700 тысяч даляраў на кітайскія дроны. Навошта беларускае войска набывае 56 невялічкіх бесьпілётнікаў

Ілюстрацыйнае фота

Тэндэр на дзяржаўную закупку разьмешчаны на афіцыйным дзяржаўным сайце, купіць абсталяваньне зьбіраюцца да верасьня.

Тэндэр на закупку 56 камплектаў невялікіх кітайскіх дронаў папулярнай маркі DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed (альбо аналягаў) разьмешчаны на сайце дзяржзакупак 24 траўня. Мінабароны разьлічвае набыць дроны да пачатку верасьня. Усё абсталяваньне плянуюць накіраваць у 927-ы цэнтар падрыхтоўкі і прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў Паветраных сіл Беларусі ў Бярозе. Незвычайнасьць сытуацыі ў тым, што дрон DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed пры жаданьні можа купіць любы грамадзянін. Разьбіраемся, навошта беларускаму войску спатрэбіліся невялічкія кітайскія цывільныя дроны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Процітанкавыя сродкі, дроны. Вялікая Брытанія дасьць больш зброі Ўкраіне

Што гэта за мадэль?

З кітайскай маркай DJI Mavic сутыкаўся кожны, хто спрабаваў займацца фота- і відэаздымкамі з вышыні з дапамогай дронаў. На сёньня гэта адзін з самых папулярных вытворцаў у сьвеце, які мае шырокую лінейку аматарскіх і прамысловых мадэляў.

Дроны DJI серыі Mavic можна набыць у пунктах продажу кампаніі ў гандлёвых цэнтрах. У Менску, напрыклад, такая крама ёсьць у Galleria Minsk у самым цэнтры гораду. Яны папулярныя як сярод аматараў, так і ў прафэсійных фатографаў і апэратараў.

Цэны на мадэлі сэрыі пачынаюцца ад некалькіх соцень даляраў, прафэсійныя каштуюць каля 1000 даляраў. Але мадэлі DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed, якая зацікавіла беларускіх вайскоўцаў, у вольным продажы ў Беларусі няма. Такі дрон можна купіць у суседніх Польшчы ці Літве. Каштуе ён там каля 8000 даляраў у залежнасьці ад камплектацыі, з дадатковым абсталяваньнем цана можа вырасьці нават у разы.

З выгляду гэта звычайны невялічкі дрон для фатаграфаваньня альбо запісу відэа з паветра. Ён зьмяшчаецца ў невялікай пераноснай торбе, можа трымацца ў паветры на зарадзе аднаго акумулятара каля 40 хвілін, адлятаць ад гаспадара прыкладна на 6 кілямэтраў. Адрозьнівае мадэль ад іншых дронаў цеплавізар — адмысловая камэра, з дапамогай якой нават у цёмны час можна знайсьці аб’екты з адрознай ад навакольнага асяродзьдзя тэмпэратурай. Выкарыстоўваюць гэтую асаблівасьць перш за ўсё ў прамысловасьці, калі трэба знайсьці пашкоджаньне ў трубаправодах, напрыклад. А таксама падчас пошукавых апэрацый і для ратаваньня людзей. Цеплавізар дапамагае ўбачыць чалавека нават у поўнай цемры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская выведка: Лукашэнка хоча пазьбегнуць удзелу ў вайне праз рызыку санкцый, помсты Ўкраіны і незадаволенасьці вайскоўцаў

Навошта вайскоўцам цывільныя дроны?

У першую чаргу для выведкі і выяўленьня варожай тэхнікі, а таксама салдат праціўніка. З пачаткам вайны ва Ўкраіне стала зразумела, што нават звычайныя невялічкія плястыкавыя дроны з камэрамі могуць быць карыснымі падчас баявых дзеяньняў.

У першы месяц вайны ў СМІ трапіла гісторыя беларускай дзяўчынкі з Чэхіі, якая аддала свой асабісты дрон украінскім вайскоўцам. Сродкі на набыцьцё невялікіх цывільных дронаў для ўкраінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў зьбіраюць таксама валянтэрскія арганізацыі. Тэхніку набываюць у краінах Эўразьвязу, пасьля чаго накіроўваюць ва Ўкраіну.

На думку вайсковага экспэрта Ягора Лебядка, менавіта ўкраінскі досьвед спрабуе пераймаць Мінабароны Беларусі.

«Напэўна, асноўную ролю ў прасоўваньні такой закупкі адыграла вайна ва Ўкраіне і масавае і ўмелае прымяненьне ўкраінскімі вайскоўцамі квадракоптараў пры вядзеньні баёў, арганізацыі засад, карэктаваньні агню артылерыі, — піша Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале. — Тое, што такая закупка праводзіцца толькі цяпер, трывожны званочак. Калі закупкі ўзбраеньняў робяць не з апярэджаньнем і разуменьнем будучых баявых дзеяньняў, а проста ўбачыўшы досьвед іншых канфліктаў, гэта насьцярожвае».

Магчыма, сваю ролю ў рашэньні выкарыстоўваць у вайсковых мэтах цывільныя дроны адыграла і іх цана. Адзін расейскі бесьпілётны комплекс «Супэркам», які таксама зьбіраецца выкарыстоўваць беларуская армія, каштуе каля 400 тысяч даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі падоўжыла манэўры ля межаў з Украінай і Польшчай

Што яшчэ купляе беларуская армія

Больш за 4 тысячы даляраў Мінабароны Беларусі плянуе патраціць на мэталічныя жэтоны з асабістымі зьвесткамі салдат, іх ведамству патрэбна 20 тысяч штук. Агулам у беларускім войску служыць каля 45 тысяч вайскоўцаў (яшчэ каля 20 тысяч чалавек — цывільныя спэцыялісты). Прычыны закупкі такой вялікай колькасьці жэтонаў не ўдакладняюцца.

Амаль 17 тысяч рублёў Мінабароны Беларусі гатовае патраціць на 1000 індывідуальных мэдычных аптэчак. Паводле Ягора Лебядка, гэта стандартныя для беларускага Міністэрства абароны выдаткі, і яны наўрад ці непасрэдна зьвязаныя з падзеямі ва Ўкраіне.

19 траўня Лукашэнка расказаў пра больш сур’ёзныя выдаткі беларускіх вайскоўцаў. Па яго словах, Беларусь купіла ў Расеі комплексы супрацьпаветранай абароны С-400 і ракетныя сыстэмы «Іскандэр». У іншых крыніцах, у тым ліку расейскіх, зьвестак пра гэта пакуль не было. Паводле інфармацыі Свабоды, комплексы С-400 цяпер насамрэч могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ля Гомля і Мазыра.

Аднак абслугоўваюцца яны, як расказваюць мясцовыя жыхары, расейскімі салдатамі. У тым выпадку, калі Беларусь сапраўды набыла такую зброю, гэта магло дорага каштаваць дзяржаўнаму бюджэту. Адзін комплекс С-400 каштуе каля 500 мільёнаў даляраў. Цана аднаго комплексу «Іскандэр» можа даходзіць да 100 мільёнаў даляраў.