«Станіслаў Шушкевіч, безумоўна, фігура вялікага маштабу. У гісторыі ён назаўсёды застанецца як адзін з кіраўнікоў трох дзяржаў, якія падпісалі ў сьнежні 1991 году Белавескія пагадненьні — „Пагадненьні аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў“. Тыя, хто кажа, што гэтыя пагадненьні развалілі Савецкі Саюз, вельмі далёкія ад праўды. СССР быў даўно мёртвы, а лідэры Расеі, Украіны і Беларусі ў Белавескай пушчы проста юрыдычна канстатавалі гэты бясспрэчны факт. І стварылі СНД», — гаворыцца ў прэс-рэлізе-нэкралёгу «Ельцин-центра».
«Двойчы Станіслаў Станіслававіч вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру, — зазначае „Ельцин-центр“. — Пасьля адстаўкі з пасады кіраўніка дзяржавы палітыкі ня кінуў, але быў не такі прыкметны. Усе, каму давялося размаўляць са Станіславам Шушкевічам, адзначалі яго стрыманасьць, ураўнаважанасьць і мяккасьць. Станіслаў Станіслававіч заўсёды ахвотна прымаў запрашэньні ўзяць удзел у мерапрыемствах „Прэзыдэнцкага цэнтру Б.М.Ельцына“».
«„Ельцин-центр“ і сямʼя першага прэзыдэнта Расеі выказваюць спачуваньні родным і блізкім Станіслава Станіслававіча Шушкевіча», — гаворыцца ў нэкралёгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разьвітаньне са Станіславам Шушкевічам адбудзецца 6-7 траўня«Ельцин-центр» адзначае, што ў ягоным архіве ёсьць вялікае інтэрвію са Станіславам Шушкевічам, запісанае ў 2011 годзе для праекту «Дзевяностыя. Ад першай асобы».
87-гадовы Шушкевіч памёр у ноч з 3 на 4 траўня ў Менску ад наступстваў каранавірусу. У сьнежні 1991 году разам з Барысам Ельцыным (1931–2007) і прэзыдэнтам Украіны Леанідам Краўчуком (нарадзіўся ў 1934 годзе) падпісаў Белавескія пагадненьні.
Беларускія афіцыйныя асобы ніяк не адрэагавалі на сьмерць Шушкевіча, які быў у апазыцыі да іх. Разьвітаньне зь першым кіраўніком незалежнай Беларусі пройдзе з 20 гадзіны 6 траўня да 14 гадзіны 7 траўня ў Архікатэдральным касьцёле Панны Марыі на плошчы Свабоды ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За два дні пасьля сьмерці Шушкевіча Лукашэнка і Палата прадстаўнікоў ня выказалі спачуваньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава Шушкевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Станіслаў Шушкевіч. Выбраныя цытаты