«Мы вернемся. Мы абавязкова вернемся!». Фрагмэнты лістоў Вітольда Ашурка з турмы

Фрагмэнты лістоў Вітольда Ашурка

Год таму ў шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах памёр 50-гадовы палітвязень і актывіст Вітольд Ашурак. У яго спынілася сэрца.

Свабода публікуе фрагмэнты лістоў Вітольда Ашурка да родных і сяброў пра турэмнае жыцьцё, родныя Бярозаўку і Лідчыну, падзеі 2020 году, суд, любоў да людзей, Беларусі і падарожжаў.

Таксама мы публікуем фрагмэнт турэмнага дзёньніка, які Вітольд дасылаў сяброўцы. Пасьля сьмерці вязьня дзёньнік зьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год безь Вітольда Ашурка. Пытаньні і адказы

Зіма

«Тое, як вы маляўніча апісваеце зіму, сьнег, завіруху, сьведчыць аб тым, што Вы вельмі любіце гэтую пару года! Мне таксама давялося сутыкнуцца зь зімой нават не ў клясычным яе выглядзе, а ў канцэнтраванай яе форме.

У 1988–1990 гадах мне давялося служыць у войску на Камчатцы. Гэта была сапраўдная Плянэта Зіма! 9 месяцаў зімы! Нам цяпер нават уявіць няпроста, што сьнег можа быць спадарожнікам чалавека такі працяглы час. Безумоўна, я быў тады маладым чалавекам, здаровым фізычна і эмацыйна ўстойлівым, але ўсё ж 9 месяцаў зімы для нас — гэта ўжо занадта! ))) Але ніякай дэпрэсіі, роспачы я не адчуваў. Мабыць, таму, што „дэкарацыі“ (сопкі, тайга, вульканы) кампэнсавалі адсутнасьць яскравых фарбаў?»

6 лютага 2021

Вітольд Ашурак, архіўнае фота

Падарожжы

«А падарожжы я люблю! Напэўна, як і большасьць людзей. Мне здаецца часам, што прага крочыць наперад, каб зазірнуць хоць трохі далей, закладзена ў нас на генэтычным узроўні. Менавіта гэтая ірацыянальная прага адкрываць новыя прасторы і робіць нас людзьмі!

Нават калі мы едзем у аўтобусе, то заўжды глядзім у вакно! Здавалася б, які ў гэтым сэнс?! )) Проста мы па сваёй сутнасьці вандроўнікі!

Але болей за ўсё я люблю зь сябрамі вандраваць па Нёмане на плыце. Кожны летні сэзон мы зь сябрамі ходзім у паход. Адно з выключэньняў — лета 2020 )))».

6 лютага 2021

Дзень нараджэньня

«Шчыры дзякуй вам, родненькія, за віншаваньне з Днём Народзінаў! Вельмі прыемна было атрымаць ваш ліст зь віншавальнай паштоўкай! Той Дзень Народзін (маё 50-годзьдзе) у Лідзкай турме ўвогуле — адзін з самых яскравых у маім жыцьці! Я меў гонар сядзець з самымі лепшымі людзьмі Ліды і Бярозаўкі, сапраўднымі патрыётамі Беларусі! Мяне віншавалі лістамі і паштоўкамі, тортам і канцэртам беларускіх песень. А ўвечары яшчэ і салют!!! Я дзякую Пану Богу, што жыву сярод такіх людзей!»

6 лістапада 2020

Жонка

«Пазаўчора да мяне на сьвіданку прыяжджала мая жоначка Вольга. Прыемна было яе пабачыць і пагаварыць! Дзьве гадзіны праляцелі як пяць хвілін! Не паверыце, толькі рука забалела трымаць тэлефонную трубку! ) Напрыканцы папрасіў жонку наступным разам захапіць з сабою скотч, каб прывязаць тэлефон да галавы! ))) Карацей, жартавалі і рагаталі на ўсю турму!»

15 красавіка 2021

Вітольд Ашурак з жонкай Вольгай

Беларуская мова

«Зь іншых адметных падзей — сьвяткаваньне Вялікадня ў карцары. Зразумела, што гэта выйшла ненаўмысна. Я тут наконадні пасварыўся з адным ня надта разумным чалавекам. Ён зьдзекаваўся зь беларускай мовы, і я ня мог прамаўчаць. Узьнікла сварка, і ўрэшце рэшт я атрымаў 5 сутак арышту».

15 красавіка 2021

Бярозаўка і Ліда

«Вельмі сумую па Лідзе! Па нашых жнівеньскіх і верасьнёўскіх шпацырах па горадзе! Аб нашым узьнёслым настроі і шчырых размовах! І ўсё ж такі спадзяюся, што вы, нягледзячы на надвор’е, не адмаўляецеся ад прагулак на сьвежым паветры. Бо сэрца маё з вамі, любыя мае сябры! Вы не ўяўляеце, як мне прыемна атрымліваць лісты зь Ліды і Бярозаўкі!!!

Калегі па камэры трохі зайздросьцяць, што на мой адрас ідзе столькі лістоў падтрымкі. Ведаеце, а мне ўсё мала! Ваш ліст я прачытаў тройчы. І яшчэ прачытаю, самае малое, столькі ж! Мне ўвесь час хочацца чытаць, слухаць пра Ліду, пра лідзкіх людзей, пра падзеі і навіны. Я разумею, што турма — ня тое месца, дзе можна атрымліваць інфармацыю з дома! Але я спадзяюся на тое, што праз пэўны час я буду сярод сваіх сяброў!»

1 сьнежня 2020

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На гадавіну сьмерці ў калёніі Вітольда Ашурка праваабаронцы абвясьцілі Дзень палітвязьня ў Беларусі

Людзі

«Ня буду лыгаць, я атрымліваю вельмі шмат карэспандэнцыі, але лісты зь Ліды і Бярозаўкі вельмі важныя для мяне і заўжды напаўняюць мяне хваляваньнем! Чытаючы іх, я лаўлю сябе на думцы, што гавару зь вельмі дарагімі майму сэрцу даўнімі сябрамі! Я заўжды лічыў, што людзі Лідчыны — таленавітыя, выбітныя, гераічныя асобы! Але падзеі лета — восені 2020 недвухсэнсоўна паказалі, што людзі Ліды і Бярозаўкі яшчэ лепшыя, чым я думаў! Я закахаўся ў гэтых людзей! Прабачце мой эмацыйны ўздым, але гэта так! Я заўжды марыў, каб нашыя людзі ўбачылі свой сапраўдны сьветлы твар, паверылі ў стваральную энэргію свайго патэнцыялу! І мая мара ажыцьцявілася! Людзі Лідчыны ня сталі героямі ў 2020 годзе! Яны былі такімі заўжды!»

1 сакавіка 2021

Альпіністы і горы

«Ведаеце, раней я не разумеў, якой халеры альпіністы лезуць угору. Здаецца, які сэнс рызыкаваць здароўем і жыцьцём? Навошта! Але аднойчы я зразумеў, што той момант, калі ты цераз усе перашкоды ўскараскаўся на вяршыню і пабачыў увесь сьвет на сваёй далоні, напаўняе цябе магутным сьвятлом, праз каторае ты адчуваеш, што можаш зрабіць нават немагчымае! Летась мы ўсе з вамі стаялі на самай высокай вяршыні сьвету! Мы зразумелі, што нічога немагчымага для нас няма! Такое не забываецца!»

1 сакавіка 2021

2020 год

«Божа, мне паперы ня хопіць пералічыць усіх прыстойных людзей! Сапраўды, 2020 год — адзін з найлепшых у маім жыцьці!»

24 лістапада 2020

Вітольд Ашурак падчас мітынгу ў 2020 годзе

Турэмная ежа

«Ты пытаесься, як я стаўлюся да турэмнай ежы. ))) Стаўлюся я да яе, як да надвор’я. Наўрад ці варта апісваць яе дыетычныя якасьці. ))) Ежа простая, бязь лішніх „наваротаў“. Гэта азначае, што з галадухі я тут не памру. Зрэшты, ты ж ведаеш, што да ежы я заўжды ставіўся перш за ўсё з пункту гледжаньня функцыянальнасьці. Карацей, зь ежай усё гуд».

2 лістапада 2020

Папяросы і кава

«Усяго хапае. Дзякуй вам усім! Ты ж ведаеш маё спартанскае стаўленьне — абы былі папяросы і кава — і я выжыву дзе заўгодна!»

31 студзеня 2021

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упаў за дзень да сьмерці, памёр у машыне «хуткай». Выйшаў фільм з дэталямі гібелі Вітольда Ашурка

Сон

«Як на дзіва, сон у турме выдатны! Усім, хто пакутуе на бяссоньніцу, рэкамэндую. ))) Гэта быў жарт, калі што. А калі сур’ёзна, то сапраўды спакойны сон тлумачу тым, што сумленьне маё ня мае плям. Я зрабіў усё, што мусіў быў зрабіць».

2 лістапада 2020

Імідж

«Наконт зьнешняга выгляду. Я такі ж самы, як на судзе. Гэта важны момант, бо імідж — гэта візытоўка чалавека. Плюс акуляры інтэлігентнага выгляду. ))) Не жартую. ) Ну, і імкнуся захоўваць сябе ў чысьціні. )) Усё як 18 студзеня + акуляры. За страчаны зрок асаблівае „прывітаньне“ Лідзкаму ЦІПу і ІЧУ!»

19 лютага 2021

Вітольд Ашурак, архіўнае фота

Малітва

«Ты пыталася, як наконт таго, каб памаліцца. Малюся кожны дзень перад сном, калі выдаецца магчымасьць адасобіцца і зьвярнуцца да Бога. Гэта вельмі інтымнае пытаньне, і гаварыць з Богам навідавоку іншых людзей будзе няправільна. Зразумела, што рэлігійная літаратура па-беларуску мне не зашкодзіла б».

5 сьнежня 2020

Гісторыя турмы

«І вось яшчэ адна просьба да цябе, Волечка! Мы з калегамі па камэры спрачаліся аб архітэктурным стылі і гісторыі горадзенскай турмы. Калі маеш час, зайдзі ў Вікіпэдыю і напішы мне, калі была заснавана турма, што за манастыр быў да яе і якія выбітныя людзі сядзелі ў камэрах, якія зараз я маю гонар займаць».

19 лістапада 2020

Суд

«Суд прызначыў судовае паседжаньне па маёй справе на 28 сьнежня на 10:00. Гэта панядзелак, і яны спадзяваліся, што раніцай у панядзелак мае сябры ня знойдуць часу прысутнічаць на судзе. Мала гэтага — судзьдзя Філатаў прызначыў судовае паседжаньне закрытым. )))

Такое адчуваньне, што яны нешта ўкралі і імкнуцца, каб ніхто не даведаўся праўды. Але ня варта сумаваць і нэрвавацца — хіба да гэтага часу суды не выпісвалі суткі і шалёныя штрафы настаўнікам, дактарам, бізнэсоўцам, будаўнікам і спартоўцам? Ім не прывыкаць! І я спакойна чакаю гэтага сакрэтнага суду — я быў разам зь людзьмі Лідчыны, калі яны выйшлі абараніць свой гонар! Мне вініцца няма чаго! Наадварот! Я ганаруся, што ў самы складаны час я трымаў сьцяг Перамен!»

2020

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзьдзя зь Ліды, які асудзіў Вітольда Ашурка, пайшоў на павышэньне

Прысуд

«Нават абвяшчэньне прысуду было для мяне сьвятам, бо я меў магчымасьць убачыць родных і сяброў зблізу першы раз за 120 дзён. Там, на волі, пра гэта ня думаеш, але калі трапляеш у сытуацыю, дзе ты яшчэ не асуджаны і тваё „злачынства“ не даказанае судом, а да цябе ўжываецца адмыслова такое катаваньне, то ты глядзіш на гэта зусім іншымі вачыма.

Зрэшты, гэта і добра, што мяне і іншых пратэстоўцаў па некалькі месяцаў прамарынавалі па ІЧУ і ЦІП-ах (кшталту лідзкага — без вады і каналізацыі і зь вядром у куце; і са сьвятлом, зь якім я за месяц страціў зрок!). Вельмі добра! Вельмі добра, што катавалі штучнай ізаляцыяй ад родных!

Гэта нам добрая прышчэпка, каб мы не захварэлі на смаркаты гуманізьььм! Каб ня мелі ілюзіі ні наконт сыстэмы, ні наконт выканаўцаў. Цяпер я плюну ў вочы таму, хто закліча мяне бачыць людзей у асобах катаў, хто ўсё гэта рабіў!

І судзьдзя, і пракурор, усьміхаючыся мне ў твар, не маглі ня ведаць, даючы мне 5 год турмы, што мая 82-гадовая маці ўжо не дачакаецца мяне і памрэ. А яны нават не пусьцілі яе ў залю суду, курвы!»

11 лютага 2021

Архіўнае фота. На акцыі пратэсту

Пасьля прысуду

«Што зьмянілася пасьля прысуду? Ды нічога не зьмянілася! Выдатны сон! Цудоўны апэтыт! Ты ведаеш, Волечка, на волі мой сьняданак складаўся з кубачка кавы і трох папярос. А тут я пачаў есьці на сьняданак вельмі карысную аўсяную кашу! Гэта крок наперад да здаровага ладу жыцьця! Бачыш, Волечка, я і гумару ня страціў! Так што пасьля прысуду НІЧОГА НЕ ЗЬМЯНІЛАСЯ! Я ўсё той жа Вітольд. Твой сябра і чалавек, скірованы толькі на перамогу!»

3 сакавіка 2021

Пратэстоўцы ў турмах

«Вы пішаце, што вельмі шкада людзей, якія трапілі за краты. Я цалкам згодны з Вамі! І мне вельмі шкада гэтых цудоўных і мужных людзей, якія сьвядома ахвяруюць сваёй свабодай за шанец зьмяніць ганебнае становішча нашай Айчыны! Шмат такіх людзей я сустракаю за тоўстымі мурамі, якія падзялілі мой сьвет на „волю“ і „няволю“. Гэта цудоўныя людзі! Я ганаруся тым, што я на баку такіх людзей! Што яны сьвядома лічаць мяне сваім! Нас няма зараз з вамі, тымі, хто застаўся на волі, але мы не памерлі і не сышлі назаўжды! Мы вернемся. Мы абавязкова вернемся! Проста сёньня час быць героямі прыйшоў для вас, тых патрыётаў, якія засталіся на волі! І я ўпэўнены, што вы — героі!»

14 лютага 2021

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брат і сябар загінулага ў калёніі Вітольда Ашурка зьехалі зь Беларусі праз пагрозу перасьледу

Палітвязьні

«Наконт палітыкі ў турмах у двух словах не напішаш. Тут трэба цэлы артыкул пісаць! Тое, што пішуць у газэтах, што ў Беларусі больш за 900 палітвязьняў — проста сьмех. Альгарытм наданьня статусу палітвязьня ў нас ня дзейнічае. Вельмі шмат людзей, якія бралі ўдзел у пратэстах, асуджаныя не па палітычных артыкулах, а па крымінальных. Як сказаў адзін сьледчы майму добраму знаёмцу: „А нахалеру нам рабіць з вас герояў? Мы зробім з вас жулікаў!“. Такім чынам, лічбу 900 трэба памнажаць на 3, альбо нават на 5!»

31 студзеня 2021

Фрагмэнт з турэмнага дзёньніка Вітольда Ашурка

«21.11.2020. Горадзенская турма № 1

„Земную жизнь пройдя до половины, Я оказался в сумрачном лесу...“

Сёньня гэтыя радкі прыгадаў мой калега І.В., калі мы гатавалі ранішнюю каву. Зрэшты, а дзе ж яшчэ цытаваць Дантэ, як не ў турме? ))) І ў якім коле Дантавага пекла мы апынуліся? )))

Субота. Зручны дзень напісаць некалькі лістоў дадому. Бадай што так і зраблю. На „гулцы“ паставіў сабе за мэту зрабіць у нататнічку сьпіс пытаньняў, якія трэба вырашыць з адвакатам. Бо калі адбываецца сустрэча, то заўжды для мяне гэтыя сустрэчы зьнянацку, і я губляюся. Накідаў плян пытаньняў. Дый яшчэ расьпісаў стратэгію абароны на судзе. Буду сустракацца з адвакаткай, то параімся. Хоць я схільны настойваць на сваім варыянце стратэгіі, але мо і яна прывядзе якія аргумэнты.

Даведаўся ад Абдула, што „дзякуй“ на фарсі гучыць як „ташакур“. Ну, яшчэ можна сказаць „рахмат“, але гэта на агульнай цюрскай мове. „Ташакур“ — таксама „дзякуй“ і па-турэцку.

Вечарам чакаў лістоў. „Але лёс склаўся так, што...“ Карацей, лістоў сёньня няма. ((( Буду чакаць аўторка. І сам пісаць лісты».

Вітольд Ашурак падчас мітынга 2020 году

Мама

«Даражэнькая, любая мая мама!

Атрымаў Твой ліст ад 14.03.

Ён разарваў маё сэрца.

Таксама як і той дзень у Лідзе, калі мяне мітусьліва хутка вялі ў суд, каб Ты, мама, мяне ня ўбачыла. А Ты стаяла здалёк і глядзела, каб толькі на хвілінку ўбачыць свайго сына!

Я ведаю, як Табе цяжка, як Ты пакутуеш ад немагчымасьці ўбачыць і абняць мяне. І ад гэтага маё сэрца камянее. Мацуйся, мая мілая мама! Будзь моцнай і дачакайся мяне.

Памятай, што ў гэтым годзе я прыеду дахаты і мы абдымемся з Табою!

Прабач мяне, што церазь мяне на Цябе звалілася столькі гора і смутку. Але Ты, мама, ведаеш, што я павінен быў узначаліць Паўстаньне ў Лідзе! Калі ўжо я спалохаўся б, то на што тады мы вартыя? Спадзяюся, што Твой бацька, дзед Мірон, ухваліў бы мой учынак.

Ведаю, што мае сябры і сяброўкі зь Бярозаўкі і Ліды падтрымліваюць Цябе. Дай ім Божа здароўя! Яны Цябе, мама, вельмі паважаюць і пішуць, што заходзяць праведаць Цябе!

Прашу Цябе, мама, памятай, што хуткім часам мы з Табою сустрэнемся! Час, калі мы абдымемся, ужо блізка!

І я не зрабіў нічога, каб Табе было сорамна за мяне!

Люблю Цябе і моцна-моцна абдымаю!

Твой сын Вітольд.

P.S. Мама, не хвалюйся, зь ежай я праблем ня маю. У камэры цёпла. Амаль усе калегі — „палітычныя“ і да мяне ставяцца з павагай. На прагулку я хаджу ў шапцы. ))) Не сумуй, любая мая!».

22 сакавіка 2021

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу пасьля сьмерці Вітольда Ашурка так і не завялі, родным перасталі адказваць на пытаньні

Будучы сплаў

«Упэўнены, што мы яшчэ сходзім у паход па хвалях Нёмана! Вялікай кампаніяй сяброў, цёплымі начамі, з кавай і прыемнымі размовамі! Чарняк возьме гітару!!! ))) Прыгадаем і сёньняшнія нашыя трывогі і спадзяваньні! Упэўнены, што яны пададуцца нам, мо на той час, і сьмешнымі, і недастаткова сьмелымі! Як я зайздрошчу тым „нам“, якія пакінуць часы зьняволеньня і зьдзеку над нацыяй у мінулым! )) Усё гэта безумоўна будзе!»

9 сьнежня 2020

Шклоўская калёнія

«Пішу табе з гораду Шклову.

Якія мае першыя ўражаньні? Ды ведаеш, Волечка, збольшага я яшчэ нават і не пасьпеў іх сфармуляваць. Калі пераяжджаеш зь месца на месца пад вартай і з усімі гэтымі кіношнымі спэцэфэктамі — аўтазакі, вагоны-„сталыпіны“, кайданкі, аўчаркі, то не адразу маеш магчымасьць пераадолець дэзарыентацыю, у якую трапляеш. Пэўна што, гэта пройдзе і я зноў набуду цьвёрдую глебу пад нагамі.

Пакуль што, Волечка, я знаходжуся ў карантыне. Калі зусім сьцісла, то гэта падрыхтоўка да таго, як мяне зьмесьцяць у паўнавартасную калёнію. Зь ядою тут, на дзіва, няблага. Учора, напрыклад, на вячэру былі дранікі. Зусім нечаканы падарунак лёсу для такога беларускага нацыяналіста, як я!».

25 красавіка 2021

Скрыншот зь відэа, якое апублікаваў Сьледчы камітэт са шклоўскай калёніі № 17, дзе загінуў Вітольд Ашурак

Жоўтыя нашыўкі

«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзеньні, і таму палітычных можна адрозьніць здалёк. Гэта многае спрашчае. ))) Упэўнены, што досьвед Другой усясьветнай вайны будзе вельмі карысным у нашых умовах».

25 красавіка 2021

Разьвітаньне

«Абдымаю цябе, і будзем жагнацца! Твой сябра Вітольд. Прывітаньне ўсім!!! Жыве Беларусь!»

11 лютага 2021

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.