Выданьне «Медуза» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ў Крамлі плянуюць правесьці рэфэрэндумы аб далучэньні да РФ у самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР », у занятай расейскімі войскамі Херсонскай вобласьці Украіны, у самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі, а таксама ў Беларусі.
На першы погляд, інфармацыя не заслугоўвае вялікай увагі, ніякіх падрабязнасьцяў выданьне не паведамляе. Да таго ж падобныя размовы ідуць цягам хіба ня ўсёй гісторыі незалежнай Беларусі. Апошні раз яны вельмі актыўна вяліся ў 2019 годзе, калі стварэньне аб’яднанай дзяржавы разглядалася як магчымасьць для Ўладзіміра Пуціна падоўжыць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ў 2024 годзе ў якасьці кіраўніка гэтай новай дзяржавы.
Але ў 2020 годзе проста зьнялі абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, зрабілі «абнуленьне», і актуальнасьць абʼяднаньня зь Беларусьсю дзеля дасягненьня канкрэтнай мэты як бы зьнікла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Пуціну даводзяць карысьць далучэньня БеларусіАле вайна Расеі з Украінай задае зусім іншы палітычны і геапалітычны кантэкст.
Пляны далучэньня да РФ новых тэрыторыяў цяпер ня проста ёсьць, яны ўжо публічна агучаныя і ідзе падрыхтоўка да іх рэалізацыі. У «ДНР» і «ЛНР» ужо абвешчана аб намеры правесьці рэфэрэндумы аб далучэньні да Расеі. У Паўднёвай Асэтыі нават прызначылі дату такога рэфэрэндуму — 17 ліпеня. Праўда, прызначыў яе ўжо былы прэзыдэнт гэтага самаабвешчанага ўтварэньня; новы, нядаўна абраны кіраўнік можа пляны папярэдніка скарэктаваць. Але не абавязкова зусім адмяніць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паўднёвай Асэтыі прызначылі дату рэфэрэндуму аб уваходжаньні ў РасеюНарэшце, кіраўнік адміністрацыі Херсонскай вобласьці, прызначаны расейскімі акупацыйнымі войскамі, прастадушна абвясьціў аб плянах далучэньня вобласьці да Расеі, не затлумляючыся нават наконт якіх-небудзь плебісцытаў. Гэта не абавязкова апошняе слова Крамля, чыё рашэньне агучыў прызначаны акупантамі начальнік, але ход думак і плянаў зусім відавочны.
Пры гэтым Паўднёвая Асэтыя пасьля прызнаньня Масквой яе незалежнасьці ў 2008 годзе ў такім стане была 14 гадоў. «ЛДНР», якія Расея кантралявала з 2014 году, не далучылі да РФ за гэтыя 8 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акупацыйныя ўлады Херсону папросяць Пуціна ўключыць рэгіён у склад РФ без рэфэрэндумуТак што аргумэнтам супраць таго, што Расея мае намер далучыць Беларусь, да апошняга часу быў той чыньнік, што, за выключэньнем Крыму, яна так не паступала нават у дачыненьні да ўтварэньняў, якія доўгія гады фактычна кантралявала.
А цяпер палітыка, лінія паводзінаў мяняецца, і невыразны статус кантраляваных тэрыторыяў мяняюць на вельмі выразны — на крымскі, на статус субʼектаў у складзе Расейскай Фэдэрацыі. Пасьля анэксіі Крыму гэтая скрыня Пандоры адчыняецца зноў, і пры гэтым значна шырэй.
Ну дык і Беларусь — кантраляваная Расеяй тэрыторыя. Выкарыстаньне гэтай тэрыторыі для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне — найбольш яркае сьведчаньне кантролю.
Так, Беларусь — міжнародна прызнаная сувэрэнная дзяржава, у адрозьненьне ад іншых «кандыдатаў». А ці такое ўжо вялікае значэньне гэта сёньня мае для Крамля? Херсонская вобласьць Украіны — да сёньняшняга дня прызнаваная ўсім сьветам, і Расеяй у тым ліку, сувэрэнная ўкраінская тэрыторыя. Але хіба гэта перашкаджае прынамсі дэкляраваць праекты па яе далучэньні да РФ?
Калі правілы мяняюцца, калі да Расеі можна далучаць новыя тэрыторыі, то навошта сябе абмяжоўваць, навошта спыняцца? Чаму б не далучыць адным махам увогуле ўсё, што «дрэнна ляжыць»? Як той казаў, каб два разы не ўставаць.
Беларусь не абавязкова палічаць «дрэнна ляжачай» і рэальна ўключаць у гэты сьпіс. Але могуць. Ва ўсякім разе, імавернасьць гэтага падвышаецца праз кантэкст, празь зьмены палітыкі ў гэтым пытаньні.
Гэта што да палітычнага боку. Але ёсьць і ідэалягічны.
Варта ўзгадаць прамову Пуціна 21 лютага 2022 году, у якой ён абвясьціў аб прызнаньні незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР». У гэтай прамове ён ня толькі абгрунтоўваў права Расеі напасьці на Ўкраіну, але выкладаў і шырэйшае канцэптуальнае бачаньне:
«Такім чынам, пачну з таго, што сучасная Ўкраіна цалкам і поўнасьцю была створаная Расеяй, дакладней бальшавіцкай, камуністычнай Расеяй. Гэты працэс пачаўся практычна адразу пасьля рэвалюцыі 1917 году, прычым Ленін і яго паплечнікі рабілі гэта вельмі грубым у адносінах да самой Расеі спосабам — за кошт аддзяленьня, адрынаньня ад яе часткі ейных уласных гістарычных тэрыторыяў. У мільёнаў людзей, якія там жылі, вядома, ніхто ні пра што не пытаўся. ....
Тут адразу ж узьнікае шмат пытаньняў. І першае зь іх, насамрэч галоўнае: навошта трэба было з панскага пляча задавальняць любыя, якія бязьмежна расьлі, нацыяналістычныя амбіцыі на ўскраінах былой імпэрыі? Перадаваць у новаствораныя, прычым часта адвольна сфармаваныя, адміністрацыйныя адзінкі — саюзныя рэспублікі — велізарныя, часта ня маючыя да іх наогул ніякага дачыненьня тэрыторыі. Паўтараю, перадаваць разам з насельніцтвам гістарычнай Расеі. ...
Больш за тое, па факце гэтым адміністрацыйным адзінкам надалі статус і форму нацыянальных дзяржаўных утварэньняў. Ізноў задаюся пытаньнем: навошта трэба было рабіць такія шчодрыя падарункі, пра якія самыя зацятыя нацыяналісты раней нават і ня марылі, ды яшчэ і надзяляць рэспублікі правам выхаду са складу адзінай дзяржавы без усялякіх умоў?».
Што з гэтых выказваньняў можна аднесьці да Беларусі ў той самай ступені, у якой і да Ўкраіны? Усё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў указы аб прызнаньні «незалежнасьці» так званых «ЛНР» і «ДНР» і ўводзе туды войска. ГалоўнаеУ сваім леташнім праграмным артыкуле аб адзінстве расейскага і ўкраінскага народаў Пуцін даказваў менавіта гэтае адзінства. Але вось некалькі цытат зь яго:
«І расейцы, і ўкраінцы, і беларусы — спадкаемцы Старажытнай Русі, якая зьяўлялася найбуйнейшай дзяржавай Эўропы...
У Расейскай імпэрыі ішоў актыўны працэс разьвіцьця маларасейскай культурнай ідэнтычнасьці ў рамках вялікай рускай нацыі, якая злучала вялікаросаў, маларосаў і беларусаў....
Менавіта савецкая нацыянальная палітыка — замест вялікай рускай нацыі, трыадзінага народу, які складаўся зь вялікаросаў, маларосаў і беларусаў, — замацавала на дзяржаўным узроўні палажэньне аб трох асобных славянскіх народах: расейскім, украінскім і беларускім».
Гэта значыць, адзінства расейцаў і ўкраінцаў трэба было яшчэ даказваць, а з беларусамі па змоўчаньні і так усё ясна, яны ў гэтым адзінстве — праз коску, так бы мовіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці захопіць Пуцін Украіну? Погляд гісторыкаА вось і зусім сьвежае , сказанае 12 красавіка 2022 году, падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам на Далёкім Усходзе:
«Мы асабліва не адрозьніваем, дзе сканчаецца Беларусь, дзе сканчаецца Расея. Як няідзіўна гэта сёньня гучыць, мы заўсёды адзін народ — Украіна, Беларусь і Расея».
Зразумела, на гэтыя словы Пуціна можна прывесьці мноства іншых, дзе ён выказваў пашану сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, а прыведзеныя вышэй цытаты наконт «аднаго народу» і «гістарычнай Расеі» расцаніць як гістарычную сэнтымэнтальнасьць.
Але ўяўляецца, што названыя цытаты адлюстроўваюць ягоны сьветапогляд, яго адчуваньне гістарычнай несправядлівасьці.
У Расейскай імпэрыі ў часы валадараньня Кацярыны II быў адчаканены мэдаль. у гонар падзелу Рэчы Паспалітай з надпісам на царкоўнаславянскай «Отторженная возвратих» (адарванае вярнула).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў загаварыў пра вяртаньне Беларусі «ў родную гавань»Ну дык і для Пуціна землі нават не СССР, а Расейскай імпэрыі, якія не ўваходзяць у цяперашнюю РФ, — гэта адарванае.
Зрэшты, нават магутныя кіраўнікі не заўсёды могуць рэалізаваць свае жаданьні. Але, мяркуючы па ўсім, жаданьне «возвратих» у Пуціна ўзьнікла даўно ці ўвогуле ніколі не пакідала яго.
Яшчэ на сьвітанку свайго першага прэзыдэнцтва, у 2002 годзе, Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі 6 абласьцямі. Даўно было, але слова было вымаўлена яшчэ тады.
З усяго сказанага не вынікае, што ў Крамлі прынялі канчатковае рашэньне дамагацца цяпер ці ў найбліжэйшы час далучэньня Беларусі да РФ любымі сродкамі, пры неабходнасьці — і ваеннымі.
Але ў любым выпадку новая палітыка Масквы адносна далучэньня да РФ новых тэрыторыяў у спалучэньні зь нязьменнымі сьветапогляднымі ўстаноўкамі Пуціна наконт «гістарычнай Расеі» робіць зьяўленьне падобных плянаў як мінімум значна больш імаверным, чым гэта было раней.
Зразумела, што пляны не заўсёды рэалізуюцца. Адну зь перашкодаў да пляну далучэньня Беларусі «Медуза» указала са спасылкай на свае крыніцы: «Але гэта калі атрымаецца прадушыць Лукашэнку, які ад такога сцэнару ўсяляк сыходзіць».
Мяркуючы па ўсім, крыніцы выданьня ня лічаць, што Лукашэнка — поўная марыянэтка Пуціна, якая выканае любы загад з Крамля. Васал — так, але і ў Сярэднявеччы, калі зьявіўся гэты тэрмін, васал ня быў сынонімам слугі ці раба. Асабліва калі гаворка ішла аб замаху сэньёра на ўладаньні васала.
Варта дадаць, што на двары ўсё ж не Сярэднявечча і думкі і жаданьні беларускага народа як мінімум таксама маюць значэньне. Да таго ж і іншыя «сэньёры», іншыя дзяржавы, як і тады, наўрад ці застануцца абыякавымі да падобнага перакройваньня мапы сьвету.
Так што рэалізацыя такіх плянаў, калі яны ёсьць, будзе для Крамля няпростым прадпрыемствам. Але гаварыць пра тое, што такіх плянаў і ў памоўцы няма і быць ня можа, у цяперашнія часы не даводзіцца.
Перадрук з парталу Зеркало.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.