Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Нямеччыныі Олаф Шольц у суботу патэлефанавалі Ўладзіміру Пуціну. Размова працягвалася больш як гадзіну.
- Абмяркоўвалася сытуацыя на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, лёс палонных украінскіх вайскоўцаў, аднаўленьне перамоваў паміж Масквой і Кіевам, а таксама праблемы з пастаўкамі харчаваньня з Украіны і Расеі на сусьветны рынак.
У паведамленьні на сайце Крамля гаворыцца, што цяжкасьці з пастаўкамі прадуктаў харчаваньня, якія, паводле ацэнак ААН, ужо пагражаюць мільёнам людзей голадам, «сталі вынікам памылковай эканамічнай і фінансавай палітыкі заходніх краінаў, а таксама ўведзеных імі антырасейскіх санкцый». Як сказана ў паведамленьні, Расея гатовая «садзейнічаць пошуку варыянтаў» для вывазу збожжа з заблякаваных цяпер украінскіх чарнаморскіх партоў, а таксама нарасьціць пастаўкі расейскіх угнаеньняў і сельгаспрадукцыі. У абмен на гэта Пуцін дамагаецца «зьняцьця адпаведных санкцыйных абмежаваньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шольц у размове з Пуціным ня ўбачыў жаданьня Расеі мяняць пазыцыю па ЎкраінеНа сайце фэдэральнага ўраду Нямеччыны гаворыцца, што падчас перамоваў канцлер Нямеччыны і прэзыдэнт Францыі заклікалі да неадкладнага перамір’я і вываду расейскіх войскаў, а таксама заклікалі прэзыдэнта Расеі пайсьці на наўпроставыя перамовы з прэзыдэнтам Украіны і знайсьці дыпляматычнае вырашэньне канфлікту.
Падкрэсьліваецца таксама, што Макрон і Шольц заклікалі Пуціна «забясьпечыць паляпшэньне гуманітарнага становішча цывільнага насельніцтва» і адзначылі, што Пуцін запэўніў іх у прыхільнасьці да нормаў міжнароднага права ў адносінах да палонных. Таксама, як гаворыцца ў паведамленьні, Пуцін «запэўніў, што хоча дазволіць экспарт збожжа з Украіны, асабліва па моры» і, апроч іншага, паабяцаў, што адкрыцьцё міннага пояса (закладзенага Ўкраінай для абароны партоў), каб дазволіць экспарт збожжа марскім транспартам, ня будзе выкарыстоўвацца Расеяй для наступальных дзеяньняў. Пра гэта абяцаньне гаворыцца і ў паведамленьні Елісейскага палацу — але не на сайце Крамля.
Канцэлярыя францускага прэзыдэнта ў сваёй справаздачы аб размове паведаміла, што Шольц і Макрон заклікалі вызваліць каля 2500 украінскіх вайскоўцаў, узятых у палон на марыюпальскім заводзе «Азоўсталь».
- Макрон з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў канцы лютага часьцей, чым хто іншы з заходніх лідэраў, гаварыў па тэлефоне з Пуціным. У сувязі з гэтым лідэры шэрагу краінаў ЭЗ нават выказвалі зьдзіўленьне, заклікаючы яшчэ больш ізаляваць расейскага лідэра. Макрон заяўляў, што размовы не дастаўляюць яму задавальненьня, аднак дзеля дасягненьня міру ён працягне размаўляць з Пуціным.
- Шэраг СМІ ў апошні час пішуць пра рознагалосьсі ў ЭЗ па пытаньні аб далейшым узмацненьні жорсткасьці палітыкі ў адносінах да Расеі і павелічэньні абʼёмаў ваеннай дапамогі Ўкраіне, прычым Францыя і Нямеччына называюцца ў ліку больш памяркоўных краў.