Бярэш 10 тысяч, вяртаеш 17. Ці выгадна цяпер браць крэдыты ў банках?

Шэраг беларускіх банкаў пасьля перапынку ў сакавіку і красавіку абвясьцілі ў траўні, што зноў пачынаюць выдаваць спажывецкія крэдыты. Разьбіраемся, ці выгадна гэта.

Спажывецкія крэдыты

Тэхнабанк з 30 траўня прапануе спажывецкі крэдыт ад 500 да 30 000 беларускіх рублёў на тэрмін 2 ці 4 гады. Стаўка на 4 гады 29%. Абяцаюць, што крэдыт будзе без камісій.

Пры крэдыце ў 10 000 рублёў штомесячная выплата складзе 354 рублі. Агульная сума да выплаты — 17 тысяч рублёў.

«МТБанк» з 25 траўня прапануе спажывецкі крэдыт «Проще простого» пад 34,7% гадавых. Максымальная сума — 25 000 рублёў.

Калі ўзяць такі крэдыт на 2500 рублёў на 2 гады, то вяртаць давядзецца 3510. Больш на 1010 рублёў, чым узялі.

«Альфа банк» запусьціў з 26 траўня адразу некалькі крэдытных прадуктаў. Напрыклад, крэдыт «Приличные наличные» да 15 тысяч рублёў з гадавой стаўкай 34,9% гадавых. Калі браць максымальную суму ў 15 тысяч на год, то штомесячны плацёж складзе 1499 рублёў, то бок вяртаць давядзецца амаль 18 тысяч рублёў, 3 тысячы — пераплата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 49 кіляграмаў бананаў і 29 батонаў хлеба. На колькі пэнсіянэры ўжо зьбяднелі сёлета

Калі такі крэдыт браць на 2 гады, то вяртаць давядзецца 21 048 рублёў, або на 6 тысяч больш за суму крэдыту.

Крэдыт на спажывецкія патрэбы пад 24,9% гадавых прапануе банк БелВЭБ. Калі браць крэдыт на 15 200 рублёў на 2 гады, то штомесячны плацёж складзе 948,73 рубля, а выплаціць па выніку давядзецца 19 142,52 рублі. Гэта на 4 тысячы больш, чым сума крэдыту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканомяць на ежы, меней трацяць на забавы: як зьмянілася жыцьцё беларусаў апошнім часам, — дасьледаваньне Beroc

Крэдыты на нерухомасьць

Беларусбанк застаецца адным зь вядучых крэдытораў нерухомасьці ў Беларусі. З 1 чэрвеня банк вырашыў зьнізіць стаўкі па такіх крэдытах да 19% (у выпадку заключэньня новай дамовы для дакрэдытаваньня пры набыцьці жыльля зь дзяржпадтрымкай) і да 21% (для гараджан, якія заключылі дамовы на будаўніцтва жыльля зь дзяржаўнымі забудоўшчыкамі).

Калі ўзяць крэдыт на 20 гадоў пад 21% гадавых у памеры 117 450 рублёў, то штомесячны плацёж складзе 2100 рублёў, а за ўвесь тэрмін давядзецца выплаціць 504 000 рублёў. То бок у 4 разы болей, чым першапачатковая сума крэдыту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост тарыфаў на газ, новыя банкаўскія абмежаваньні. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 чэрвеня

Чаму банкі зьніжаюць стаўкі і рэклямуюць крэдыты

Даўгі беларусаў па спажывецкіх крэдытах падаюць чацьвёрты месяц запар, гэта значыць, што крэдыты бяруць усё меней ахвотна.

Запазычанасьць фізычных асобаў па крэдытах на пачатак красавіка скарацілася да 16,3 мільярда рублёў, што на 129,7 мільёна менш, чым месяцам раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад прапанаваў адмяніць некаторыя праверкі і зрабіць палёгкі ў спажывецкіх і жыльлёвых крэдытах. Лукашэнка думае

Нагадаем, за люты скарачэньне склала 1,8 млн рублёў, а за сакавік — 64,4 млн рублёў. У студзені таксама было скарачэньне. Раней запазычанасьць па спажывецкіх крэдытах расла.

А вось аб’ём крэдытаў на нерухомасьць працягвае расьці. Запазычанасьць фізычных асобаў па гэтым відзе крэдытаваньня на 1 траўня склала 11,3 мільярда рублёў. Гэта на 54,1 мільёна рублёў больш, чым месяцам раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне BEROC: Больш за палову беларусаў заўважылі зьніжэньне сваіх даходаў