Неяк зусім ня хочацца чарговы раз ламацца ў адчыненыя дзьверы і штосьці казаць пра важнасьць беларускай мовы, прынамсі для аўдыторыі, да якой я зьвяртаюся. А зьвяртаюся я да тых людзей, якіх даўно ня трэба ні ў чым пераконваць, якія добра валодаюць беларускай мовай, разумеюць яе каштоўнасьць, гатовыя за яе гарою стаяць у любой дыскусіі, але... пры гэтым пішуць у сваіх сацыяльных сетках па-расейску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса АкунінаБеларуская мова заўсёды, а цяпер асабліва, тая сфэра, дзе немагчыма спадзявацца на дзяржаву, дзе неабходныя крокі дзеля яе пашырэньня і выжываньня можа рабіць толькі незалежнае грамадзтва. І гэта тая сфэра, дзе, адрозна ад палітыкі ці эканомікі, менш за ўсё можна спасылацца на абставіны і рэчы, якія ад цябе не залежаць. Бо пакуль ніхто ня можа абмежаваць тваё права пісаць і публічна прамаўляць па-беларуску і сказаць сабе: «Я раблю ўсё, што магу». За апошнія гады мы пабачылі вакол дастаткова прыкладаў асобаў, якія ў сваёй публічнай дзейнасьці, у сацыяльных сетках пачалі ўжываць беларускую мову альбо нават зусім перайшлі на яе.
Але чаму іх так няшмат?
Толькі не гаварыце мне, што «пакуль ня час», альбо «ня гэта зараз самае галоўнае» — я нэрвова рэагую на пошлыя аргумэнты.
Бо гэтую песеньку — «спачатку дэмакратыя, эканоміка, правы чалавека і г. д., а потым ужо мова» — я чую ўжо гадоў 30. Дастаткова, каб зразумець, што калі «пытаньне з дэмакратыяй» будзе нарэшце вырашана, нам будуць казаць тое самае, што і цяпер: «Пакуль ня час займацца мовай, трэба вырашыць спачатку пытаньне... эканомікі, падаткаў, судовай рэформы, правоў меншасьцяў і г.д.». Заўсёды знойдуцца тэмы, якія можна назваць больш важнымі і актуальнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стартаваў набор на онлайн-курсы абароны беларускай мовы «Акадэмія Ў»Гэтае «потым» ніколі не надыдзе. Не надыдзе той «канец гісторыі», той сьвяточны дзень, у які аўтары фразы «ня гэта зараз галоўнае» змахнуць са спрацаванага твару кроплі поту і скажуць: «Ну ўсё — дэмакратыю, дабрабыт і правы чалавека пабудавалі, давайце зоймемся мовай!» І чаму нельга рабіць усё разам, адначасова, уключыўшы мову і культуру ў пералік таго самага «галоўнага»?
Гэта як у псыхалягічных практыках любых распаўсюднікаў нейкага тавару ці паслугі — трэба пасьлядоўна задаваць пытаньні, на якія кліент будзе адказваць станоўча. — Вы хочаце разьвіцьця і пашырэньня беларускай мовы? — Так. — Вы разумееце, што гэта неабходна для эўрапейскай і дэмакратычнай будучыні Беларусі? — Так, вядома. — Вы гатовыя самі нешта для гэтага зрабіць? — НЕ-Е.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Она утонула». Як зьнішчалі Беларускую ЭнцыкляпэдыюМне проста рэальна цікава, што і калі яшчэ можа адбыцца ў Беларусі, вакол Беларусі, каб дэмакратычныя лідэры думак у сваёй публічнай дзейнасьці сталі часьцей ужываць беларускую мову? Заўважце, як асьцярожна і абачліва я пішу. Я не заклікаю цалкам пераходзіць на беларускую мову, я проста прашу «часьцей», ці хаця б «калісьці» ўжываць. Можа, адзін допіс зь дзесяці, пасьля адзін зь пяці.
Я заклікаю зрабіць толькі маленькі крок. І пры гэтым зьвяртаюся да людзей, якія валодаюць беларускай мовай, якія па-беларуску даюць інтэрвію беларускамоўным СМІ, па-беларуску гучаць у эфіры, але потым вяртаюцца ў свой твітэр, фэйсбук і тэлеграм і выключна па-расейску пішуць там свае допісы. Выглядае, што многія дагэтуль успрымаюць карыстаньне беларускай мовай як нешта НЕнармальнае, НЕзвычайнае, НЕардынарнае, сытуацыйнае. Але варта проста прыняць, што беларуская мова — гэта норма, і ўсё становіцца на месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусаў рабілі «адным народам» з расейцамі. Размова з аўтарам ліста расейскаму лібэралуЯ вось рэальна думаю, што здарыцца, калі вы час ад часу будзеце пісаць па-беларуску? Аўдыторыя вас пакіне? Скажа: «Не хачу чуць вашу беларускую мову»? Гэта наўрад ці. Але калі раптам гэта сапраўды так, то варта задумацца — а ці ваша гэта аўдыторыя?
І калі вы нярэдка запэўніваеце ўсіх ў сваёй павазе да беларускай мовы, дэманструеце разуменьне яе каштоўнасьці, то чаму вы не гатовыя зрабіць нават самы просты крок ёй насустрач? Будзьце пасьлядоўнымі. Альбо скажыце: «На самой справе мне пофіг на лёс беларускай мовы». Гэта ня страшна, такіх людзей даволі шмат. Альбо — калі вам ня пофіг — зрабіце нешта рэальнае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.