ні на якае супрацоўніцтва не пагадзіўся, даносіць на сяброў таксама ня стаў»
Другі раз Уладзімера Крысёнка затрымалі 24 траўня. На думку знаёмых, гэта былі прадстаўнікі ГУБАЗіК зь Віцебску. Пра гэта пасьпеў паведаміць Уладзімер сваім знаёмым.
«Яму прапаноўвалі супрацу з органамі, запалохвалі вялікім тэрмінам — да 12 гадоў. Ён ні на якае супрацоўніцтва не пагадзіўся, даносіць на сяброў таксама ня стаў. Праз 3 дні яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
Магчыма, гэта стала апошняй кропляй. Пасьля звальненьня з „Нафтану“ ён наагул закрыўся ў сабе, нікога да сябе не падпускаў. Нават блізкіх сяброў са сваёй трэцяй брыгады. Мне падаецца, гэта была дэпрэсія», — кажа суразмоўца.
Павешаным Уладзімера знайшлі ў бацькоўскай хаце ў вёсцы Глінішча, у якой ён жыў пасьля расстаньня з жонкай.
«Ён і раней шмат увагі аддаваў гэтаму дому, дабудоўваў яго, брыгада яму дапамагала, хлопцы езьдзілі туды. Бо з жонкай ён быў у разводзе і пераехаў да маці.
Зьяжджаць ён не зьбіраўся, хоць магчымасьць такая была.
Аднак ён вельмі любіў сваіх дачок. Адна ўжо паўналетняя, другая падлетак. І нікуды не хацеў зьяжджаць менавіта праз дачок. Казаў, што ня зможа без сваіх дзяўчатак», — кажа знаёмы Ўладзімера Крысёнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік страйку на «Нафтане» скончыў жыцьцё самагубствам. За тыдзень да гэтага яго затрымлівалі сілавікі