Марыю Калесьнікаву, Сьвятлану Ціханоўскую і Вераніку Цапкалу ўганаравалі прэстыжнай міжнароднай прэміяй імя Карла Вялікага. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі яе ўручаюць беларусам, піша тэлеграм-канал каманды Віктара Бабарыкі.
Уручэньне прэміі адбылося ў каранацыйнай залі ратушы нямецкага гораду Аахэна.
Прэмію ад імя Марыі Калесьнікавай, якая знаходзіцца ў беларускай турме, атрымала яе сястра Тацяна Хоміч.
Марыя Калесьнікава, Сьвятлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала ўганараваныя гэтай узнагародай за мужнасьць, барацьбу за свабоду і дэмакратыю, за правы чалавека і тым самым за эўрапейскія каштоўнасьці, заявіў раней кіраўнік рады прэміі ў Аахэне Юрген Ліндэн.
Паводле яго, лідэркі беларускай апазыцыі Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала — «непаўторны прыклад» барацьбы супраць дыктатуры, прыгнёту і неправавой дзяржавы.
«Лукашэнка разьвязаў тэрор супраць уласных грамадзян, потым пагражаў эўрапейскай бясьпецы выкраданьнем самалёта, арганізаваў мігранцкі крызіс. Толькі на мінулым тыдні дыктатар падпісаў закон, які дазваляе караць вышэйшай меры пакараньня за „замах“ на тэрарыстычны акт. Дэ-факта гэта ордэр на забойства. Расстрэлы палітычных апанэнтаў становяцца рэальнасьцю. Наступнай ахвярай можа стаць беларускі прадпрымальнік, абвінавачаны ў тэрарызьме Мікалай Аўтуховіч.
Я ўдзячна за беспрэцэдэнтную міжнародную салідарнасьць. Наш голас быў пачуты ў Радзе Бясьпекі ААН, Эўрапарлямэнце, Бундэстагу і ва ўсім сьвеце. Як Карл Вялікі аб’яднаў Эўропу 12 стагоддзяў таму, мы зноў абʼядналі Эўропу. Ваша еднасьць важная для міру ва Ўкраіне. Ваша адзінства важнае для дэмакратыі ў Беларусі. Дыктатары спрабуюць падзяліць адзіны Захад, раскалоць ЗША і Эўропу. Яны спрабуюць убіць клін паміж краінамі ЭЗ. Яны шантажуюць сьвет голадам, мігрантамі і ядзернай зброяй. Ня варта адмяняць санкцыі з дыктатараў з-за шантажу. Пуцін і Лукашэнка падымаюць стаўкі і выдаюць сябе за меншае з двух зол. Самай вялікай санкцыяй супраць Пуціна была б вольная Беларусь.
Я часта чую, што тое, што адбываецца ў Беларусі і Украіне, — гэта барацьба паміж Захадам і Усходам. Гэта няпраўда. Гэта барацьба паміж дэмакратыяй і тыраніяй. Але гэта таксама барацьба паміж мінулым і будучыняй. Наш народ выбраў свабоду і дэмакратыю, але мінулае цягне нас назад. Гісторыя і будучыня павінны належаць нам, свабодным людзям Эўропы», — сказала Сьвятлана Ціханоўская на ўручэньні прэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ абнавіў сьпіс «тэрарыстаў» — у ім 15 новых прозьвішчаў, сярод іх Марыя Калесьнікава і Максім ЗнакМіжнародная прэмія імя Карла Вялікага — адна з найбольш значных эўрапейскіх узнагарод, яна ўручаецца з 1950 году людзям і арганізацыям за іх вядучую ролю ў аб'яднаньні Эўропы. У 2019 годзе прэмія была ўручана генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, за год да гэтага — прэзыдэнту Францыі Эманюэлю Макрону, у 2017-м узнагароду атрымаў брытанскі гісторык Тымаці Гартан Эш, а ў 2016-м – папа Рымскі Францішак.
Раней Марыя Калесьнікава, Сьвятлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала атрымлівалі іншыя міжнародныя прэміі за сваё змаганьне за свабоду слова, думкі і волю да дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пачало працу прадстаўніцтва Офісу Ціханоўскай. Чым яно будзе займацца