«Насыпалі бруствэры, паставілі блёк-пасты». Што цяпер адбываецца на памежжы Беларусі і Ўкраіны

Блёк-пост, ілюстратыўнае фота

На памежжы Беларусі і Ўкраіны назіраецца актыўнасьць беларускіх вайскоўцаў. Кіраўніцтва Ўзброеных сілаў кажа пра абарону ад украінцаў і войскаў NATO.

Жыхары Гомельскай вобласьці заўважылі бруствэры і блёк-пасты непадалёк ад мяжы.

«На шашы Гомель — Чарнігаў, за два кілямэтры ад мяжы з Украінай, насыпалі бруствэры, паставілі БТРы. Пясок насыпалі — вазілі самазваламі. Там жа паставілі блёк-пасты, бэтонныя блёкі, таму праяжджаць можна толькі „зьмейкай“. У бок мяжы правяраюць дакумэнты ў тых, хто едзе ў памежныя беларускія вёскі. Правяраюць ДАІ. У бок Гомля чалавек ехаў — вайскоўцы праверылі ня толькі дакумэнты, але і багажнік», — расказаў Свабодзе жыхар Гомля.

Ён зазначыў, што вайскоўцы абазначылі сябе чырвоным скотчам.

Жыхар Лоеўскага раёну расказаў, што ў некалькіх месцах — каля вёскі Баршчоўка Лоеўскага раёну і Пракісель Рэчыцкага раёну — да нядаўняга часу былі замаскаваныя, «прыкапаныя» танкі. «Цяпер іх ужо няма — зьняліся і зьехалі», — кажа ён.

Маці аднаго з вайскоўцаў, які служыць у Слонімскай мэханізаванай брыгадзе і больш за месяц правёў на мяжы з Украінай, у Брагінскім раёне, расказала Свабодзе, што вайскоўцы вярнуліся ў Слонім.

«На іх месца цяпер прыехалі Сілы спэцыяльных апэрацый», — расказала маці вайскоўца.

Тым часам першы намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Ігар Кароль расказваў гледачам дзяржаўнага тэлебачаньня пра магчымыя пагрозы з боку Ўкраіны і краін NATO.

Ён не выключае «правакацыі на мяжы».

«У Міжземным моры і ў Балтыцы створана ўдарная групоўка носьбітаў крылатых ракет. На жаль, крылатыя ракеты — гэта ня ёсьць зброя для абароны, гэта зброя перш за ўсё для нападу. Далёкасьць, дасяжнасьць гэтых ракет дазваляе ім ажыцьцяўляць агнявое ўзьдзеяньне на тэрыторыю ўсёй нашай краіны», — расказаў намесьнік начальніка штабу.

Ён расказаў пра батальённыя тактычныя групы на мяжы, дадаўшы, што «такога не было ніколі».

«Яны знаходзяцца на палігонах паблізу нашых межаў, яны цалкам гатовыя, укамплектаваныя, маюць запасы і гатовыя дзейнічаць па сваім непасрэдным прызначэньні», — сказаў Ігар Кароль.

Ён выказаўся, што паблізу межаў, з боку Ўкраіны, у кірунку Оўруча разгорнутыя «амэрыканскія станцыі контрабатарэйнай барацьбы», а ў кірунку Роўна «Ўкраіна засяродзіла супраць Рэспублікі Беларусь каля 10 тысяч вайскоўцаў». «Усе ўзброеныя, усе з баявой зброяй, таму правакацыі могуць быць любыя», — лічыць начальнік штабу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стрэл быў проста ў галаву». Што вядома на гэты момант пра гібель вэтэрынара на мяжы з Украінай

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.