«На тым, што ёсьць унутры турмы, выжываць вельмі цяжка»
Актывіст Аляксандар (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы), які дапамагае палітвязьням, падзяліўся сваімі парадамі. Хлопец кажа, што ёсьць просты адказ на тое, чаму вельмі важна цяпер дапамагаць вязьням: людзі сядзяць, а мы — не.
«Беларуская рэальнасьць — гэта амаль амаль паўтары тысячы палітвязьняў. Яна і прычына, і наступства крызісу ў нашай краіне. Шмат людзей знаходзіцца ў турме пад ціскам, праходзяць празь вялікае выпрабаваньне, і я ўпэўнены, што любы з нас быў бы рады, калі б нам казалі: „Усё будзе добра, ты не адзін“. Палітвязьням часта патрэбна проста падтрымка. І ўсе мэханізмы, якія спрабуюць данесьці розныя ініцыятывы дапамогі палітвязьням, накіраваныя на падтрымку», — кажа актывіст Аляксандар.
Спэктар дапамогі вялікі, адзначае актывіст. Пачаць можна са звычайнага ліста ці паштоўкі.
«Можна даслаць віншаваньні з днём народзінаў, а потым перайсьці да больш складаных, але цікавых рэчаў, як збор пасылак. Па-ранейшаму гэта вельмі актуальная рэч, асабліва для ня самых вядомых палітвязьняў. Часта гэта людзі зь бедных сем’яў, дзе пасылкі сабраць становіцца сапраўды рэальнай падтрымкай. На тых рэчах, што ёсьць унутры турмы, выжываць вельмі цяжка, а падтрымка — гэта ежа, сродкі гігіены, што заўгодна. Гэта па-ранейшаму зручна рабіць зь Беларусі».
Актывіст дадае, што вельмі важна адрозьніваць пасылку і перадачу ў СІЗА.
«Перадачы — гэта тое, што даецца ў акенца ў СІЗА, і гэтым займацца бязь ведама сваякоў ня варта ні ў якім разе, бо там усё ідзе пад лік, на пэўную вагу. Калі не ўзгадніць, палітвязьні могуць не атрымаць чагосьці важнага. А вось пасылка адпраўляецца з пошты бандэрольлю, тут няма асаблівай небясьпекі, што вы адправіце нешта ня тое, асабліва, калі гаворка ідзе пра ня самых вядомых палітвязьняў. Часьцей за ўсё людзі адпраўляюць ласункі, каву, гарбату, яшчэ больш каштоўнымі будуць гародніна, садавіна. Але гэта для людзей у СІЗА, у якіх яшчэ не было суду. Калі людзей перавезьлі ў калёнію, то так дапамагчы, на жаль, не атрымаецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры кураць бясконца». Палітвязень Грузьдзіловіч параўнаў магілёўскую турму і «Валадарку»«Людзям заўжды патрэбна дапамога — ад нарыхтоўкі дроў да зімовай курткі»
Зь Беларусі вельмі зручна рабіць грашовыя пераводы, кажа Аляксандар.
«Ва ўсіх палітвязьняў ёсьць турэмны рахунак, якім яны могуць карыстацца для пакупак у турэмнай краме. Гэты рахунак можна папаўняць нават праз інтэрнэт-банкінг. Ня трэба перасылаць касьмічныя сумы, бо часта нават 5-10 рублёў ад некалькіх чалавек ператвараюцца ў 60-100. Вязьні на іх могуць купіць сапраўды карысныя рэчы, пачынаючы ад нармальнай туалетнай паперы да цукру. Гэта рэальная дапамога, якую мы ў сваім жыцьці, можа, ня так заўважаем, а вось у абмежаваных побытавых умовах гэта вельмі шмат».
Таксама можна ахвяраваць грошы сем’ям палітзьняволеных.
«Многія лічаць, што бясьпечней рабіць ахвяраваньні з-за мяжы, але сама па сабе магчымасьць рабіць гэта і зь Беларусі існуе. Варта разумець абсалютна простыя рэчы: калі сямʼя аказваецца без карміцеля — гэта дужа складана. Дапамагчы семʼям ахвяраваньнямі — гэта часта значная дапамога для людзей, крыніца дадатковага даходу».
Часта сем’ям вязьняў патрэбна розная дапамога: пакасіць траву, адрамантаваць мэблю, пасядзець зь дзецьмі і іншае. Ініцыятывы dissident.by i politzek.me дзеляцца інфармацыяй, што і каму неабходна цяпер.
«Яны імкнуцца публікаваць абʼявы, і гэта дапамагае знайсьці адзін аднаго. Людзям заўжды патрэбна дапамога — ад „насекчы дроў“ да зімовай курткі. Любая ўвага заўсёды вельмі падтрымлівае саміх палітвязьняў і іх блізкіх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На цяжарную Насту Дашкевіч завялі крымінальную справу за «масавыя беспарадкі». Яе мужа Зьмітра арыштавалі ранейШто рабіць, калі блізкія палітвязьняў просяць не пісаць лістоў, не адпраўляць пасылак?
«Варта ставіцца з разуменьнем да такіх просьбаў, нават калі мы бываем ня згодныя з гэтым, — кажа Аляксандар. — Але ня трэба ставіць на гэтым кропку. Магчыма, празь месяц можна будзе вярнуцца да напісаньня лістоў чалавеку, якому цяпер прасілі не пісаць. На жаль, відавочна, што мы ў гэтай сытуацыі ўжо доўга знаходзімся і, магчыма, яшчэ будзем знаходзіцца. Я б не ўспрымаў просьбы блізкіх, як „усё, канец“. І што рабіць у прамежак часу, пакуль блізкія просяць не пісаць? Выбар, на жаль, вялікі. Палітвязьняў шмат, многія не атрымліваюць ніякай увагі».
Тут актывіст раіць заглянуць на сайт ініцыятывы.
«Там ёсьць такія разьдзелы палітвязьняў па групах: непаўналетнія, выкладчыкі, бацькі маленькіх дзяцей, дактары. Таксама можна ўбачыць колькасьць сяброў вязьняў. Ёсьць шмат спосабаў знайсьці тых, каму пішуць менш, у каго менш падтрымкі. Я заклікаю проста выдаткаваць трохі часу і павывучваць розныя ініцыятывы, бо ўсе імкнуцца працаваць над тым, каб інфармацыя была зразумелая. Паспрабуйце знайсьці тых, каму дапамагаюць менш, або проста блізкіх вам па духу людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён атрымлівае лісты толькі ад пяці чалавек». Ігар Лосік за кратамі 685 дзён«Лісты могуць быць праявай грамадзянскай актыўнасьці»
Аляксандар заўважае, што і з-за мяжы лісты даходзяць добра.
«Цяжэй, вядома, бывае атрымаць адказ, бо ў палітвязьня павінна быць дастатковая колькасьць марак. Вы ня можаце іх даслаць, вязень мусіць іх купляць у турэмнай краме. Часта людзі ў Беларусі ня пішуць вязьням празь небясьпеку, але за мяжой такая праблема зьнікае. І гэты жанр „дагрукацца да цэнзараў“ цалкам ганарова выкарыстоўваюць. Зразумела, што гэта вельмі прыемна — атрымліваць адказ, гэта натхняе; здаецца, што ёсьць вынік ад твайго дзеяньня, але і калі цэнзары, супрацоўнікі розных устаноў бачаць, колькі падтрымкі мае зьняволены, паверце, гэта вельмі моцна ўплывае на ўспрыманьне саміх палітвязьняў, як да іх будуць ставіцца, выпадковы гэта чалавек ці не. І лісты для кагосьці могуць быць праявай грамадзянскай актыўнасьці».
Больш інфармацыі пра перадачы, пасылкі, як пісаць лісты, каму і як дапамагаць, можна знайсьці на сайтах і ў сацыяльных сетках politzek.me, dissident.by, фонду «Страна для жизни».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж ГУЛАГам і Акрэсьціна. Чаму ў брэжнеўскім СССР было лепш, чым у сёньняшняй БеларусіЯк дапамагаць палітвязьням. Сьцісла
- Напісаць ліст, паслаць паштоўку;
- Адправіць пасылку з ласункамі ў СІЗА;
- Адправіць грошы на турэмны рахунак палітвязьня;
- Заданаціць сем’ям палітвязьняў;
- Дапамагчы блізкім зьняволеных: пакасіць траву, пасядзець з дзецьмі і г.д.