Паводле Міністэрства аховы здароўя, у «ЛОДЭ» нібыта знайшлі парушэньні, якія могуць прычыніць «шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян». Глядзім, што пісалі пра цэнтар людзі.
На сайце 103.by можна паглядзець водгукі пацыентаў на розных беларускіх лекараў, у тым ліку з прыватных цэнтраў. Мы прагледзелі больш за 50 водгукаў на дактароў цэнтру «ЛОДЭ», збольшага яны пазытыўныя.
«Жадаю выказаць велізарную падзяку Пласконнаму Івану Анатолевічу за праведзеную апэрацыю. Я вельмі задаволеная вынікам, рэабілітацыя прайшла наогул лёгка і бязбольна, што таксама гаворыць аб правільнасьці правядзеньня апэрацыі. Не магу не адзначыць і стаўленьне Івана Анатолевіча да сваіх пацыентаў, ён заўсёды на сувязі, супакоіць і падкажа! Дадаткова хацелася б падзякаваць анэстэзіёлягу і ўсяму пэрсаналу, які працуе ў вашым цэнтры, вельмі ўважлівыя і ветлівыя», — напісала пацыентка Ірына якраз 5 траўня, калі стала вядома, што ў цэнтру забралі ліцэнзію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прыпынілі ліцэнзіі кампаній «ЛОДЭ» і «Клініка А1». Што пра іх вядомаІншыя пацыенты пісалі такія водгукі да сваіх дактароў з «ЛОДЭ» і раней.
«Дзякуй вялікі Кагалёнак Натальлі Мікалаеўне, за добрае даступнае тлумачэньне-правядзеньне УЗІ. Дакладнасьць у сваёй справе, падбор патрэбных слоў (зразумелых), а ня выразы толькі мэдычнымі тэрмінамі. Адчуваецца рука прафэсіянала, граматнасьць», — напісала 26 красавіка пацыентка Тацяна.
«Уважлівы лекар. Усё расклала па палічках, расказала прычыну маіх праблем. Стала разы ў два лягчэй пасьля тлумачэньняў. Зразумеў, што ўся справа ў маім адчуваньні рэальнасьці, а не ў самой рэальнасьці, і што зараз трэба над гэтым працаваць і мяняцца», — напісаў пацыент Аляксандар 25 красавіка.
На 9 пазытыўных водгукаў знаходзім першы нэгатыўны: пацыентцы не спадабалася, што яе не прынялі пасьля спазьненьня.
«На жаль, спазьненьне больш як на 5 хвілін зьяўляецца падставай не прыняць дзіця, нават калі нам экстранна патрэбная дапамога. Патэлефанавалі, папярэдзілі, што спазьняемся з-за таго, што не маглі выклікаць таксі. Ну, ўсякае ў жыцьці здараецца, і такое бывае. (На што мне адказалі, што нас ня прымуць, можам перанесьці запіс», — напісала пацыентка Кацярына.
Яшчэ адной пацыентцы не спадабаўся прыём у лекара.
«Упершыню пішу водгук. Гэта лекар, які ня слухае пацыента. На пытаньні адказвае груба. Апісваючы боль у горле, лекар даказваў, што гэта ня боль і я перабольшваю. Судзячы па апісаньні, гэта дзіцячы ЛОР, таму незразумела, чаму мяне накіравалі да яго. Лекар правяраў горла мэталічнай і драўлянай палачкай вельмі неакуратна, хоць я чакала больш сучаснага абсталяваньня, якое зараз ёсьць», — напісала пацыентка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта дзяржава атакуе прыватную мэдыцынуАдміністрацыя адказвае на ўсе водгукі
Варта адзначыць, што на ўсе запісы, як пазытыўныя, так і нэгатыўныя, «ЛОДЭ» адказвае. Ёсьць адказ і на скаргу са спазьненьнем.
«Нам вельмі шкада, што ўзьніклая сытуацыя пакінула ў Вас нэгатыўныя ўражаньні аб працы нашага цэнтру. Па факце Вашага водгуку праведзены службовы разгляд. Апэратар кол-цэнтру дзейнічаў паводле альгарытму, пры якім пры паведамленьні аб спазьненьні пацыенту рэкамэндуюць перанесьці запіс на іншы зручны для яго час», — напісала адміністрацыя цэнтру.
У выпадку скаргі на агляд ЛОР-спэцыялістам пацыентцы проста прапанавалі іншага доктара ў адказ на скаргу на сайце і выбачыліся.
Доўгія суды і выплата кампэнсацыі
Адна з гісторый наведваньня «ЛОДЭ» скончылася гучнай гісторыяй, у якой было некалькі судоў і выплата пацыентцы кампэнсацыі.
У 2015 годзе Onliner апублікаваў гісторыю дзяўчыны, якая расказала, што пры звароце ў мэдцэнтар ёй паставілі ня той дыягназ, і ў выніку анкалёгія была выяўлена на позьняй стадыі.
Тады лекар зьвярнуўся ў суд з пазовам і да дзяўчыны, і да рэдакцыі, якая апублікавала матэрыял. Дзяўчына таксама зьвярнулася з пазовам у суд і выйграла. Суд пастанавіў, што ёй трэба выплаціць кампэнсацыю ў памеры 25 тысяч рублёў, а таксама вярнуць 25 рублёў, заплачаных за паслугу.
Лекар спрабаваў аспрэчыць рашэньне, але суд канчаткова стаў на бок дзяўчыны.
«ЛОДЭ» цяпер
На цяперашні час «ЛОДЭ» мае 6 цэнтраў у Менску, 2 у Берасьці і 2 у Горадні.
Таксама «ЛОДЭ» мае свой пансіянат на беразе Лепельскага возера, які зьявіўся ў 2004 годзе. У мэдцэнтры працуе больш за 1600 чалавек, зь іх 1000 — лекары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ангельцы на чатырох машынах прыбылі зь Львова». Лукашэнка працягвае расказваць, што злачынствы расейцаў у Бучы — фэйк