На гэты раз Андрэю Стрыжаку прад’явілі прэтэнзіі за «фінансаваньне і матэрыяльнае забесьпячэньне ўзброенага канфлікту і ваенных дзеяньняў на тэрыторыі сумежнай дзяржавы».
У беларускім Сьледчым камітэце крымінальны артыкул завялі за арганізацыю збору сродкаў фондам BySOL на падтрымку Ўкраіны і беларускіх дабраахвотнікаў.
«Праз сацыяльныя сеткі Стрыжак сумесна зь іншымі асобамі займаўся дзейнасьцю, зьвязанай з вэрбаваньнем, навучаньнем, іншай падрыхтоўкай і фінансаваньнем грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ў далейшым накіроўваліся для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны ў складзе ўзброеных фармаваньняў і нацыяналістычных батальёнаў названай дзяржавы», — лічаць у СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваенныя злачынствы — частка ваеннай дактрыны Расеі», — кіраўнік BYSOL Андрэй СтрыжакУ СК заяўляюць, што нібыта ўстанавілі некалькі асоб, якія пералічвалі грошы зь Беларусі на збор ад фонду.
«Галоўным упраўленьнем па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі ў дачыненьні А.Стрыжака дадаткова пачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу за фінансаваньне і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях».
Сам Андрэй Стрыжак адрэагаваў на абвінавачаньні, іранічна назваўшы сябе «збройным баронам і міжнародным злачынцам».
«Дзяржаўныя арганізацыі нарэшце прайшлі свае гнеў, адмаўленьне, гандаль і прыняцьце і прызналі, што фонд рэальна фінансаваў „беспарадкі“ ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта значыць, ня „бабкі пілаваў“, як яны раней казалі, а ўліваў іх у рэвалюцыю. Не прайшло і двух гадоў. Яны падкрэсьліваюць важнасьць нашай працы ў дапамозе Ўкраіне, а гэта значыць, што мы сапраўды істотна дапамагаем украінцам выйграць у гэтай вайне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонды ByHelp і BySOL заявілі, што дапамаглі 60 былым палітвязьнямТаксама кіраўнік фонду BySOL завочна спытаў у СК, дзе крымінальныя справы на кіраўніцтва краін Эўразьвязу і іншых дзяржаў, якія ахвяравалі значна больш на падтрымку ўкраінскага войска, чым беларускі фонд.
Акрамя таго, Андрэй Стрыжак задаў і пытаньне ўкраінскаму кіраўніцтву:
«Дык што, спадары Арастовіч і Зяленскі? Па-ранейшаму хочаце сябраваць і выгадна гандляваць з суседам, які ня толькі раскачаў у блін і перасаджаў сваіх грамадзян, запусьціў аркаванаў (расейскія войскі. — РС) і даў ім магчымасьць запускаць свае ракеты па вас, але і заводзіць крымінальныя справы на тых, хто ўсімі сіламі дапамагае Ўкраіне выстаяць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў прагаласавала за зьмены ў КПК аб завочным крымінальным перасьледзеКіраўнік фонду BySOL, беларускі праваабаронца Андрэй Стрыжак у 2013-2014 гадах быў назіральнікам ва Ўкраіне на падзеях Эўрамайдану, а ў 2015-м арганізаваў ініцыятыву «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА» і на працягу пяці гадоў пастаўляў гуманітарную дапамогу на Данбас.
Створаны ім фонд BySOL з 2020 году дапамагае беларусам, якія былі арыштаваны ці былі вымушаны зьехаць з краіны з прычыны палітычных рэпрэсій, а таксама пачаў падтрымліваць украінскіх вайскоўцаў і ўцекачоў.
У Беларусі Стрыжак абвешчаны ў вышук, на яго за апошнія гады завялі некалькі крымінальных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка незадаволены «малым» маштабам рэпрэсій