Джордж Сорас абвінаваціў Ангелу Мэркель у стварэньні моцнай залежнасьці ад Расеі, назваўшы яе палітыку «мэркантыльнай»

Джордж Сорас

Сорас абвінаваціў «спэцыяльныя пагадненьні» колішняй нямецкай канцлеркі Ангелы Мэркель з Масквой, усклаўшы на яе адказнасьць за залежнасьць Эўропы ад расейскага газу.

Амэрыканскі фінансіст і мільярдэр Джордж Сорас абвінаваціў колішнюю канцлерку Нямеччыны Ангелу Мэркель у тым, што дзякуючы яе палітыцы эўрапейскія краіны сталі крытычна залежнымі ад расейскіх энэргарэсурсаў. Пра гэта Сорас заявіў на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, інфармуе Politico.

Паводле яго, залежнасьць эўрапейскіх дзяржаў ад расейскіх энэрганосьбітаў застаецца высокай «у асноўным дзякуючы мэркантылісцкай палітыцы» Мэркель.

Мільярдэр таксама абвінаваціў Мэркель у тым, што тая «заключыла з Расеяй адмысловыя пагадненьні аб пастаўках газу і зрабіла Кітай найбуйнейшым экспартным рынкам Нямеччыны».

«Гэта зрабіла Нямеччыну самай эфэктыўнай эканомікай у Эўропе, але цяпер мы павінны плаціць высокую цану. Эканоміка Нямеччыны павінна быць рэструктурызаваная. І гэта зойме шмат часу», — сказаў Сорас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ураду Польшчы: «Палітыка Нямеччыны прывяла да сілы Расеі, якая вынікае зь яе манаполіі на пастаўку сыравіны»

Разам з гэтым ён пахваліў старшыню Эўракамісіі Урсулю фон дэр Ляен за тое, што яна знайшла «моцны эўрапейскі голас».

Фінансіст дадаў, што, хоць цяперашні канцлер Оляф Шольц быў выбраны працягваць палітыку Мэркель, ён, «здаецца, урэшце робіць правільныя рэчы», уключаючы адмову ад «Паўночнага патоку – 2», павелічэньне выдаткаў на абарону і адпраўку зброі ва Ўкраіну.

Раней Джордж Сорас казаў, што вайна ва Ўкраіне можа стаць пачаткам Трэцяй сусьветнай вайны, якой не перажыве цывілізацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джордж Сорас: «Напад Расеі на Ўкраіну стаў пачаткам трэцяй сусьветнай вайны»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шольц у размове з Пуціным ня ўбачыў жаданьня Расеі мяняць пазыцыю па Ўкраіне