Сьцісла:
- Сам фармат гэтага мерапрыемства выклікаў рознагалосьсі.
- Лукашэнка, усьлед за Пуціным, імкнуўся пераканаць кіраўнікоў АДКБ у тым, што арганізацыя павінна супрацьстаяць НАТО, а потым перайшоў наўпрост да папрокаў на адрас саюзьнікаў.
- Саюзьнікі не падтрымалі Расею.
- Кіраўнікі іншых постсавецкіх дзяржаў баяцца паўтарыць лёс Украіны.
- Санкцыі моцна аслабляюць Расею. Яна ня здольная быць паўнавартасным заступнікам, спонсарам і гарантам бясьпекі для краін АДКБ.
Амаль тры месяцы ідзе вайна Расеі супраць Украіны. Падзея, якая выклікала міжнародны землятрус. На яе адрэагавалі ў ААН, розных міжнародных арганізацыях (спартовых і інш.). І толькі АДКБ — вайскова-палітычны саюз, створаны РФ, — маўчала. Лукашэнка гарачыўся, маўляў, Украіна першай напала на Беларусь і Расею, таму, паводле Статуту АДКБ, іншыя чальцы арганізацыі мусілі б прыйсьці на дапамогу «ахвярам». Ён публічна заклікаў саюзьнікаў сабрацца і сур’ёзна пагаварыць. І сапраўды, доўгае маўчаньне АДКБ станавілася занадта гучным і заўважным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Браць прыклад з Эўразьвязу». Што казалі Лукашэнка і Пуцін на саміце АДКБМагчыма, гэтае маўчаньне працягнулася б яшчэ даволі доўга, калі б не падасьпеў юбілей стварэньня гэтай арганізацыі — 30 гадоў. Тут хочаш ня хочаш, а сьвята абавязвала выканаць патрэбны рытуал, сабрацца, прыняць нейкую заяву.
І раптам выявілася, што што сам фармат гэтага мерапрыемства выклікаў рознагалосьсі. Як яго назваць? На сайце АДКБ мерапрыемства названае «сустрэчай лідэраў дзяржаў — членаў АДКБ, прысьвечанай юбілею». А ўрачыстая сустрэча не прадугледжвае нейкага афіцыйнага парадку дня, прыняцьця адпаведных рашэньняў. На афіцыйным сайце Лукашэнкі мерапрыемства названа «самітам АДКБ». А дакумэнт, які быў прыняты па выніках сустрэчы, названы заявай «Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ». Такім чынам, пытаньне, што гэта было, так і засталося адкрытым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Швэцыі прыняў рашэньне аб уступленьні краіны ў NATOВельмі адметнымі былі выступы лідэраў дзяржаў-удзельніц АДКБ. Пуцін апавядаў пра вераломны Захад, ЗША, «нацысцкую» Ўкраіну. І асьцярожна адзначыў «важнасьць самай цеснай каардынацыі паміж удзельнікамі АДКБ у сфэры зьнешняй палітыкі, узгодненых дзеяньняў у ААН і на іншых шматбаковых пляцоўках».
А Лукашэнка, усьлед за Пуціным, мала таго што імкнуўся пераканаць кіраўнікоў АДКБ, што арганізацыя павінна супрацьстаяць НАТО, ператварыцца ў Анты-Захад, дык яшчэ і перайшоў проста да папрокаў на адрас саюзьнікаў:
«Аднак ці можна сёньня сьцьвярджаць, што мы ў нашай Арганізацыі разам і ўсё гэтак жа зьвязаныя сувязьзю салідарнасьці і падтрымкі? Як паказваюць апошнія падзеі, з нашага пункту гледжаньня (можа, я памыляюся), здаецца, не... На фоне найжорсткага, ашалелага санкцыйнага прэсінгу з боку кансалідаванага Захаду пастуляты адзінства і салідарнасьці спрацоўваюць далёка не заўсёды. Гэта бачна, на жаль, па галасаваньні ў міжнародных арганізацыях. З маўклівай згоды нашых партнэраў Беларусь і Расея насуперак усім законам міжнароднага жыцьця па капрызе Захаду шальмуюцца і выключаюцца зь міжнародных арганізацый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саміт АДКБ: Лукашэнка і Пуцін супраць астатніх. Абмеркаваньне экспэртаўІ што ж адказалі лідэры Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Армэніі? З гледзішча пажаданьняў Пуціна і Лукашэнкі — нічога. А ў адказ — цішыня. Яны не заўважылі вераломнага NATO, «нацысцкай» Украіны, гаварылі пра сваё. Пра патэнцыйную пагрозу з боку Афганістану. Лідэр Армэніі Пашыньян, як заўсёды, узгадаў свой канфлікт з Азэрбайджанам. І ў выніковай заяве нічога не гаворыцца нават пра палітычную падтрымку Расеі і Беларусі ў супрацьстаяньні Ўкраіне і Захаду.
І гэтае маўчаньне вельмі красамоўнае. Падаецца, гэта сур’ёзны правал замежнай палітыкі Расеі. Па сутнасьці, яна засталася без саюзьнікаў. Дакладней, з адзіным саюзьнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія войскі выйшлі на мяжу з Расеяй у Харкаўскай вобласьці, расейцы абстралялі Адэсу. 82-і дзень вайны Расеі супраць УкраіныІ пасьля вайны Расеі з Грузіяй у 2008 годзе, і пасьля захопу Расейскай Фэдэрацыяй Крыму і Данбасу ў 2014-м пазыцыя АДКБ была хоць і асьцярожная, аднак даволі заўважна прарасейская. Цяпер сытуацыя іншая. Чальцы АДКБ ня рушылі ўсьлед за Беларусьсю. І таму ёсьць шэраг прычын.
Найперш, Пуцін перад нападам на Ўкраіну заявіў, што не прызнае вынікаў распаду СССР, тых межаў, якія былі зафіксаваныя ў 1991 годзе. І абвяшчае сваё гістарычнае, маральнае, а значыць, і палітычнае права на перагляд таго, што ён неаднаразова называў «геапалітычнай катастрофай». Прэзыдэнт Расеі мяркуе, што прыйшоў час аднавіць справядлівасьць, вярнуць рускія землі на гістарычную радзіму. Таму кіраўнікі іншых постсавецкіх дзяржаў баяцца паўтарыць лёс Украіны.
Акрамя таго, беспрэцэдэнтна рашучыя і жорсткія заходнія санкцыі супраць Расеі мелі два наступствы. З аднаго боку, постсавецкія краіны ня хочуць сварыцца з Захадам, які прадэманстраваў сілу. Нікому ня хочацца трапіць пад санкцыі.А зь іншага боку, санкцыі моцна аслабляюць Расею. Яна ня можа быць паўнавартасным заступнікам, спонсарам і гарантам бясьпекі для краін АДКБ. Яго чальцам трэба шукаць іншыя варыянты.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.