Ён лічыць, што Нацбанку Беларусі варта было перагледзець рэжым прывязкі беларускага рубля да расейскага, і заяўляе, што беларуская эканоміка канчаткова адвязалася ад рынкавых мэханізмаў. Падрабязна — у інтэрвію Свабодзе.
Сьцісла:
- Урад будзе ўсё валіць на санкцыі, на вонкавыя абставіны
- Цяперашняя сытуацыя для беларускай эканомікі можа стаць яшчэ больш балючай, чым была пасьля развалу СССР
- Расейскі рубель цяпер зьяўляецца ўмоўнай адзінкай, ягоны курс ужо не зьяўляецца рынкавым.
- Экспарту няма, унутранага попыту няма, авіяцыя не лятае, турыстычных паслуг няма, інвэстыцыі скарачаюцца.
— Прэм’ер міністар Беларусі Раман Галоўчанка нядаўна заявіў, што санкцыі Захаду заблякавалі экспарт зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу і ЗША на 16-18 мільярдаў даляраў. Да гэтага ён, ды і іншыя чыноўнікі, неаднаразова сьцьвярджалі, што санкцыі не прынясуць вялікай шкоды беларускай эканоміцы. Чаму такія разыходжаньні?
— Гэта называецца «службовая шызафрэнія». Калі Галоўчанка дае інтэрвію арабскім мэдыя, то кажа, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў здаровым стане. А потым кажа — мінус 18 мільярдаў даляраў ад санкцыяў. І потым адразу кажа, што беларуская эканоміка ў гэтым, 2022 годзе, выйдзе ў нуль і што падзеньня ВУП ня будзе.
Але мы ведаем прагнозы паважаных сусьветных арганізацыяў, якія сьцьвярджаюць, што падзеньне сёлета будзе ад 6 да 10 ці нават 14 працэнтаў.
Таму Галоўчанка разумее, што калі трэба будзе даваць справаздачу перад Лукашэнкам, то варта будзе ўсё валіць на санкцыі, на вонкавыя абставіны. Для вонкавага карыстаньня адно, для ўнутранага — іншае. А што ён думае на самой справе? У мяне ёсьць інфармацыя з розных паседжаньняў чынавенскіх, і відавочна, што яны панікуюць.
Крыніц для фінансаваньня няма, інвэстыцыі падаюць, экспарт немагчыма перанакіраваць. Каму патрэбны на іншых рынках нафтапрадукты, якія прадавалі Мазырскі і Наваполацкі НПЗ? Як пераарыентаваць калійныя ўгнаеньні? Яны спрабую зараз іх прадаць у Бразылію са зьніжкай 60 працэнтаў, значна таньней за любыя іншыя ўгнаеньні. І я падлічыў, што калі ўлічыць усе аб’ёмы продажу, то страты ад такога дэмпінгу могуць скласьці да 6 мільярдаў даляраў.
Таму гэтая сытуацыя для беларускай эканомікі можа стаць яшчэ больш балючай, чым была пасьля развалу СССР. І Галоўчанка ведае, што пры такім абвале шапкі паляцяць і галовы паляцяць, і таму падсьцілае сабе саломку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 100 даляраў за месяц. Рэальныя даходы беларусаў падаюць
— Тым ня менш курс беларускага рубля апошнія тыдні толькі ўзмацняецца. Ясна, што гэта вынік прывязкі да расейскага рубля, курс якога зараз узмацняецца нярынкавымі мэтадамі. Але чаго чакаць звычайнаму беларускага грамадзяніну, якой можа быць дынаміка нацыянальнай валюты?
— Тое, што я бачу па грашовай масе — на 1 траўня яна складана 51,2 мільярда, у той час як на пачатак году 54,4. Гэта істотнае скарачэньне грашовай масы. Калі паглядзець такі паказчык, як актыўная рублёвая маса, — на першага траўня яна меншая, чым была на пачатак году. Гэта азначае, што Нацбанк трымае сваю пазыцыю, трымае ўдар, робіць усё магчымае, каб інфляцыя ня выскачыла за 20 працэнтаў.
Беларускі рубель прывязаны да расейскага, а расейскі цяпер зьяўляецца ўмоўнай адзінкай, курс яго ўжо не зьяўляецца рынкавым. Таму і курс беларускага рубля не адлюстроўвае рынкавы балянс попыту і прапановы. Таму сёньня, калі ў людзей ёсьць яшчэ магчымасьці купляць даляры, то трэба купляць як мага хутчэй, бо ў другой палове году такой сытуацыі ня будзе, цяпер «акно магчымасьцяў». Захоўваць грошы трэба ў валюце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На гомельскім прадпрыемстве работнікам прапанавалі ехаць у Польшчу, звальняцца або «проста сядзець у сталовай»
— Але калі імпарт беларуская дзяржава перастане закупляць альбо ўвядзе нейкія абмежаваньні, як Расея, то на біржы ня будзе попыту на валюту і курс рубля будзе далей штучна ўмацоўвацца?
— Тады будзе кантрабанда, схаваная ці афіцыйная. Будуць структуры, якія будуць завозіць гэты імпарт. Усё роўна попыт на валюту будзе. Мы таксама назіраем адток валютных укладаў насельніцтва зь беларускіх банкаў. Я думаю, Нацбанку нават варта было б нейкім чынам перагледзець рэжым прывязкі беларускага рубля да расейскага. Бо расейскі рубель можа вырасьці да 30 ці 40 за даляр (палітычны курс а-ля СССР), тады і курс беларускага рубля будзе ўзмацняцца. Аднак наступным крокам стане альбо манаполія на замежны гандаль, альбо радыкальнае пагаршэньне стану разьлікаў з вонкавым сьветам.
Тое, што беларуская эканоміка канчаткова адвязалася ад рынкавых мэханізмаў, гэта відавочна. Маем ужо і рэгуляваньне цэнаў, і вялікую інфляцыю. І калі будзе абвал з экспартам, то якой цаной яны зьбіраюцца падтрымліваць прадпрыемствы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль Макей піша лісты ў Брусэль, Кубракоў працягвае арышты. Чаму ў Беларусі не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі— Сапраўды, на фоне надыходзячага абвалу экспарту як улады будуць ставіцца да работнікаў прадпрыемстваў? Паводле сваіх прынцыпаў, яны ж не дапусьцяць закрыцьця ці санацыі гэтых прадпрыемстваў. Будуць звальняць патрошку, размазваць праблемы?
— Нядаўна Савет Міністраў прыняў пастановы аб зьмяненьнях на рынку працы. Яны прадугледжваюць магчымасьць звальненьня людзей без аплаты, без паведамленьня. Летам, я думаю, прадпрыемствы будуць рабіць доўгія адпачынкі, на некалькі месяцаў, потым пяройдуць на скарочаны дзень.
Але, вядома, на закрыцьцё нерэнтабэльных прадпрыемстваў улады ня пойдуць. Банкі будуць прымушаныя даваць крэдыты гэтым прадпрыемствам. Будуць спробы прадаць Расеі ідэю вытворчасьці беларускіх прамысловых вырабаў. Калі замест «Рэно» ў Расеі будзе «Масквіч», дык і беларусы будуць прапаноўваць «купляйце нешта ў нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Fitch ацаніла рызыкі рублёвых выплат па беларускіх эўрабондах як магчымы дэфолт
— Многія і кажуць, што гэта будзе шанец для беларускай эканомікі — запоўніць нішы на расейскім рынку, якія створацца пасьля выхаду заходніх кампаніяў. Наколькі гэта рэалістычна?
— Гэта магчыма ў тых галінах і сфэрах, дзе беларуская вытворчасьць у меншай ступені залежыць ад імпартных кампанэнтаў. Можа быць, сельскагаспадарчая, дарожная тэхніка. Потым яшчэ нейкі час трэба будзе для стварэньня нейкіх абходных схемаў. Ці гэта кампэнсуе падзеньне асноўнага традыцыйнага экспарту? Не. Стратэгічна страты будуць значна большыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця: ВУП Беларусі сёлета ўпадзе на 4%, Расеі — на 10%, Украіны — на 30%— У пачатку размовы вы сказалі, што «сытуацыя для беларускай эканомікі можа стаць яшчэ больш балючай, чым была пасьля развалу СССР». На чым грунтуецца гэта ваша думка?
— Тады падзеньне ВУП было 14-20 працэнтаў за год. Цяпер мы бачым, што розныя міжнародныя арганізацыі прагназуюць магчымае падзеньня сёлета каля 10 працэнтаў. Беларусь вельмі моцна залежыць ад экспарту, ад замежнагандлёвых апэрацыяў. І калі будзе монаэкспарт у Расею, то гэта будзе вельмі балючая рэч. Мы ўжо назіраем сёлета вельмі істотнае падзеньне рэальных даходаў насельніцтва, — а гэта толькі пачатак. Значыць, попыт унутранага рынку таксама будзе скарочаны.
Так што — экспарту няма, унутранага попыту няма, авіяцыя не лятае, турыстычных паслуг няма, інвэстыцыі скарачаюцца. Гэта «ідэальны шторм», які накрывае беларускую эканоміку.
— Дык мо Галоўчанка асьмеліцца паставіць пытаньне перад Лукашэнкам, што, каб пазбавіцца правалу, трэба радыкальна мяняць унутраную і замежную палітыку?
— Не, ён гэтага не зробіць. Ён павязаны ўсім. Але цяперашнія ягоныя заявы пра экспарт зроблены дзеля таго, каб потым на нейкім закрытым паседжаньні сказаць: «Аляксандар Рыгоравіч, я ж гаварыў, я ж папярэджваў, што менавіта так усё і будзе». Каб падсьцяліць саломку, зьняць зь сябе адказнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завышаны прагноз стратаў. Што ня так з арытмэтыкай Рамана Галоўчанкі пра санкцыі