У інтэрнэце зьявіўся алічбаваны першы выпуск праграмы з Пацам-Вацам. ВІДЭА

Паца-Ваца

Відэа апублікавалі на канале «Старое Белорусское Телевидение и Радио».

Гэта першы выпуск праграмы «Чава-Какава», дзе вядоўцам выступае Паца-Ваца, вядомы беларускім дзецям таго пакаленьня герой. Запіс 8-га каналу за жнівень 1993 году цяпер даступны ў інтэрнэце. Алічбаваў яго Аляксандар «ZXByteman» Аляксандраў, а касэту прадаставіла Натальля Фурсава.

На кадрах першага выпуску можна бачыць краявіды Менску. Паца-Ваца прызямляецца на дах жылога дому і зьвязваецца са сваім касьмічным караблём. Ён знаёміцца зь дзяўчынкай Наташай і гаворыць ёй, што шукае цікавае для забаўлянцаў — жыхароў зялёнай плянэты. Якраз дзяўчынка першай і паказала Пацу-Вацу, што такое мультфільмы, у якіх ён пазьней стане спэцыялістам.

На youtube-канале праекту апублікавалі і некалькі наступных выпускаў тэлеперадачы.

Паца-Ваца — лялечны пэрсанаж, адзін зь вядоўцай дзіцячай тэлепраграмы «Мультыклюб». Згодна зь легендай, Паца-Ваца — іншаплянэтнік, які прыляцеў на Зямлю з плянэты Альфамэгацэнтаўра. Ён трапіў на плянэту, населеную людзьмі выпадкова, але застаўся тут, бо адкрыў для сабе сьвет анімацыі. Праграмы з Пацам-Вацам шмат гадоў выходзілі на беларускай тэлевізіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адрозьніваюцца дзеткі, якіх гадуюць на «Маме Му» і на «Мыйдадзіры»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільмы з Расеі і стужкі мінулых гадоў: беларускі кінапракат вяртаецца ў 90-я