Многія прыйшлі з чырвонымі і белымі кветкамі.
На цырымоніі разьвітаньня, сярод іншых, прысутнічае надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, які ў пачатку году на патрабаваньне беларускіх уладаў вымушана выехаў зь Беларусі.
Некаторыя амбасады прынесьлі свае вянкі памяці Станіславу Шушкевічу.
Першыя шэрагі зарэзэрваваныя для дыпляматычнага корпусу. Ёсьць відэакамэра дзяржаўнага каналу СТВ.
На разьвітаньні таксама прысутнічала Эльжбета Смулкова, дасьледчыца польска-беларуска-літоўскага моўнага памежжа, першая амбасадарка Польскай Рэспублікі ў Беларусі.
Былі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў: старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і ягоны намесьнік Валер Ухналёў, кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, дэпутат Вярхоўнага Савета XII скліканьня, экс-старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.
«Ён ня быў актыўным вернікам, але быў выхаваны як каталік. Успамінаў сваю бабулю, якая была шчырай каталічкай. Станіслаў, будучы навукоўцам, неаднаразова казаў, што толькі прыродазнаўчымі навукамі немагчыма растлумачыць зьяўленьне жыцьця.
Яго жыцьцё прыпала на час вялікіх выпрабаваньняў і зьменаў у нашай краіне. Дзякуючы Станіславу Станіслававічу вернікам была вернутая катэдра, дзе мы цяпер знаходзімся», — сказаў падчас цырымоніі ксёндз Юзаф Станеўскі.
«Тое, што адбылося 8 сьнежня 1991 году ў Віскулях, — гэта пачатак новай гісторыі нашай краіны. І там быў ты, спадар Станіслаў! Ты таксама быў творцам таго дакумэнту, дзякуючы якому мы атрымалі Незалежнасьць. Сёньня мы дзякуем табе.
Дзякуем таксама табе, за тваю адкрытасьць, тваё адкрытае сэрца. Дзякуем табе, за тое, што ты вялікую ўвагу зьвяртаў на права чалавека на рэлігійную свабоду, якая зьяўляецца адным з асноўных праў чалавека», — сказаў падчас цырымоніі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На цырымоніі разьвітаньня яе ўдзельнікі, сярод іншага, памаліліся за тых, хто загінуў у цяперашняй вайне ва Ўкраіне.
Калі выносілі труну, аплядысмэнты доўжыліся больш за 10 хвілінаў. На разьвітаньні ў касьцёле не было заўважана ніводнага вянка зь дзяржаўнай сымболікай.
На разьвітаньні са Станіславам Шушкевічам на Паўночных могілках Менску труну накрылі бел-чырвона-белым сьцягам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску разьвітваюцца са Станіславам Шушкевічам. Фота ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава Шушкевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Станіслаў Шушкевіч. Выбраныя цытаты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За два дні пасьля сьмерці Шушкевіча Лукашэнка і Палата прадстаўнікоў ня выказалі спачуваньняў