3 траўня ў 23:35 у Менску памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Палітыку было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі зь лякарні, але хвароба ўжо падарвала здароўе палітыка.
Станіслаў Шушкевіч быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук, у 1991–1994 кіраваў Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня. Адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР. На сьмерць палітыка адгукнуліся вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы, інтэлектуалы ва ўсім сьвеце.
Спачуваньні з нагоды сьмерці Станіслава Шушкевіча выказалі, сярод іншых, дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, палітык Зянон Пазьняк, Андрэй Саньнікаў, Аляксандар Мілінкевіч і многія іншыя палітычныя, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі.
Сярод прадстаўнікоў замежжа, у прыватнасьці, спачуваньні з нагоды сьмерці Станіслава Шушкевіча выказалі:
- дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен,
- прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і кіраўніца літоўскага ўраду Інгрыда Шыманіце,
- міністар замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч,
- міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў,
- спэцыяльны прадстаўнік МЗС Францыі ў пытаньнях Беларусі Нікаля дэ Лякост,
- амбасадарка Джулі Фішэр, спэцыяльная пасланьніца ЗША ў Беларусі,
- экс-кіраўнік ураду Ўкраіны Вітольд Фокін,
- амбасадар Славакіі ў Расеі Любамір Рэгак,
- амбасада Швэцыі ў Менску.
Дыпляматы ЗША, Літвы і Францыі ўсклалі кветкі да часовага мэмарыялу, арганізаванага ў Вільні ў Беларускім доме, і пакінулі запісы ў жалобнай кнізе памяці першага кіраўніка незалежнай Беларусі, які памёр 3 траўня. Таксама запіс у жалобнай кнізе прыйшоў пакінуць першы кіраўнік Літвы пасьля аднаўленьня яе незалежнасьці ад СССР Вітаўтас Ландсбергіс.
Афіцыйныя беларускія ўлады дасюль ніяк не адрэагавалі на сьмерць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Спачуваньняў з нагоды сьмерці палітыка па стане на 11 гадзін 6 траўня не было ні ад Аляксандра Лукашэнкі, ні ад прадстаўнікоў беларускага ўраду — на момант публікацыі на сайтах Лукашэнкі і Палаты прадстаўнікоў Беларусі ніводнай згадкі пра Шушкевіча няма.
Разьвітаньне са Станіславам Шушкевічам адбудзецца ў суботу, 7 траўня ў архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшага Імя Марыі ў Менску (плошча Свабоды, 9):
- У 10:00 будзе магчымасьць разьвітацца ў цішыні і памаліцца.
- А 12:00 — пахавальная Сьвятая імша.
Паводле кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Сяргея Чэрачня, труна зь целам Станіслава Шушкевіча будзе выстаўленая ў касьцёле з 20:00 у пятніцу 6 траўня.