«Беларускі народ, твой час надыдзе, і ў нас будуць новыя дачыненьні». Украінскі Мікалаеў адмовіўся ад супрацы з Браславам і Магілёвам

Разбураная расейскай ракетай абласная адміністрацыя ў Мікалаеве

Мэр гораду Мікалаева Аляксандар Сянкевіч заявіў аб аднабаковым выхадзе з пагадненьняў аб супрацы з Браславам і Магілёвам.

«Адпаведныя лісты ўжо накіравалі на адрасы выканаўчых камітэтаў гэтых гарадоў», — паведаміў Аляксандар Сянкевіч у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, ня можа быць ніякай супрацы з краінай, якая ня проста падтрымлівае расейскую вайну супраць Украіны, а і надае сваю тэрыторыю для расейскай вайсковай тэхнікі і абстрэлаў украінскіх гарадоў балістычнымі і крылатымі ракетамі.

«З тымі, хто стварыў вакол сябе злачынны аўтарытарны сьвет, нам не па дарозе. Мы занадта цэнім сваю свабоду і ўжо восем гадоў плацім за яе найвышэйшую цану», — дадаў мэр Мікалаева.

Аляксандар Сянкевіч лічыць, што супраца адновіцца ў будучыні, і асобна зьвярнуўся да беларускага народу.

«Беларускі народ, ты абавязкова здабудзеш сваю незалежнасьць! Твой час надыдзе, і мы пабудуем новыя партнэрскія дачыненьні», — напісаў мэр Мікалаева.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі горад Мікалаеў правядзе новы тэндэр на пастаўку аўтобусаў: МАЗ пад эўрапейскімі санкцыямі


Мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч лабіраваў набыцьцё беларускага пасажырскага аўтатранспарту за кошт эўрапейскіх крэдытаў. Пасьля скасаваньня ў 2021 годзе вынікаў тэндэру, у якім перамаглі беларускія аўтобусы, гарадзкія ўлады абвясьцілі паўторны конкурс, і ў ім таксама перамог пастаўшчык беларускага транспарту. Але Эўрапейскі інвэстыцыйны банк, які фінансуе абнаўленьне гарадзкога транспарту, не пасьпеў абвясьціць канчатковыя вынікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія горкі беларуска-ўкраінскай палітыкі. Як пагаршаліся стасункі Менску і Кіева