Сёлета ў студзені падчас пасланьня беларускаму народу Аляксандар Лукашэнка гаварыў аб прынцыпах сацыяльнай палітыкі Беларусі. Гэта, паводле яго, справядлівасьць, адказнасьць і клопат. Але, мяркуючы па апошніх зьвестках пра нараджальнасьць у Беларусі, людзі самі бяруць на сябе адказнасьць і клапоцяцца пра сваю будучыню — абіраюць (пакуль што?) не нараджаць дзяцей.
Падазраю, што Лукашэнка меў на ўвазе троху іншае, але, як кажуць, трэба дакладней фармуляваць свае жаданьні.
Разабрацца з дэмаграфічнай сытуацыяй у Беларусі даволі складана — Белстат цяпер не публікуе статыстыкі па нараджальнасьці, сьмяротнасьці і міграцыі насельніцтва. Сам па сабе гэты факт наўпрост нічога не даказвае, але мы гадамі слухалі аргумэнт «вы ж усё разумееце», дык можам цяпер і самі ім скарыстацца. Бо і праўда ўсё зразумела: калі рэжым Лукашэнкі прыхоўвае нейкую статыстыку, гэта значыць, што лічбы рэжыму не падабаюцца.
Але на партале zerkalo.io апублікавалі падлікі на аснове тых зьвестак, якія (пакуль што?) дае Белстат. Паводле гэтых лічбаў, у 2020 годзе нараджальнасьць скарацілася на 4,1%, а ў 2021-м — на 5,5%. І гэта дакладна ня тое, да чаго імкнецца дзяржава, калі верыць чыноўніцкім аповедам пра важнасьць сямейных каштоўнасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лекарка сказала, што неўзабаве ня будзе чым плямбаваць зубы». Як вайна і санкцыі паўплывалі на штодзённае жыцьцё беларусаўЗрэшты, чым далей, тым больш гэтыя расповеды адрываюцца ад рэальнасьці. Рэжым не разумее прынцыпова важную рэч: прымаючы важныя жыцьцёвыя рашэньні, людзі абапіраюцца на рэальнасьць, у якой жывуць, а не на казкі з тэлевізара. І чым больш у гэтых казак разыходжаньня з тым, што адбываецца насамрэч, тым больш абурэньня яны выклікаюць.
Нараджаць дзіця ў краіне, дзе адбываецца дзяржаўны тэрор і якая ўсё больш ізалюецца ад навакольнага сьвету? У краіне, дзе ўжо цяпер перабоі зь якаснымі імпартнымі мэдыкамэнтамі і дзе магчымасьцяў прывозіць лекі з-за мяжы становіцца ўсё меней? У краіне, якая становіцца жывым увасабленьнем антыўтопіі Оруэла і ідэі, што мір — гэта вайна? Так сабе ідэя, ну праўда ж.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы санкцый: Беларусь прадае калій больш як у 2 разы таньней за Расею і КанадуІ адэкватным рашэньнем у сытуацыі, калі дзяржава хоча, каб нараджальнасьць расла, а не зьмяншалася, было б паляпшэньне якасьці жыцьця і рэальныя зьмены ў сацыяльнай палітыцы. А пакуль улады ствараюць альтэрнатыўную рэальнасьць, якая існуе выключна ў сьвеце маўленьня, дык жанчыны ў Беларусі будуць усе менш і менш нараджаць.
Але на ўзроўні словаў могуць, канечне, падтрымліваць ідэі пра важнасьць традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў. Словаў жа не шкада.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.