Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, інфляцыя ў Беларусі ў сакавіку 2022 году склала крыху больш за 6%. Гэта болей, чым узровень гадавой інфляцыі за ўвесь апошні дакрызісны 2019 год (4,7%). Зьвестак за красавік 2022-га пакуль няма, аднак інфляцыя за гэты месяц можа быць прынамсі ня меншай — цэны на харчаваньне і іншыя тавары працягваюць расьці. У некаторых выпадках рост значна перавышае 5% і нават 10%. Уладальніцы хатніх гадаванцаў у размове са Свабодай расказалі, як спрабуюць захаваць узровень жыцьця сваіх катоў і сабак падчас эканамічнага крызісу.
«Набыла кату корму на паўгода наперад»
«Я на пачатку вайны закупіла ежы кату на паўгода наперад, — расказвае мянчанка Тацяна. — Як усё пачалося, то я ня стала чакаць. Бо ў катоў такая асаблівасьць, як і ў сабак, што яны прызвычайваюцца да аднаго віду ежы. Да смаку. І звычайна іх вельмі цяжка перавесьці на нешта іншае».
Дзяўчына гаворыць, што ў першыя дні пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну змагла купіць 15 кіляграмаў кацінага корму. І гэта было ня вельмі лёгка зрабіць.
«Я пасьпела гэта зрабіць да падаражаньня, — дзеліцца яна. — Пачатак сакавіка быў. І здарыўся вялізны ажыятаж. Вялікія заакрамы мелі перапоўненыя онлайн-замовы. Яны не спраўляліся, не прымалі замоў. Альбо прымалі толькі на тыдзень наперад. На сайтах нават вялікіх крамаў можна было пабачыць паведамленьні пра тое, што яны спынілі прыём заявак. Празь некалькі дзён я правярала цэны, яны тады яшчэ ня вельмі моцна падняліся. Якія цяпер, мне складана сказаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія валянтэры дапамаглі кату з Бучы, скрадзенаму расейскімі салдатамі, вярнуцца да гаспадароўПа словах Тацяны, якая шмат гадоў трымае дома жывёлаў, большасьць тавараў для іх у Беларусь прывозяць з-за мяжы. Нават калі корм робіцца ў Расеі, ён будзе зроблены на сумесным прадпрыемстве з выкарыстаньнем замежных дабавак.
«Я кармлю ката кормам сумеснай француска-расейскай вытворчасьці, — гаворыць яна. — І нават калі гэты корм у Расеі робяць, то ён мае францускія складнікі. Гэта таксама паўплывала на жаданьне зрабіць запасы. Не было зразумела, ці будзе гэты корм у наяўнасьці ўвогуле. Беларускай вытворчасьці таксама ёсьць кармы, але мой кот адмаўляецца іх есьці. Асабліва гэта тычыцца сухіх кармоў. Тое, што зроблена з субпрадуктаў, яшчэ можа, а сухія — не».
Аматарка катоў расказвае, што ўсе дасяжныя ў Беларусі кармы для жывёлаў дзеляцца на клясы. І калі карміць ката ці сабаку самай таннай ежай, яны з часам пачынаюць хварэць. А гэта ўжо зусім іншыя выдаткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жывёлы ў выгнаньні». Кранальны праект пра ўзьяднаньне хатніх гадаванцаў з гаспадарамі-ўцекачамі«Альбо жывёлы не атрымаюць неабходнага, альбо іхныя гаспадары будуць галадаць»
Марына жыве ў Менску ў прыватным сэктары, мае сабаку. Яна расказвае, што літаральна на днях заўважыла другую хвалю рэзкага росту цэнаў на тавары для хатніх гадаванцаў.
«З пачаткам вайны ў заалягічных крамах рэзка зьніклі найбольш папулярныя кармы, — гаворыць Марына. — Людзі так адрэагавалі на чаканьні ваеннага часу, усё скупілі. Потым яны зьявіліся зноў, але цяпер пачалася іншая праблема. Цэны на найбольш папулярныя вырасьлі ў 1,5-2 разы. Гэта ўсё рэзка адбылося. Падаражэлі сярэднія маркі кармоў, прэміяльныя даўно ўжо недасяжныя. Асабліва для спагадлівых людзей, якія жывёлак на вуліцы падбіраюць. А яшчэ больш падаражэлі вэтэрынарныя сродкі».
Марына некалькі дзён таму заходзіла ў краму, каб купіць свайму сабаку неабходныя яму рэчы. Яна гаворыць, што папулярны сродак ад паразытаў, у тым ліку ад кляшчоў, каштуе ўжо амаль 100 рублёў за адну таблетку. На сэзон такіх таблетак сабаку вялікіх памераў трэба 2-3.
«Адной таблеткі хапае на 3 месяцы, — гаворыць Марына. — Ёсьць іншыя сродкі, больш танныя, але, калі ўсё падлічыць, то атрымаецца тое самае. Абараняць свайго гадаванца стала вельмі і вельмі нятанна. А ёсьць яшчэ выдаткі на прышчэпкі, на вэтэрынараў. Я зараз ня буду разважаць пра маральнасьць такога цэнаўтварэньня. Але любы паход да вэтэрынара, калі ты ўклаўся ў 100 рублёў, будзе вялікім шчасьцем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі сабака Патрон, які разам з сапэрамі разьміноўвае Чарнігаўшчыну, здабыўшы папулярнасьць ва ўсёй УкраінеМарына таксама гаворыць, што танныя кармы прыводзяць да таго, што ў сабак і катоў пачынаюцца праблемы са здароўем, паправіць якія будзе пасьля вельмі дорага. Выдаткі на ўтрыманьне свойскіх жывёлаў працягваюць расьці, кажа жанчына.
«Жывёлы зараз альбо ня будуць атрымліваць адэкватнай дапамогі, альбо ж будуць галадаць, даруйце, іхныя гаспадары, — кажа Марына. — Альбо тыя, хто ўзяў жывёлінку, будуць ад яе пазбаўляцца. Я памятаю, як гэта было 30 гадоў таму, калі ўводзілі нейкі падатак на хатніх гадаванцаў. На Менскім моры, на пляжах па-за сэзонам зграямі хадзілі пародзістыя сабакі, якіх выкінулі гаспадары».
«Корм для сабакі ў Варшаве ўдвая таньнейшы, чым у Менску»
Ірына выехала з Беларусі неўзабаве пасьля пратэстаў. Прыкладна праз год змагла перавезьці ў Варшаву свайго сабаку. Расказвае, што была вельмі зьдзіўленая цэнамі на яго ўтрыманьне ў Польшчы.
«Наш сабака мае праблемы са страўнікам і патрабуе асаблівай ежы. Корм, да якога ён звыклы, у Варшаве каштуе ўдвая таньней, чым каштаваў у Менску раней, — расказвае яна. — Гэта ня самы просты корм, ён спэцыялізаваны. У Беларусі гэта дорага. Калі прыкладна ацаніць кошт, то гэта было недзе каля 100 даляраў за 12-кіляграмовы пакет. Гэтага хапала на два месяцы. У Варшаве тое самае каштуе 50 даляраў».
Візыты да вэтэрынараў, дзеліцца дзяўчына, у Польшчы каштуюць прыкладна столькі ж, колькі і ў Беларусі. Даражэй таксама ў Варшаве абыходзяцца рэчы, неабходныя для выгульваньня сабакі — аброжкі, ланцугі і іншае. Цацак для гадаванца Ірына ў Варшаве не купляе, іх прадаўцы звычайна кладуць у пакет з кормам.
«Крыху вырасьлі цэны цяпер у Польшчы, — гаворыць дзяўчына. — Але гэта ня вельмі заўважна. Я не адчуваю іх росту».
Колькі каштуе корм для жывёлаў у розных краінах
Свабода параўнала цэны ў інтэрнэт-крамах Менску, Вільні і Варшавы на аднолькавыя 8-кіляграмовыя упакоўкі сухога корму для малых шчанят папулярнай француска-расейскай маркі Royal Canin. Такога пачка хапае прыкладна на месяц харчаваньня для сабакі вагой менш за 10 кіляграмаў. У папулярнай сетцы беларускіх заакрамаў такая ўпакоўка каштуе ў пераліку з рублёў (курс па 2,6 рубля за 1 эўра. — РС) каля 45 эўра. Віленскія крамы прапануюць такі ж корм па 40 эўра за 8-кіляграмовы пакунак. Яшчэ танней ён каштуе у Варшаве — 33 эўра. Пры ўмове куплі адразу некалькіх пачкаў прадавец абяцае зьніжку.