З авіяцыяй, артылерыяй і пяхотай ідзе штурм «Азоўсталі», — полк «Азоў»

Украінскія часткі, у тым ліку полк «Азоў», другі месяц запар аказваюць супраціў у Марыюпалі

Штурм «Азоўсталі» працягваецца, расейскія войскі выкарыстоўваюць авіяцыю, артылерыю і пяхоту, паведамляе полк «Азоў».

«Штурм „Азоўсталі“ працягваецца! Абаронцы пад шчыльным агнём утрымліваюць абарону заводу. Вораг ужывае авіяцыю, артылерыю і пяхоту», — паведамляе полк «Азоў» у Тэлеграме.

4 траўня гарадзкія ўлады Марыюпалю паведамілі аб страце сувязі з украінскімі вайскоўцамі, якія абараняюць «Азоўсталь».

Пасьля ў камэнтары для Радыё Свабода кіраўнік дэлегацыі Ўкраіны на перамовах з Расеяй Давід Арахамія паведаміў, што на вечар 4 траўня ўкраінскія ўлады маюць сувязь з абаронцамі Марыюпалю, а вайскоўцы Расеі прарваліся на тэрыторыю прадпрыемства.

Увечары 4 траўня «Азоў» пацьвердзіў, што на «Азоўсталі» ў Марыюпалі сытуацыя вельмі складаная, працягваюцца цяжкія баі, але ўкраінскія вайскоўцы трымаюць абарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка пісьменьніка Сашы Філіпенкі пайшла ў заклад з маці, што ў Расеі нельга пратэставаць супраць вайны. Вось што атрымалася

21 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў войскам РФ заблякаваць кантраляваны ўкраінскімі сіламі мэталюргічны камбінат «Азоўсталь» у Марыюпалі так, «каб муха не праляцела», а прапанаваны «штурм прамзоны «Азоўсталі» нібыта аддаў загад адмяніць з прычыны немэтазгоднасьці.

Марыюпаль быў ачэплены расейскімі войскамі яшчэ ў першыя некалькі сутак шырокамаштабнага ўварваньня Расеі, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні, сярод якіх полк «Азоў», супраціўляюцца ў прыазоўскім горадзе ўжо другі месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: да забойстваў у Бучы маюць дачыненьне байцы Расгвардыі і чачэнскія войскі