Ільлю Вайцяховіча прызналі вінаватым па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе «Зеркало» са спасылкай на інфармаваную крыніцу.
Вайцяховіча затрымалі 14 студзеня на памежным пераходзе «Ўрбаны» на беларуска-латвійскай мяжы. Ён ехаў у Беларусь на пахаваньне бацькі, вядомага бізнэсоўца, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Эдуарда Вайцяховіча.
У Латвіі Ільля быў разам з жонкай, якая мае латвійскае грамадзянства. Сям’я пастаянна жыве ў Камарове на Мядзельшчыне. У Рыгу яны паехалі, бо жонка Ільлі цяжарная і хацела нарадзіць дзіця ў Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рамёствы, якія ратуюць жыцьці». Беларусы Швэцыі ператварылі ў мастацтва пляценьне камуфляжных сетак для ўкраінскай армііПадчас памежнага кантролю на мяжы Ільлю Вайцяховіча затрымалі. Паводле інфармацыі сайта rfrm.by, па яго зь Менску выехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, іх чакалі тры гадзіны.
Ільлі Вайцяховіча не было на пахаваньні ягонага бацькі Эдуарда Вайцяховіча, якое прайшло 15 студзеня.
«Ільля — малодшы сын Эдуарда Антонавіча, — сказаў у студзені ў размове са Свабодай знаёмы сям’і. — У яго жонка з Латвіі, яна паехала туды нараджаць. І Ільля зь ёй быў, калі памёр бацька. Ён стала жыве тут. Старэйшы сын Эдуарда, Павал, таксама тут. Яны былі з маці на пахаваньні. Чаму затрымалі Ільлю, ніхто ня ведае. Ён ня быў актывістам, пасьля выбараў таксама не актыўнічаў у палітыцы. Яны ўсе займаліся бізнэсам, мелі пляны яго разьвіцьця ў Камарове».
Сям’і Вайцяховічаў у пасёлку Камарова належыць некалькі аб’ектаў — кавярня «Камяніца», прадуктовая крама, пякарня «Камарова», аўтамабільны сэрвіс з такой жа назвай. Як расказалі Свабодзе жыхары пасёлка, у апошні год Ільля Вайцяховіч актыўна займаўся адкрыцьцём яшчэ адной вялікай крамы, а таксама невялікага бровара. Гэтыя аб’екты ўжо амаль гатовыя. У інтэрвію сайту 34travel у 2017 годзе Эдуард Вайцяховіч казаў, што вельмі ганарыцца тым, што ягоныя сыны засталіся жыць у Камарове.
«Ніхто не разумее, чаму затрымалі Ільлю і ў чым яго хочуць абвінаваціць, — казаў у размове са Свабодай яшчэ адзін яго знаёмы. — Ільлю затрымлівалі ў Менску адразу пасьля выбараў, у жніўні 2020 году. Тады прысудзілі 15 сутак, аднак вызвалілі празь некалькі дзён, цалкам тэрміну ён не адбыў. Тады з ізалятараў вызвалялі ўсіх, каго затрымалі ў першыя дні пратэстаў. Больш нічога зь ім не здаралася, ён быў пастаянна на месцы, у Камарове. Ня ўдзельнічаў ні ў чым, займаўся бізнэсам».