Паводле традыцыі, мы стараемся на свой дзень нараджэньня рабіць падарункі нашым сябрам: новыя праекты, конкурсы, фільмы, кнігі...
У Бібліятэцы Свабоды, якой сёлета спаўняецца 20 гадоў, ужо больш за восем дзясяткаў выданьняў, і ўсе яны, як правіла, спачатку гучалі ў этэры, на кароткіх і сярэдніх хвалях, у інтэрнэце і на спадарожніку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі СвабодыМы пачынаем новы разьдзел нашай бібліятэкі — для тых, хто любіць слухаць. Мы будзем вяртаць кнігі, іх аўтэнтычнае гучаньне ў аўтарскім выкананьні па-беларуску — часам з архіўных запісаў, часам аўтары будуць начытваць свае творы наноў. Бо Свабоду не заглушыш!
Сёньня прапануем вам некалькі першых аўдыёкніг Свабоды, якія можна чытаць тут, а зараз можна і слухаць тут:
Уладзімер Арлоў. Пакуль ляціць страла
Сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэч у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрніках і ва ўнівэрсытэтах.
Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька: Освальд у Менску
Гісторыя двух гадоў жыцьця ў беларускай сталіцы Лі Гарві Освальда — амэрыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі.
Пётра Садоўскі. Мой шыболет: Аўтабіяграфічныя арабэскі
Зацяты мовазнавец, бліскучы палітык, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне пра свой беларускі шлях — ад Фройда да Майсея.
Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР: Архіўны раман
Дасьледнік спадчыны БНР аднаўляе нараджэньне дзяржавы. Лесьвіца ў мінулае, якая вядзе ўгору.
Галоўная інтэрнэт-пляцоўка, на якой разьмяшчаюцца нашы аўдыёкнігі, — YouTube-канал «Падкасты Свабоды».
Тут кнігі запампаваныя адным вялікім файлам — можна слухаць усё ад пачатку да канца або выбіраць у апісаньні паасобныя разьдзелы.
Нашы кнігі таксама можна слухаць на аўдыёплятформе SoundCloud, дзе яны разьмешчаныя ў форме плэйлістоў:
«Вострая Брама». Культурны кантэкст новага часу. Перадача Сяргея Дубаўца
«Неверагодны 2020-ы». Дваццаць меркаваньняў пра падзеі 2020-га, ад Сьвятланы Алексіевіч да Арцёма Шрайбмана
«Клініка кітайскага дантыста». Зьміцер Бартосік запрашае ў падарожжа ў невядомую Беларусь
Цяпер ідзе праца над агучваньнем і апрацаваньнем іншых кніг сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» — як навейшых, так і тых, што захоўваюцца ў залатым фондзе нашых аўдыёархіваў.
Новыя кнігі аўдыёбібліятэкі будуць цяпер зьяўляцца рэгулярна.
Бо Свабоды не заглушыць, не забаніць, не заблякаваць!
Аляксандар Лукашук, Бібліятэкар Свабоды