8 траўня Белы дом распаўсюдзіў заяву лідэраў краін G7, дзе гаварылася пра намер прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці за злачынствы, зьдзейсьненыя на ўкраінскай тэрыторыі пасьля 24 лютага з удзелам расейскіх войскаў.
«Мы прыкладзём усе намаганьні, каб прыцягнуць прэзыдэнта Пуціна і архітэктараў і саўдзельнікаў гэтай агрэсіі, уключаючы рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасьці за іх дзеяньні ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, — гаворыцца ў заяве. — Для гэтага мы будзем працягваць працаваць разам з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі па ўсім сьвеце».
Саўдзельнікам у вайне Расеі супраць Украіны Лукашэнку ў размове са Свабодай назвала і намесьніца памочніка дзяржсакратара ЗША Робін Данігэн.
Юрыстка-міжнародніца, кандыдатка юрыдычных навук, экспэртка БХК Кацярына Дэйкала ў размове са Свабодай тлумачыць, ці можа трапіць Лукашэнка на лаву падсудных за падзеі ва Ўкраіне і пры якіх умовах гэта магчыма.
1. Гэта фантастыка, тэарэтычныя пагрозы ці не?
Паводле афіцыйнай пазыцыі АБСЭ, Беларусь на дадзеным этапе ня лічыцца ўдзельніцай канфлікту, нават нягледзячы на тое, што зь яе тэрыторыі Расея абстрэльвала Украіну ракетамі, а таксама што Беларусь дазваляла арміі РФ карыстацца сваёй цывільнай і вайсковай інфраструктурай, зьвяртае ўвагу экспэртка.
«Гэтаксама і краіны NATO, якія пастаўляюць узбраеньні Ўкраіне, не зьяўляюцца яго ўдзельнікамі, — дадае Дэйкала. — Ваюе Ўкраіна з Расеяй. Гэта што датычыць рэпарацый, стратаў, нанесенай шкоды і гэтак далей. Але ёсьць тое, за што можа і павінна несьці адказнасьць Беларусь. Тут, праўда, таксама трэба падзяляць — дзяржаву і асабіста Лукашэнку. Дык вось беларуская дзяржава парушыла ў дачыненьні да Ўкраіны як мінімум прынцып непрымяненьня сілы і пагрозы сілай. Можна яшчэ падняць украінска-беларускія дамовы, якія таксама былі парушаныя».
Таму, паводле экспэрткі, нават без удзелу беларускіх войскаў у вайне прадстаўнікі афіцыйнага Менску могуць паўстаць перад судом, на якім будзе разглядацца вайна Расеі супраць Украіны.
2. Доказы злачынстваў зьбірае Міжнародны крымінальны суд. Што гэта такое
Аб працы спэцыялістаў Міжнароднага крымінальнага суду на тэрыторыі Ўкраіны стала шырока вядома на пачатку красавіка 2022 году, калі расейскія войскі адступілі ад Кіева і яго прыгарады зноў вярнуліся пад кантроль Украіны. Экспэрты МКС, у прыватнасьці, працавалі ў Бучы, дзе былі знойдзеныя дзясяткі целаў забітых мірных жыхароў.
Міжнародны крымінальны суд быў створаны ў канцы 90-х гадоў у выніку падпісаньня Рымскага статуту больш як 120 краінамі сьвету для расьсьледаваньня злачынстваў генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасьці, вайсковых злачынстваў і злачынстваў агрэсіі. І Расея, і Ўкраіна першапачаткова падпісалі Рымскі статут, аднак Кіеў яго так і не ратыфікаваў, а Расея пасьля 2014 году адклікала свой подпіс. Цяпер спэцыялісты МКС працуюць ва Ўкраіне на спэцыяльнае запрашэньне ўкраінскіх уладаў.
«Для таго, каб у Міжнародным крымінальным судзе пачаўся разгляд справы ў дачыненьні да нейкай службовай асобы, злачынства павінна быць зьдзейсьнена на тэрыторыі дзяржавы – удзельніцы Рымскага статуту, альбо гэтая асоба павінна быць грамадзянінам гэтай дзяржавы, — тлумачыць Кацярына Дэйкала. — Выключэньне, якое дазваляе разглядаць справы ў іншых выпадках, — гэта калі Рада Бясьпекі ААН перадае Міжнароднаму крымінальнаму суду такія паўнамоцтвы. Абавязвае суд расьсьледаваць канкрэтную справу. Тады ўжо няважна, была ратыфікацыя ці не».
Фізычна Міжнародны крымінальны суд знаходзіцца на тэрыторыі Нідэрляндаў у Гаазе, тамсама разьмешчаны і суд ААН, іншыя ўстановы. Беларусь да Рымскага статуту не далучалася, таму яе грамадзян, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку, судзіць у МКС могуць толькі на рашэньне Рады Бясьпекі ААН.
3. Як такі працэс выглядае тэхнічна? Як заводзіцца крымінальная справа, адбываюцца арышт фігуранта і суд?
Перад тым як абвясьціць выяўленага злачынцу ў вышук праз структуру МКС, працуе офіс пракурора. Вядзецца праверка і расьсьледаваньне. Акурат гэта цяпер адбываецца на тэрыторыі Ўкраіны ў Бучы і іншых месцах. Увогуле, як кажа Кацярына Дэйкала, МКС працуе ва Ўкраіне, пачынаючы з 2015 году. Дагэтуль галоўным чынам на тэрыторыі Данбасу.
«Калі папярэдняе сьледзтва заканчваецца, то пракурор зьвяртаецца ў дасудовую палату, — кажа юрыстка-міжнародніца. — Тая прымае рашэньне аб завядзеньні справы, альбо аб адмове ад завядзеньня. Калі справа распачатая, то пракурор хадайнічае аб выдачы ордэраў на арышт канкрэтных асобаў. І суд іх выдае. Але гэта толькі палова справы. Суд вельмі моцна залежыць ад таго, наколькі сумленна зь ім супрацоўнічае дзяржава. МКС ня мае свайго апарату, каб езьдзіць і шукаць усіх, на каго выпісалі ордэр. Узьнікае пытаньне, як даставіць такіх людзей у суд. Таму што ён не разглядае справы завочна. Бывала такое, што ордэр на арышт і 10 гадоў працягваўся. Спакойна сабе чакаў».
Якім будзе рашэньне пракурора ў справе аб злачынствах ва Ўкраіне, пакуль незразумела. Афіцыйна пра ход расьсьледаваньня і яго магчымае завяршэньне не паведамлялася.
4. За што канкрэтна могуць пакараць беларускія ўлады, калі яны будуць прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны?
«Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для зьдзяйсьненьня акту агрэсіі, — кажа Кацярына Дэйкала. — Гэта было сьвядома. Лукашэнка гэта робіць дзеля таго, каб атрымаць сваю асабістую выгаду — застацца ва ўладзе. І вось за гэта — так, яго могуць пакараць. За саўдзел у акце агрэсіі. Далей паўстае пытаньне, адказвае за гэта дзяржава ці індывідуальна тыя, хто прымаў рашэньні. Тут можа быць і так, і так. Будзе залежаць ад таго, хто і якія менавіта прымаў рашэньні, якія выстаўляюцца прэтэнзіі. Але прыцягнуць асабіста Лукашэнку да адказнасьці рэальна. Менавіта за дазвол скарыстаць тэрыторыю».
Тое, што беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну і абстрэлаў яе тэрыторыі расейскімі ракетамі, адкрыта прызнаваў і сам Лукашэнка. Ён гэта тлумачыў неабходнасьцю нанесьці па Ўкраіне папераджальны ўдар.
5. Якія прыклады такой сытуацыі ёсьць у гісторыі: Нюрнбэрг, працэс над Мілошавічам?..
Па словах Кацярыны Дэйкалы, пачаць справу і правесьці міжнароднае расьсьледаваньне — значна меншая праблема, чым рэальна прыцягнуць злачынцаў да адказнасьці. Асабліва калі такі злачынца — кіраўнік дзяржавы. Галоўная складанасьць — у дастаўцы абвінавачаных на судовы працэс.
«Прэзыдэнта Судану Аль-Башыра хацелі арыштаваць за падзеі ў Дарфуры (этнічныя чысткі сярод праціўнікаў ураду ў суданскай правінцыі Дарфур. — РС), — расказвае Кацярына. — Ордэр на яго арышт быў першапачаткова выдадзены ў 2009 годзе. Пасьля гэтага Аль-Башыр ва ўладзе быў яшчэ 10 гадоў, пакуль яго ня зрынулі ў 2019-м. За гэтыя 10 гадоў ён езьдзіў па афрыканскіх дзяржавах, ніхто яго не арыштоўваў. У тым ліку тыя дзяржавы, якія маюць абавязаньні аб супрацоўніцтве зь Міжнародным крымінальным судом (сярод іх Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. — РС). Узьнікалі пытаньні дыпляматычнага імунітэту. Але ў выніку Аль-Башыра зрынулі, і спачатку новыя ўлады Судану хацелі самастойна яго судзіць, але пасьля пагадзіліся выдаць МКС. (Пакуль ён не асуджаны, працэс не распачаўся. — РС)»
У 2011 годзе Міжнародны крымінальны суд выдаў санкцыю на арышт кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, аднак у тым жа годзе Кадафі быў забіты паўстанцамі і да працэсу не дажыў.
6. Хто яшчэ зь беларускіх чыноўнікаў, акрамя Лукашэнкі, можа трапіць на лаву падсудных праз разьвязваньне вайны ва Ўкраіне?
«Тут важна, што ў Міжнародным крымінальным судзе неабходна, каб быў даказаны суб’ектыўны бок, — кажа Кацярына Дэйкала. — То бок тут прымяняецца крымінальнае права. Асоба падлягае пакараньню толькі ў тым выпадку, калі злачынства было зьдзейсьнена мэтанакіравана і сьвядома. Важна, каб гэта было даказана. Асобна разьбіраецца вінаватасьць кожнай асобы. Нельга прыцягнуць некага толькі за тое, што ён быў ва ўрадзе Лукашэнкі. Трэба таксама разумець, што аб’ём іх дзеяньняў у дачыненьні да Ўкраіны нашмат меншы, чым аб’ём таго, што такія асобы робяць у дачыненьні да Беларусі. Але тэарэтычна — так, усе яны могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці, калі будзе даказаная іх віна».
Экспэртка дадае, што і Лукашэнку, і іншых беларускіх афіцыйных асобаў Міжнародны крымінальны суд зможа асудзіць толькі ў тым выпадку, калі Беларусь далучыцца да Рымскага статуту. Гэта, імаверна, можа адбыцца толькі пасьля зьмены ўлады ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: да забойстваў у Бучы маюць дачыненьне байцы Расгвардыі і чачэнскія войскі7. Ці могуць судзіць Лукашэнку не міжнародныя структуры ў Гаазе, а нацыянальны суд ва Ўкраіне ці іншыя адказныя структуры?
«Вядома, могуць, — кажа экспэртка. — Тут перадусім варта разумець, што, акрамя міжнародных судоў, такія злачынствы могуць расьсьледавацца і на нацыянальным узроўні. Шматлікіх нацысцкіх злачынцаў судзілі і ў самой Нямеччыне, і дагэтуль судзяць. Завесьці ў той жа Украіне справу могуць. Па-мойму, там ужо пачалі нават некалькі такіх спраў супраць замежных грамадзян. Але пытаньне ў рэальным ажыцьцяўленьні правасудзьдзя. Гэта не павінна быць завочна, гэта ня мае ніякага сэнсу. І яшчэ пытаньне ў тым, хто ж яго выдасьць. Ён грамадзянін Беларусі. Усё гэта можа адбывацца, вядома, але пасьля зьмены ўлады ў Беларусі».
Кацярына Дэйкала нагадвае, што, акрамя нацыянальных і Міжнароднага крымінальнага суду, ёсьць яшчэ магчымасьць стварэньня адмысловых трыбуналаў з нагоды канкрэтных злачынстваў. Так некалі праводзілі Нюрнбэрскі працэс, Такійскі працэс (на ім судзілі кіраўніцтва Японіі. — РС), трыбунал па Югаславіі, Руандзе і іншыя. Пры гэтым усе міжнародныя трыбуналы ствараліся рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН.
«Пры цяперашнім раскладзе сіл у Радзе Бясьпекі ААН яе дазвол на стварэньне нейкага міжнароднага трыбуналу па Ўкраіне немагчымы, — мяркуе Кацярына Дэйкала. — Нейкія пагадненьні з Расеяй таксама немагчымыя, пакуль там ня зьменіцца ўлада, якая пагадзілася б на трыбунал і была б сама зацікаўленая ў гэтым. Імаверны варыянт Нюрнбэргу, але ён магчымы, толькі калі Расея будзе цалкам пераможаная. І Беларусі гэта таксама датычыць. Пры зьмене ўлады на дэмакратычны ўрад усё магчыма. Там ужо маса варыянтаў — сумесныя трыбуналы, міжнародныя, Міжнародны крымінальны суд. Тады гэта ўсё нашмат рэальней».