Вайна за імпэрыю, якую немагчыма вярнуць. Да Пуціна таксама ня раз беспасьпяхова спрабавалі спыніць гісторыю

Расея — далёка ня першая імпэрыя, якая перажывае распад. І не адзіная, якая спрабавала захаваць сябе шляхам войнаў.

Такіх прыкладаў шмат, у тым ліку і ў ня надта далёкай гісторыі. Азірнуцца б на іншых, прыгледзецца б да чужога досьведу. Можа, і не спатрэбілася б цяпер коштам дзясяткаў тысяч чалавечых жыцьцяў здабываць адказ на тыя пытаньні, якія іншыя даўно знайшлі і доказна аргумэнтавалі.

Але ў Расеі як? Як толькі акрыяе, ачомаецца пасьля чарговага катаклізму, зьявяцца сякія-такія грошы ад продажу незьлічоных прыродных рэсурсаў — тут жа ўзьнікае жаданьне вярнуць былую імпэрскую веліч.

Чаго папраўдзе хацеў дамагчыся Пуцін сваім уварваньнем ва Ўкраіну? Якой «дэнацыфікацыі» і «дэмілітарызацыі»?

Імпэрыя як саюз постсавецкіх дыктатур

Калі верыць Лукашэнку, Пуцін «не зьбіраўся і не зьбіраецца акупаваць Украіну, ставіць яе на калені»:

«Адна з прычынаў — каб не разарваць Украіну ўвогуле. Каб там, на асобных частках Украіны, не было амэрыканцаў, палякаў, румынаў і гэтак далей. Ён гэтага ня хоча. Ён хоча бачыць сяброўскую, цэласную Ўкраіну. Я яго цалкам падтрымліваю, гэта і мая пазыцыя. Але гэта павінна быць краіна, якая не стварае праблемаў суседзям. Вось мэта гэтай апэрацыі» (цытата з інтэрвію Лукашэнкі Associated Press 5 траўня г.г.).

Іншымі словамі, задумвалася прымусовае вяртаньне Ўкраіны «ва ўлоньне нашага славянства», у саюз усходнеэўрапейскіх постсавецкіх дыктатур пад скіпэтрам маскоўскага гаспадара. Украіна павінна была ператварыцца ў нешта кшталту цяперашняй Беларусі: аўтарытарны рэжым, арыентаваны выключна на Маскву, з моцна абмежаваным сувэрэнітэтам, з татальнай русыфікацыяй усяго грамадзкага жыцьця.

Адзін з ключавых ідэолягаў пуцінскай Расеі Ўладзімір Мядзінскі за 20 дзён да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў гістарычным артыкуле да 300-годзьдзя Расейскай імпэрыі ў агульных рысах апісаў тое, што ў Крамлі разумеюць пад абноўленай імпэрыяй «народаў Паўночнай Эўразіі»:

«Нам сёньня бессэнсоўна і наіўна ўпадаць у настальгічныя мары „аб аднаўленьні Расейскай імпэрыі“ ці „аб вяртаньні СССР“. Але, кажучы аб’ектыўна, у магчымасьці братэрскіх саюзаў, глыбокіх інтэграцый на падставе агульных інтарэсаў, унікальнай агульнай гісторыі і культуры — у гэтым ёсьць калясальная канкурэнтная перавага ў сьвеце... І гэта, як мы бачым на прыкладзе Эўразьвязу, адпавядае агульнасусьветным тэндэнцыям...

Далей. Расея рэзка звузіла ў 1990-я межы свайго ўплыву, але не перастала быць Вялікай дзяржавай. І хіба страціла яна свой гістарычна абумоўлены стан — быць імпэрыяй? У сэнсе, у якім мы выкарыстоўваем гэты тэрмін сёньня, — быць адной з найбуйнейшых дзяржаў сьвету, здольнай аб’ядноўваць народы Паўночнай Эўразіі вакол адзінага палітычнага, эканамічнага і культурнага цэнтру? Наадварот, Расея нават умацавалася ў гэтым становішчы. Паказала сваю самадастатковасьць, паказала, што санкцыі і спробы абмежаваць ейную ролю ў сьвеце толькі ўмацоўваюць яе натуральную — імпэрскую! — якасьць».

Іншымі словамі, сутнасьць праблемы расейскія імпэрцы нібыта ўсьведамляюць. Нават Эўразьвяз называюць у якасьці станоўчага прыкладу сучаснай міждзяржаўнай інтэграцыі. Але ў Эўразьвяз краіны імкнуцца самі, добраахвотна: вунь якая чарга з кандыдатаў выстраілася, ня кожнага прымаюць. А чым можа прывабіць Масква? Высокім узроўнем жыцьця? Абаронай грамадзянскіх правоў і свабодаў? Разьвітымі тэхналёгіямі?

Стварыць заможную і прыгожую краіну, да якой будуць цягнуцца, як да прывабнага ўзору — гэта доўга, дорага і цяжка, патрабуе шмат розуму, часу і цярпеньня. Куды хутчэй і прасьцей — накіраваць у суседнюю краіну танкавыя дывізіі і прывязаць яе да сябе гвалтам. Утрымаць у імпэрыі сілай, бо па-іншаму ўсё роўна не атрымаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты і магутная, ты і бясьсільная...» Чым сканчаліся войны, якія Расея пачынала ў разьліку на хуткую і лёгкую перамогу

Зьмірыцца з тым, што непазьбежна

Імпэрыямі зусім нядаўна былі многія сёньняшнія эўрапейскія краіны. Некалькі соцень гадоў няспынна пашыралася і была аб’ектам зайздрасьці і страху для іншых «імпэрыя, над якой ніколі не заходзіць сонца» — Брытанія. У розны час бралі пад сваё крыло дзясяткі народаў на розных кантынэнтах (дзе сілай зброі, дзе застрашваньнем, а дзе эканамічнымі выгодамі і прывабным абліччам сваіх цывілізацый) Гішпанія, Галяндыя, Партугалія, Францыя. І ўсім ім, каму раней (яшчэ ў XVIII і XIX стагодзьдзях), каму пазьней (асабліва пачынаючы зь сярэдзіны ХХ стагодзьдзя) давялося сутыкнуцца з імкненьнем паняволеных народаў да незалежнасьці.

Разьвітаньне зь імпэрскай мінуўшчынай таксама найчасьцей было балючым і цяжкім. Там таксама жылі мільёны людзей, чый лёс трывала былі зьвязаны з былымі імпэрскімі ўскраінамі і заморскімі тэрыторыямі, хто прысьвяціў жыцьцё ўмацаваньню і пашырэньню гэтых імпэрый. Іхныя фантомныя болі не маглі не ўплываць і на грамадзкія настроі, і на палітыку мэтраполій.

За многія дзесяцігодзьдзі якімі толькі спосабамі не спрабавалі эўрапейскія імпэрскія сталіцы вырашыць гэтыя праблемы.

Помнік барацьбіту за незалежнасьць Індыі Махатму Гандзі

Вялікая Брытанія ўрэшце ў паваенныя гады прыйшла да высновы, што найлепшае выйсьце — мірна сысьці, перадаўшы ўладу стабільным некамуністычным урадам. Францыя і Партугалія спрабавалі выратаваць свае імпэрыі, ведучы працяглыя, дарагія і беспасьпяховыя войны. Але ўрэшце таксама прыйшлі да высновы, што ўратаваць тое, што аджыло свой век, немагчыма. Мірны развод лепшы, чым спроба сілай утрымаць тое, што ўтрымаць немагчыма. Увесь эўрапейскі і сусьветны досьвед выразна гэта паказаў яшчэ ў мінулым стагодзьдзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расстраляць бязьвінных, а потым хлусіць, хлусіць, хлусіць. Як Крэмль утойваў праўду пра ваенныя злачынствы ў Катыні

Вайна ў Альжыры, якая ня выратавала Францускую імпэрыю

Адметны ў гэтым сэнсе досьвед Францыі, і асабліва Альжырскай вайны, якую Парыж вёў у 1954–1962 гадах, каб захаваць за сабой непакорную правінцыю. Альжыр паводле дзейнага на той час заканадаўства лічыўся не калёніяй, а неад’емнай часткай Францыі. Вельмі значная частка францускага грамадзтва ўспрымала забурэньні ў Альжыры як мяцеж і пагрозу для тэрытарыяльнай цэласнасьці сваёй краіны. Адзін час Парыж імкнуўся любой цаной утрымаць мяцежную правінцыю «ва ўлоньні» сваёй напаўразбуранай імпэрыі. Шарль дэ Голь, які на хвалі альжырскага крызісу прыйшоў да ўлады, пісаў: «Ранейшы рэжым абмяжоўваўся тым, што з дапамогай салдат, узбраеньняў і грошай падтрымліваў супрацьстаяньне, якое лютавала па ўсёй тэрыторыі Альжыру і ўздоўж межаў. Матэрыяльна гэта каштавала вельмі дорага, бо даводзілася трымаць там узброеныя сілы агульнай колькасьцю 500 тысяч чалавек. Гэта абыходзілася вельмі дорага і з пункту гледжаньня замежнапалітычнага, бо ўвесь сьвет асуджаў бязвыхадную драму. Што ж датычыла, нарэшце, аўтарытэту дзяржавы, гэта было літаральна разбуральна».

Шарль дэ Голь

Парыж фактычна выйграў тую вайну: альжырскія паўстанцы пацярпелі паразу. І ўсё ж Францыя пагадзілася на Эвіянскія пагадненьні 18 сакавіка 1962 года, якія прывялі да альжырскага рэфэрэндуму і ўрэшце да ўтварэньня незалежнага Альжыру. Проста таму, што дэ Голь зразумеў: эра каляніялізму прайшла. І куды больш плённы шлях — перайсьці ад францускай імпэрыі да «франкафоннай супольнасьці нацый», у якой Францыя захавае сваю ключавую цывілізацыйную ролю, толькі ўжо ў новай якасьці. Бо імпэрыю ўсё роўна не захаваеш. Альжыр, дарэчы, быў не адзінай краінай, якая пакінула Францускую імпэрыю, за якую дэ Голь змагаўся ў 40-я гады. Толькі за 1960 год («Год Афрыкі») здабылі незалежнасьць каля двух дзясяткаў афрыканскіх дзяржаў. Віетнам і Камбоджа (былыя ўладаньні Францыі) таксама сталі незалежнымі. Ва ўсіх гэтых краінах заставаліся тысячы французаў, якія не жадалі разрыву сувязяў з мэтраполіяй. Але захаваць гэтыя сувязі можна было па-рознаму. З дапамогай вайны гэта не ўдавалася нікому.

Францускія вайскоўцы ў Альжыры, 1960

Адметны факт: у Францыі дзесяцігодзьдзямі не прызнавалі і не называлі вайну ў Альжыры «вайной»: толькі «аднаўленьнем грамадзкага парадку». Нацыянальны сход Францыі пагадзіўся прызнаць баявыя дзеяньні 1954–1962 гадоў вайной толькі ў 1999 годзе. Разьвітаньне з імпэрскімі хімэрамі бывае доўгім і марудным. Часам мірным, часам — праз вайну. Але заўсёды непазьбежным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.