Легенда сусьветнага футболу, 81-гадовы бразілец Пэле (Эдсан Арантыс ды Насімэнту) заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне.
«Няма абсалютна ніякага апраўданьня для гэтага гвалту, які працягваецца. Гэты канфлікт жудасны, неапраўданы і не прыносіць нічога, акрамя болю, страху і нянавісьці», — гаворыцца ў адкрытым лісьце да Пуціна, апублікаваным у інстаграме Пэле.
«Магчымасьць спыніць яго — у вашых руках, — працягвае легендарны футбаліст, — тых, якія я паціскаў падчас нашай апошняй сустрэчы ў Маскве ў 2017 годзе».
Тады Пэле ўдзельнічаў у мерапрыемствах Міжнароднай фэдэрацыі футболу (ФІФА), якія папярэднічалі чэмпіянату сьвету ў Расеі ў 2018 годзе.
Пэле ўваходзіць у лік ста найбольш уплывовых людзей сьвету паводле вэрсіі часопіса Time.
- 24 лютага расейскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Ўкраіны на загад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Мэтамі ваеннага ўварваньня ён назваў «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю» Украіны, але не ўдакладніў, што канкрэтна мае на ўвазе.
- За тры месяцы зь дня пачатку шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ахвярамі баявых дзеяньняў сталі тысячы, а па некаторых зьвестках — дзясяткі тысяч мірных жыхароў.