Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін скажае гісторыю, каб апраўдаць жорсткую вайну супраць Украіны.
«Прэзыдэнт Пуцін спрабуе перакруціць гісторыю, каб апраўдаць сваю нічым не справакаваную і жорсткую вайну супраць Украіны. Тыя, хто вывучае мінулае, ведаюць, што прэзыдэнт Зяленскі і адважны народ Украіны ўвасабляюць дух тых, хто перамог падчас Другой сусьветнай вайны. Яны мужна абараняюць сваю краіну, сваю дэмакратыю і законную будучыню Ўкраіны ў цэлай, свабоднай і мірнай Эўропе», — сказаў ён у заяве да 77-й гадавіны Дня Перамогі, які ў Эўропе адзначаецца 8 траўня.
Блінкен сказаў, што, паколькі Эўропа зноў знаходзіцца ў стане вайны, Злучаныя Штаты «павінны ўзмацніць сваю рашучасьць супрацьстаяць тым, хто цяпер імкнецца маніпуляваць гістарычнай памяцьцю, каб прасоўваць свае ўласныя амбіцыі».